Сямейныя рэліквіі Людмілы Валодзька

14:07 / 03.06.2020
Людміла Валадзько, былая настаўніца Падольскай школы, адзін  з лепшых выкладчыкаў нямецкай мовы ў раёне, якая падрыхтавала да паступлення дзясяткі таленавітых вучняў, даўно знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Цяпер яе моцна падводзіць здароўе – але ёсць рэчы, ад якіх жанчына, нягледзячы ні на што, не адмаўляецца: любімыя кнігі – цяпер іх Людміла Фабіянаўна пераважна слухае, бо чытаць ужо не можа; радыёспектаклі лепшых беларускіх тэатраў. І, вядома ж, малітва: гутаркай з Богам жанчына пачынае і заканчвае кожны дзень. 

І пры гэтай размове, хоць і адбываецца яна сам-насам, нябачна прысутнічаюць яшчэ дзве жанчыны: яе родная маці Ірына Валодзька і хросная Данута Валодзька.

4.jpg


– У Падольцах Валодзькі цераз аднаго, – усміхаецца Людміла Фабіянаўна. – Мне нават прозвішча мяняць не давялося, калі замуж выходзіла.

Хоць у яе мамы было іншае прозвішча – Філіповіч. Хутка пасля вайны з Вілейкі ў Клюшчаны прыслалі мала­дзенькую настаўніцу, тут яна і пазнаёмілася са старшынёй Масцянскага сельсавета Фабіянам Валодзькам, неўзабаве выйшла за яго замуж.

Вера ў сям’і, як і ў многіх у той час, жыла пад спудам, схаваная: калі б вясковыя актывісты пайшлі ў касцёл ці павесілі ў хаце іконы, то адразу пазбавіліся б работы. Нават Ражаство Хрыстова, якое большасць 
лічыць галоўным сямейным святам, адзначалі патаемна. Але адзначалі! 

На куццю вечарам пасля работы яны ішлі з Палян, дзе пабудавалі хату, у Падольцы – да бабулі. Там стаяла прыбраная ёлка, пад якой ляжалі падарункі ад святога Мікалая, была смачная вячэра, абаранкі з макавым малачком, вушкі… І так не хацелася ім, разамлелым ад утульнага цяпла бабулінай печы, ад сардэчных размоў, шчырых стасункаў з роднымі людзьмі позна вечарам вяртацца ў сваю хату, дзе нават ёлкі яшчэ не было – не дазвалялі ставіць да Новага года! Але, як бы поз­на і якімі б стомленымі яны ні вярталіся, як бы рана назаўтра ні трэба было падымацца, каб ісці ў школу, – ранкам дзяцей заўсёды будзіў водар свежай хвоі і бляск прыбранай ёлкі. Ноччу, калі малыя засыналі, мама, якой трэба было ісці на працу за некалькі кіламетраў у Свіранкі, шчыльна зана весіў­шы вокны, прыбірала ёлку і ўпускала свята ў  хату…

…Люсечку, як і ўсіх дзяцей у тыя часы, хрысцілі патаемна, у кямелішкаўскім касцёле. Хроснай маці дзяўчынцы стала бацькава сястра Данута, якая, не маючы сваіх дзяцей, усё жыццё апекавала хрышчоную дачку і, як прызнаецца Людміла Фабіянаўна, многаму яе навучыла. А галоўнае – прывяла да веры, мама зрабіць гэтага не магла. Пазней, калі дазволілі, маці таксама прыйшла ў касцёл і нават спявала ў хоры – мела 
прыгожы голас, ведала мноства песень, у асноўным на польскай мове.

…Кожную раніцу і вечар Людміла Фабіянаўна ставіць на столік крыжык хроснай маці, бярэ ў рукі матулін ружанчык – і пачынаецца іх размова з Богам, адна на ўсіх…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик