Кім хацела стаць у дзяцінстве оталарынголаг Іна Юркойць

11:34 / 19.06.2020
Без малога тры дзесяцігоддзі дзіцячы оталарынголаг Іна Юркойць працуе ў медыцыне. Да кожнага маленькага пацыента ўрач знаходзіць падыход.

2.jpg– Я была хваравітым дзіцем, таму не па чутках ведала, што такое горкія пігулкі і балючыя ўколы. У дзяцінстве часта гуляла ў доктара: усе лялькі былі са слядамі ад уколаў, – з усмешкай узгадвае Іна Рамуальдаўна. – Праўда, прафесійна зай­мацца гэтым не марыла. 

Іна бачыла сябе на сцэне і больш нідзе. Пасля школы яна вырашыла паступаць на акцёрскае аддзяленне тэат­ральна-мастацкага інстытута. Больш таго, прайшла праз «сіта» першага адборачнага тура.

– Конкурс быў проста неверагодны. Я зразумела, што мне, вясковай дзяў­чынцы, нічога не свеціць: прыродных дадзеных недастаткова, – працягвае жанчына. – Я паступіла ў мінскае медыцынскае вучылішча №2, цяпер гэта каледж, але з марай пра тэатр не развіталася: каля двух гадоў займалася ў тэатральнай студыі пры аўтазавадскім Доме культуры. Толькі дарога туды і назад займала каля дзвюх гадзін. Заняткі нам  перанеслі на другую змену, і ў маім жыцці галоўную ролю заняла медыцына.

Вучылішча Іна скончыла з чырвоным дыпломам. Выпускніцу размеркавалі ў Гро­дзенскую дзіцячую абласную баль­ніцу.

– Толькі працуючы ў рэанімацыі з дзеткамі я адчула сваё пакліканне: зразумела, што хачу быць педыятрам. Дастаткова было на «выдатна» здаць адзін прадмет, каб паступіць у медуніверсітэт. Біялогія мяне не падвяла, – успамінае ўрач. – Памятаю сваё хваляванне каля стэнда, на якім былі вывешаны лісты з проз­вішчамі абітурыентаў, якія паступілі, – знайшла сваё: ад сэрца адлягло.

Студэнцтва віхурам лекцый і практычных заняткаў ізноў закруціла дзяўчыну. На шостым курсе на папярэднім размеркаванні Іна трапіла ў педыятрычную групу. 

– Мне хацелася застацца ў горадзе. Але ў лёса, відаць, на мяне былі свае планы, – працягвае жанчына. – Пасля інстытута два гады адпрацавала ў Міхалішкаўскай участковай бальніцы. Як выйшла замуж, пераехала ў Астравец. Педыятраў на той час хапала, але не было дзіцячага оталарынголага – падвучылася і стала працаваць. Оталарынгалогія ўнікальная тым, што знаходзіцца на мяжы некалькіх ме­дыцынскіх накірункаў: хірургіі, тэ­ра­піі, нават псіхалогіі. Мне шанцавала на калег: асабліва ўдзячна за парады і дапамогу Алегу Уладленавічу Філатаву. Лічу, што ў медыцыне, і не толькі, якім бы ты ні быў прафесіяналам, не трэба баяцца і саромецца звяртацца за дапамогай ці парадай да іншых. 

Іна Рамуальдаўна не толькі ўрач з вялікім сэрцам – пра гэта ведаюць многія астравецкія мамы, якія прыводзілі да яе дзетак, – але і клапатлівая жонка, і любячая маці. Муж працуе вадзіцелем у бальніцы, дачка Кацярына вучыцца ў Беларускім эканамічным універсітэце, а сын Дзмітрый закончыў 8 клас.

Цікаўлюся ў Іны Рамуальдаўны, як яна змагаецца са стрэсамі і як здымае напружанне пасля працоўнага дня. 

– Люблю лес і прыроду. А яшчэ аддушынай для мяне стаў хор «Польскае рэха Астраўца», у якім спяваю, – гаворыць жанчына. – Цяпер гавораць пра эмацыйнае выгаранне медыкаў, раней мы нават такога тэрміна не ведалі. Ні разу я не пашкадавала пра свой выбар. Я люблю сваю работу.  Канешне, здараюцца розныя выпадкі – я жывы чалавек: магу быць стомленай і ў дрэнным настроі, але ўсё ж стараюся глядзець на рэчы і гэты свет пазітыўна. Мне вельмі падабаюцца словы, якія дзесьці прачытала: калекцыяніруйце імгненні, а не рэчы. Гэта і раблю. Сузіранне заходзячага сонца, шэпт травы ад подыху ветра – ці ж гэта не шчасце?

3.jpg

1.jpg

2.jpg



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич