Леанід Ламека: партызан, рэдактар, журналіст

10:07 / 29.05.2020
Ён марыў стаць лётчыкам – а стаў журналістам. Ён цудоўна маляваў, па слыху падбіраў мелодыі на піяніна і гітары – а ў прафесіі падбіраў словы і «маляваў» імі партрэты людзей. Ці быў ён шчаслівым, ці любіў справу, якой у выніку збегу абставін займаўся ўсё жыццё? Цяжка сказаць, ды і спытаць, на жаль, ужо няма ў каго… Адно бясспрэчна: да любой работы Леанід Іосіфавіч адносіўся з усёй адказнасцю.

4.jpgЮнацтва, апаленае вайной, – гэта і пра яго, Леаніда Ла­меку. Яму споўнілася сямнац­цаць, калі выбухі бомб і сна­радаў перакрэслілі мару, і нова­­спечаных курсантаў лётнага вучылішча па падрыхтоўцы тэхнічнага персаналу па аб­слугоўванні самалётаў адпра­вілі па хатах.

Потым была акупацыя. У лясах з’явіліся партызаны – у атрад пайшоў старэйшы брат Іосіф, а ўслед за ім у лістападзе 1942 года  – і Лёнік.

Пра тое, як ваяваў Леанід Іосіфавіч, сведчыць медаль «Партызану Айчыннай вайны І ступені» і ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. Ва ўзнагародным лісце адзначаецца, што ён удзельнічаў у разгроме гарнізона ў вёсцы Навасёлкі, у дыверсіі, падчас якой была знішчана нямецкая аўтамашына, у засадах.

Пасля вызвалення Беларусі ад немцаў многіх былых партызан адправілі ў заходнія раёны для аднаўлення савецкай улады. У іх ліку апынуўся і камсамолец Леанід Ламека, якога накіравалі на работу ў Свірскі райвыканкам. Гэта таксама была вайна, толькі з нябачным праціўнікам: у лясах хаваліся бандыты, якія забівалі актывістаў, камуністаў і камсамольцаў. Небяспека падсцерагала на кожным кроку.

Для работы ў кіруючых органах улады патрэбна была вышэйшая адукацыя. Леанід Іосіфавіч паступіў у вышэйшую партыйную школу. І пасля яе заканчэння рэзка змяніў сферу дзейнасці: партыя накіравала… у рэдакцыю. У розны час Леанід Іосіфавіч працаваў рэдактарам Карэліцкай, Свіслацкай, Бераставіцкай раённых газет.

А ў 1965 годзе, калі вышэйстаячыя зразумелі, што прынятае ў 1962 годзе рашэнне аб ліквідацыі Астравецкага раёна было памылковым і вырашылі аднавіць яго,  Леаніда Ламеку накіравалі рэдактарам раённай газеты ў Астравец. 

Захавалася кніга загадаў. Пачынае яе першы, датаваны 1 красавіка 1965 года, напісаны роўным бісерным почыркам загад, які сведчыць: «Сего числа вступаю в должность редактора районной газеты «Астравецкая праўда». І подпіс – Л.І. Ламека.

Другім загадам ад таго ж 1 красавіка ствараўся калектыў рэдакцыі: Іван Мельнікаў быў прыняты на работу загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, Яраслаў Хадкевіч – загадчыкам аддзела пісьмаў, Арнольд Кулакоў – карэктарам, Тамара Лычкова – лінатыпістам, Алена Мелешка – прыбіральшчыцай. Брыгадзірам друкарні і адначасова наборшчыкам ІV разраду прынялі на работу Калініна Дзянісава, наборшчыцамі – Людмілу Даўляш і Ганну Дубіцкую, друкарамі – Альберта і Сабіну Сыс. На дапамогу астравецкім друкарам і наборшчыкам прыязджалі калегі са Смаргонскай друкарні Сяргей Бычкоў, Марыя Даўляш – Марыя Антонаўна, якую ў Астраўцы ведаюць як Ку­вал­дзіну, хутка перайшла на пастаянную работу ў астравецкую друкарню і працавала тут усё жыццё.

Не так проста было аднавіць разваленае, стварыць калек­тыў, здольны выконваць пастаўленыя задачы – працэс гэты працягваўся ўвесь красавік, ды што там – практычна ўвесь год! Адказным сакратаром рэ­дак­цыі стаў працаваць Яўген Кулакоў, які ў ліквідаваным раёне выпускаў перадачы астравецкага радыё. Бухгалтарам узялі Вольгу Буранкову, якую ўжо ў чэрвені змяніў Іван Странчанка.  Тады ж у калектыве з’явіліся літ­супра­цоўнік у будучым – вядомы жур­наліст Рышард Карачун, фотакарэспандэнт Міхаіл Шунько. 

