На Островетчине сто лет назад уже действовала электростанция в Лоше

11:28 / 22.05.2020
Апынуўшыся на скрыжаванні ваенных віхур Першай сусветнай вайны, наш край стаў арэнай крывавых баёў, зведаў цяжкія выпрабаванні акупацыйнага рэжыму. Да гэтай пары аб тых падзеях больш як стогадовай даўніны нагадваюць брацкія і адзіночныя магілы, магутныя бетонныя ўмацаванні ўздоўж колішняй лініі фронту, аплыўшыя глыбокія шнары ад траншэяў і хадоў зносін. Большая іх частка знаходзіцца ў Смаргонскім, Мядзельскім, Ашмянскім і сумежных з імі раёнах.

Не абмінула вайна і Астравеччыну, дзе захавалася шмат напамінаў аб ёй.  Адным з самых незвычайных і загадкавых з’яўляецца аб’ект каля фальварка Сяржанты, непадалёку ад станцыі Гудагай. 

Упершыню даведаўся пра яго ад вядомага сталічнага даследчыка гэтага перыяду нашай гісторыі Уладзіміра Багданава, які разам з апантанымі сябрамі, стваральнікам сайта «Глобус Беларусі» Андрэем Дыбоўскім і даследчыкам сядзіб прафесарам Анатолем Федаруком наведалі гэтыя мясціны ў 2006 годзе. Краязнаўцам тады адкрылася «збудаванне, дакладней, яго руіны, зусім беспрэцэдэнтныя. Нічога падобнага ніхто з нас раней не бачыў. На даволі высокім беразе над ракой яно падымалася ў некалькі ўзроўняў. У рэчку выводзіў асобны адвод, вышэй размяшчаўся вялікі цагляна-бетонны аб’ём, у сярэдзіне якога былі разме­шчаны тры шэрагі масіўных цагляных канструкцый незразумелага прызначэння. Яшчэ вышэй, па схіле – рэшткі падмуркаў ці то будынка вялікай пло­шчы, ці то нейкага іншага збудавання. Усе канструкцыі, мабыць, былі звязаныя паміж сабой, таму што паўсюль у зямлі былі бачныя нейкія каналы, адтуліны і да т.п. Словам, аб’ект нябачаны раней і незразумелы для нас». Тады ж наведвальнікі выказалі меркаванне, што рэшткі збудавання маглі адносіцца да нямецкай электроўні, пра што апавядаў і мясцовы жыхар. 

1.jpg



Пасля экспедыцыі фотаздымкі трапілі на сайт папулярнага рэсурсу «Глобус Беларусі» і былі прывязаны да бліжэйшага населенага пункта Палушы. Гэтыя звесткі сталі пачаткам майго ўласнага даследавання, у выніку якога адкрылася цікавая старонка мінулай гісторыі. 

Як вядома, на нашых землях першая электрастанцыя з’явілася ў Вільні і пачала працаваць 14 лютага 1903 года. Перад Першай сусветнай вайной на Віленшчыне, акрамя яе, яшчэ існавала чыгуначная электрастанцыя ў Мала­дзечне. Падчас нямецкай акупацыі на захопленых землях было створана шэраг невялікіх электрычных станцый для забеспячэння электраэнергіяй франтавых пазіцый і гаспадарчай дзейнасці ў тыле, якая ў большасці сваёй была накіравана на рабаванне прыродных рэсурсаў краю. Генератары электрацэнтраляў – так узгадваюцца гэтыя аб’екты ў немцаў – выпрацоўвалі ток пад Смаргонню, Крэвам, у Жуп­ранах. У тагачасных дзённікавых запісах вядомага мастака Фердынанда Рушчыца ёсць звесткі аб з’яўленні электрычнасці ў Багданаве (сучасны Валожынскі раён) і навакольных вёс­ках, што сведчыць пра існаванне электрацэнтралі, а можа, і не адной,  і ў тых мясцінах.

