130-годдзе Казіміра Сваяка: сумны юбілей

11:32 / 09.06.2020
Май сёлета выдаўся не сонечны, не вясё­лы, якога мы чакалі праз усю доўгую зіму, а сам на сябе непадобны: хмуры, ветраны, халодны, да таго ж трывожны з-за вядомых падзей у свеце і ў Беларусі.

А яшчэ сумна і сорамна перад памяццю ксяндза Кан­станціна Стаповіча – Ка­зі­міра Сваяка, святара, паэ­та, драматурга, філо­сафа і гра­мадскага дзеяча, за тое, што так  сціпла і бясколерна мы ад­значаем яго юбілей. 12.jpg

…Шкада, што 130-гадовы юбілей святара-паэта пра­хо­дзіць не так, як хацелася б, як ён таго заслужыў. Пандэмія пагрузіла свет у страх і безна­дзейнасць. Але ксёндз Стаповіч таксама перажыў эпідэмію тыфу – і не баяўся заходзіць да хворых, каб іх падбадзёрыць, дадаць надзеі, падтрымаць добрым словам, удзяліць апошняе намашчэнне. Тую эпідэмію ён перажыў –  а іншая, невылечная ў той час хвароба падкасіла яго жыццёвыя сілы… 

Апошнія 30 гадоў, нібы па­церкі ружанца, нанізаныя ў вяночак памяці, штогод праходзілі  сваякоўскія сустрэчы і іншыя мера­прыем­ствы, прысвечаныя ўша­на­ван­ню памяці слыннага сына Астравеччыны.

У 1990 годзе, калі адзначалася 100-годдзе Сваяка, яго імя пачало з’яўляцца ў перыёдыцы, вучоныя сталі публікаваць прысвечаныя яму даследаванні. У лютым і ў  чэрвені ў Баранях беларуская грамадскасць ўрачыста адсвяткавала стагадовы юбілей. Прафесар Мальдзіс і яго ідэйныя сябры браты Янушкевічы арга­нізавалі ў Клюшчаны пілі­грымку з мінскага касцёла Святога Роха. Упершыню пасля 1915 года, калі ксёндз Стаповіч прамаўляў Божае Слова на роднай мове, у клюшчанскім касцёле загучала  беларуская мова з вуснаў пробашча Міхала Сапеля, з хораў ліліся песнапенні на роднай мове. І хоць дзень быў суботні, восеньскі, калі ў кожнага вяскоўца край работ, касцёл не змясціў усіх жадаючых прыняць удзел у гэтай імпрэзе.

У 1993 годзе прафесар Адам Мальдзіс, які ў складзе беларускай дэлегацыі наведаў Рым і меў сем хвілін аўдыенцыі ў Папы Рымскага Яна Паўла II, пра­па­наваў разгледзець пытанне аб беатэфікацыі альбо кана­нізацыі ксяндза-пакутніка, ксяндза-патрыёта Канстанціна Стаповіча. Яго Свяцейшаства абяцаў раз­гле­дзець гэтую прапанову. Прайшло  ўжо амаль 30 год, за гэты час многае змянілася – на жаль, ніхто не падхапіў гэту ідэю… 

У 1995 годзе да 105-годдзя Казіміра Сваяка ў Мінску ад­быўся ўрачысты вечар у Доме літаратара. 

Да 110-годдзя паэта і святара ў Падольцах наладзілі вялікую ўрачыстасць. Вечарына яго памяці прайшла і ў Мінску ў «Беларускай хатцы». 

У 2005 годзе пры клюшчанскім касцёле па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле кіраўнікоў гісторыка-краязнаўчага аб’яд­нан­ня «Вільняр» Ганны Чакур і Алеся Юркойця  ўстаноўлены і асвечаны памятны камень бра­там Стаповічам, Кастусю і Аль­біну. У гэтым жа годзе ўзнікла новая традыцыя – сваякоўскія сустрэчы: у лютым на дзень нараджэння Сваяка  – у Камаях, у маі ў дзень яго памяці – у Клю­шчанах і Баранях. 

141.jpg

2005 год. Устаноўка памятных камянёў у гонар братоў Стаповічаў


Камаі хачу адзначыць асобна. Гэта адзіная парафія, дзе Канстанцін Стаповіч не цярпеў праследу, быў сардэчна прыняты і падтрыманы. Сёння там зноў «залаты пробашч», ксёндз канонік Яцэк Хутман. Ён, як і некалі Сваяк, згуртаваў вакол сябе таленавітых, творчых людзей, што збіраюць і захоўваюць памяць пра славутых людзей гэтага краю. Наш зямляк тут годна ўшанаваны. Арганізавана багатая фотавыстава – турысты, якіх тут шмат, могуць пазнаёміцца з асобай Сваяка, з яго жыццём і творчасцю. Вялікую дапамогу ў зборы матэрыялаў і арганізацыі выставы аказала настаўніца Генавефа Дубіловіч, жанчына таленавітая, адданая веры і касцёлу. Арганістка Лена Даўжук паклала на музыку верш Станіслава Валодзькі «Вёсачка Барані за барамі…»  – гэтая песня стала гімнам сваякоўскіх сустрэч.  