Да таго часу ў Леаніда Іосі­фавіча ўжо была сям’я: жонка Станіслава Лявонаўна і сыны, Васіль і Валерый, якіх бацька назваў у гонар праслаўленых лётчыкаў Васіля Сталіна і Валерыя Чкалава – гэта была  даніна сваёй няспраўджанай мары. Калі ім выдзелілі жыллё, сям’я пераехала з Бераставіцы ў Астравец. Жыць сталі ў першым астравецкім шматкватэрным «доме партактыву» – крайняя справа двухпавярхоўка па вуліцы Карла Маркса і цяпер нагадвае пра тыя часы. Усе «зручнасці», ад вады да прыбіральні, у тым «элітным доме» партнаменклатуры зна­ходзіліся на вуліцы – затое жылі дружна і весела!

1.jpg

Леанід Ламека з жонкай і сынамі


Леанід Іосіфавіч узначальваў рэдакцыю нядоўга, менш года: ужо 11 студзеня 1966 года яго змяніў на гэтай пасадзе Уладзімір Царэвіч. А Ламека стаў працаваць намеснікам рэдактара – і заставаўся на гэтай пасадзе да выхаду на пенсію, а пасля таго яшчэ восем гадоў працаваў загадчыкам аддзела пісьмаў.

– Самым пра­дуктыў­ным часам для бацькі былі позні вечар і ноч, – успамінае яго сын Валерый. – Днём ён сустракаўся з людзьмі, збіраў інфармацыю, а вечарам, калі мы клаліся спаць, садзіўся пісаць – часам далёка за поўнач гарэла святло над яго сталом.

У той час журналісты не вельмі ахвотна падпісвалі свае артыкулы сапраўдным прозвішчам, у кожнага быў псеўданім, часам нават не адзін – а перадавыя артыкулы, якія лічыліся вянцом журналісцкага майстэрства, увогуле не падпісваліся. Леанід Ламека выбраў сабе паэтычныя, нават знакамітыя псеўданімы: падпісваўся як Святлоў ці Крыніцкі. 

2.jpg


…Не злічыць, колькі за гэты час было спісана аркушаў паперы, колькі выйшла артыкулаў, пра колькі калектываў і іх працаўнікоў расказаў у  газетных артыкулах Леанід Іосіфавіч. Калі б сабраць усе яго публікацыі і выцягнуць іх у адну газетную калонку – напэўна,  можна было б дастаць да Месяца ці апаясаць Зямлю па экватары, магчыма, нават не раз.

…Сыны не ажыццявілі бацькаву мару – ніхто з іх не стаў лётчыкам. І не пайшлі ў журналістыку. Абодва ўнаследавалі матулін матэматычны склад розуму. Васіль і Валерый неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых алімпіяд па фізіцы і матэматыцы, абаранялі гонар раёна ў вобласці. Пасля школы старэйшы звязаў жыццё з сельскай гаспадаркай, пэўны час працаваў старшынёй калгаса «Чырвоная зара». А малодшы падаўся ў педагогіку: амаль усё жыццё выкладаў у школах раёна матэматыку.

А вось унукі, хоць і не сталі журналістамі, перанялі пэў­ныя здольнасці дзеда. Сяргей Ва­сіль­е­віч – гісторык, калі пра­цаваў у Гудагайскай школе, плённа супрацоўнічаў з «Астравецкай праўдай», мы нават «сваталі» яго ў рэдакцыю, але ён застаўся верным педагогіцы. На­талля Літ­він, дачка Валерыя, – цудоўны музыкант, кіра­вала ў свой час варнянскім «Сві­танкам». А яго праўнучка Вікторыя Радчык пера­няла яшчэ адзін нерэалізаваны талент прадзядулі – яна цудоўна малюе.

І, як спяваецца ў песні, ідуць унукі-праўнукі далей, ажыц­цяўляючы няспраўджаныя мары сваіх дзядоў-прадзедаў і дася­гаю­чы новых вышынь. І гэта цу­доўна – думаю, Леанід Іосі­фа­віч мог бы ганарыцца не толькі тым, што зрабіў за сваё жыццё, але і сваім працягам на гэтай зямлі.


Ніна АЛЯКСЕЕВА



Текст: Главный администратор