Але самая магутная акруговая станцыя, якая была звязана з вышэй­згаданымі прадпрыемствамі, была пабудавана на правым беразе ракі Лошы каля аднайменнага паселішча. Месца было выбрана, напэўна, з тых меркаванняў, што для эфектыўнай работы паравых турбін электрастанцыі патрэбна было шмат чыстай вады, якой забяспечвала паўнаводная рака Лоша. Добрыя камунікацыі – паблізу праходзіла чыгунка Вільня-Маладзечна і пралягаў сухапутны так званы Чорны тракт – таксама садзейнічалі выбару месца будаўніцтва. 

45.jpg

Быў улічаны і той важны фактар, што побач з вытокамі ракі Віленкі, блізка ля Лошы, знаходзілася вялікае радовішча торфу тыпу сфагнум, які залягаў адразу пад дзёрнам. Здабыча торфу распачалася тут яшчэ ў канцы 19 стагоддзя. На чыгуначнай станцыі Кена было заснавана прадпрыемства, якое вырабляла паліва з торфу і здабывала яго штогод каля 18 000 тон. У 1915 годзе віленская гарадская электрастанцыя працавала выключна на торфе, хоць начынне катлоў  для яго было не прыстасавана. 

Немцы ўлічылі гэты факт і на працягу трох гадоў акупацыі самі здабылі больш 120 000 тон каштоўнага прыроднага паліва. Для гэтага яны праклалі ад лошскай электроўні да хутара Карыціна   вузкакалейку працягласцю каля 10 кі­ламетраў. Па ёй дастаўляўся торф на прадпрыемства, дзе выкарыстоўваўся ў якасці паліва. Адначасова тут быў наладжаны выраб торфабрыкету. Вузкакалейка дзейнічала да канца 20-х гадоў мінулага стагоддзя, сёння пра яе існаванне нагадваюць насыпы дарогі, што яшчэ захаваліся дзе-нідзе, і прарэзаны ў зямлі пад’язны паўтунэль даўжынёй 150 метраў. 

Сілкуючы токам вялікі прамежак фронту і прыфрантавую паласу, лошская электрастанцыя мела магутнае абсталяванне. Сярод выстаўленага ў пасляваенны час на аўкцыён начыння прадпрыемства значыліся тры водна-трубныя катлы з агульнай абагравальнай паверхняй у 680 квадратных метраў, прагравальнік пары з печчу для торфу. Адзін з катлоў і паранагравальнік былі ўмураванымі. Турбагенератар нямецкай фірмы АЕG  у 700 кВт складаўся з паравой турбіны ў 3 000 абаротаў і быў злучаны з генератарам пераменнага трохфазнага току, таксама мелася дынама-машына для пастаяннага току ў 110 вольт.  У камплект да турбагенератара ўваходзілі помпы для ахалоджвання вады, кандэнсату пары, паветра з фільтрамі.  У пераліку начыння пазначаны трансфарматары, рэзервуары для вады, ручная помпа, 600 метраў чыгунных і жалезных труб рознага дыяметру, іншае абсталяванне. Таксама меўся кран грузападымальнасцю 10 тон з ручным прывадам, на платформе. 

Знаходзіўся тут і лакамабіль магутнасцю ў 24 конскія сілы з генератарам у 16 кВт, які выпрацоўваў пастаянны электрычны ток напружанне ў 220 В. Калі ў канцы 1918 года электроўня ў Лошы спыніла дзейнасць, апошняе абсталяванне перавезлі ў Ашмяны і там стварылі першую ашмянскую электрастанцыю. На новым месцы яна дзейнічала ад змяркання да першай гадзіны ночы з максімальнай нагрузкай і абслугоўвала ў сярэднім звыш 300 абанентаў.