Гурт «Балцкі Субстрат», дзякуючы кіраўніку Максіму Іўкіну, які гэтак жа, як і Сваяк у свой час, заклапочаны станам беларускай мовы, далучыўся да сваякоўскіх сустрэч у 2009 го­дзе – і з таго часу застаецца нязменным іх удзельнікам. Мак­сім паклаў на музыку да дзясятка вершаў нашага слыннага земляка: «Песня аб святым Ясафаце», Маёй сястры Разальцы», «Майская песня», «Чарачку адну» і іншыя.

Найбольшы размах набыло святкаванне 120-гадовага юбі­лею: 2010 год быў аб’яўлены ў Астравецкім раёне годам Свая­ка; яго імем назвалі адну з вуліц райцэнтра; у выдавецтве «Беларускі кнігазбор» вый­шла кніга «Казімір Сваяк. Выбра­ныя творы», была адкрыта экспазіцыя ў яго родным доме ў Баранях; прайшлі канферэнцыі ў касцёлах Клюшчан, Міха­лі­шак, Варнян і Астраўца. Рэдакцыя «Аст­равецкай праўды» ў той год аб’явіла конкурс на лепшы твор, прысвечаны паэту, і ўшанаванне пераможцаў правяла ў Баранях у доме-музеі святара і паэта. У Камайскім касцёле да дня яго нараджэння ўрачыста адкрылі памятную дошку з барэльефам Сваяка; памятныя дошкі з яго словамі «Стараўся быць чыстай і простай мыслі…» з’явіліся ў засвірскім і клюшчанскім касцёлах.

CRW_2106.jpg

2010 год. У доме-музеі Казіміра Сваяка



На радзіме, у тых касцёлах, дзе ён служыў, ды і па ўсёй Беларусі шануюць памяць пра святара-паэта. Яму прысвячалі вершы Віктар Шніп, Мар’ян Дукса, Станіслаў Валодзька, Аркадзь Нафрановіч, Іван Драў­ніцкі, Людміла Валодзька, Генавефа Дубіловіч.

Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Казіміра Свая­ка. Як і заўсёды, у  лютым у камайскім касцёле адбылося ўрачыстае святкаванне юбілею, у якім прыняла ўдзел і дэлегацыя з Астравеччыны: ксёндз Анатоль Захарэўскі, Людміла Кухарэвіч, Таццяна Кучэўская, Раіса Мароз. У бібліятэцы Чырвонага касцёла ў Мінску ў рамках тыдня роднай мовы прайшла імпрэза, прысвечаная Сваяку. Нават у Амерыцы ў прыватных каледжах, дзе ёсць аддзяленні сусветнай культуры, адбылася выстава, прысвечаная Беларусі, дзе была і старонка-візітка пра Казіміра Сваяка. На «Радыё Марыя» ў праграме «Постаці. Успаміны пра выбітных асоб каталіцкага свету» падрыхтавалі перадачу пра нашага слыннага земляка, а на сайце разам з аўдыёзапісам успамінаў пра святара змешчана прысвечаная яму фотавыстава.  

Астатняе засталося у планах:  святкаванне ў касцёле Маці Бо­жай Будслаўскай у Мінску, у бібліятэцы Чырвонага касцёла, у Засвіры.

Гэта ў свеце. А што на ра­дзі­ме, на Астравеччыне? Сустрэ­чу ў Клюшчанах-Баранях пе­ра­­крэсліў час і пандэмія – спа­дзяюся, што толькі адсунуў на­да­лей. 

У сённяшніх умовах вялікую ролю ва ўшанаванні памяці Ка­зіміра Сваяка маглі б адыграць сродкі масавай інфармацыі, найперш – раённая газета «Астравецкая праўда», на старонках якой даследчыкі, творчыя людзі і ўсе, хто ганарыцца слынным сынам нашай Айчыны, які жыццём і словам служыў Богу і людзям, не шкадаваў сябе дзеля нашых продкаў і нас, нашчадкаў, маглі б сардэчным словам сагрэць душу таго, хто пры жыцці іх так мала чуў і пры гэтым заслужыў як ніхто. 

Яго жыццё  было  самаахвярным, цяжкім і балючым. У адным з вершаў ён у адчаі звяртаўся да Бога:

Я сніў аб шчасці часта-многа, 

Людзям сябе аддаць маніўся,

Аж у канцы сказаў да Бога: 

«Пашто я, бедны, нарадзіўся?»

Іаланта ВАЛУЕВІЧ



Текст: Главный администратор