У пасляваенны час непрацуючую электроў­ню ў Лошы неаднаразова спра­­бавалі аднавіць. Спачатку электра­тэхнічны аддзел Савнаргаса БССР у 1919 годзе выдзеліў 468 тысяч рублёў на рамонт абсталявання і запуск важнага стратэгічнага аб’екта. Але з-за нестабільнай палі­тыч­най сітуацыі і хуткай змены ўлад намер застаўся нерэалізаваным. У канцы 1920 года, калі гэтая тэрыторыя ўвайшла ў склад Сярэдняй Літвы, а электрастанцыю падпарадкавалі дэпартаменту прамысловасці і гандлю, была зроблена яшчэ адна спроба аднавіць прадпрыемства. У жнівеньскім нумары за 1921 год газеты «Паляк» з’явілася паведамленне пра перамовы з «варшаўскімі капіталістамі» пра ўвод у эксплуатацыю лошскай электроўні і выкарыстанне блізкіх радовішчаў торфу.

З іншага артыкула пад назвай «Умацаванне электрычнай сеткі», надрукаваным 19 жніўня 1922 года ў 16-м нумары газеты «Слова», вынікае, што і на наступны год электрастанцыя не працавала. У паведамленні адзначалася, што абслугоўваючая Вільню гарадская электрычная станцыя не ў стане пашырыць свае сеткі і з цяжкасцю выконвае абавязкі перад абанентамі. У гэтай сувязі магістрат звярнуў увагу на непрацуючую электроўню ў Лошы, якая знаходзілася на ўліку аддзела ліквідацыі вайсковых дэмабілізацыйных матэрыялаў пры Міністэрстве прамы­словасці і гандлю Польшчы. Гарадскія ўлады склалі фінансавы план па яе аднаўленні, правядзенні да Вільні трох ліній дроту і падключэння яе да гарадской сеткі. Паводле папярэдніх падлікаў, усе кошты, звязаныя з пус­кам станцыі ў Лошы, складалі каля 240 мільёнаў марак. Але праект застаўся нерэалізаваным. Магчыма, не толькі фінансавыя цяжкасці сталі перашкодай, а і тое, што адноўленае прадпрыемства спрыяла б развіццю гэтых тэрыторый і росту прамысловага патэнцыялу ўсходніх крэсаў, а гэта не ўваходзіла ў планы варшаўскага ўрада.

9 студзеня 1923 года ў віленскім экспазіцыйным памяшканні аддзела (дэмату) прайшоў аўкцыён па продажы абсталявання электроўні «Лоша» пры мясцовасці Сяржанты. Дакладна невядома, хто набыў гэтае абсталяванне, якое прадавалася адным лотам, і як склаўся далейшы лёс электроўні.

Прыемнай нечаканасцю ў пошуку звестак па гісторыі прадпрыемства стала знаходка даследчай працы 2015 года тагачаснай гудагайскай школьніцы Алесі Сцефановіч. У сваім даследаванні «Падзеі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі зямлі гудагайскай» школьніца разам са сваім навуковым кіраўніком Марыяй Карлаўнай Васілёнак прасачыла гісторыю лошскай электроўні, закрануўшы і апошні этап яе існавання. Мясцовыя старажылы расказалі школьным краязнаўцам, што немцы, адступаючы, вывелі станцыю са строю. З цягам часу частка яе начыння перакачавала ў дамы жыхароў бліжэйшых вёсак. Цагляныя фрагменты, якія сёння захоўваюцца на месцы электроўні, ацалелі толькі таму, што разабраць гэтую муроўку было вельмі цяжка: трэба было перш разагрэць мур – і толькі тады паспрабаваць выбіць цэг­лу, а гэта далёка не ўсім па сілах.

У лёсе першай на астравецкай зямлі электрастанцыі яшчэ шмат белых плям. Але ведаючы, якая ўвага надаецца краязнаўству ў Гудагайскай школе, якія неабыякавыя да сваёй мінуўшчыны рупліўцы працуюць у ёй, можна быць упэўненым, што паўзабытыя старонкі гісторыі паступова будуць адноўлены.

Уладзімір Прыхач


Текст: Главный администратор