Жыццё і каханне Ірэны Бараноўскай

11:31 / 19.05.2020
Жыццё Ірэны Браніславаўны не адрозніваецца ад іншых: нарадзілася, вучылася, пайшла замуж, гадавала дзяцей. Аднак ёсць у ім моманты, шчаслівыя і не вельмі, якія робяць яго асаблівым. І таму яны для жанчыны самыя важныя і дарагія.

4.jpg


Ад прадзедаў спакон вякоў…

«Файна было калісьці, толькі ўсё «растрапана» ўжо. І людзі дружна жылі, вёска гудзела. Але ўсе старыя пазміралі, а моладзь павыязджала…»

Не кожны можа па­хваліцца тым, што добра ведае гісторыю сваёй вёскі і свой радавод. А Ірэна Браніславаўна Бара­ноў­ская можа. Падрабязна і маляўніча расказвае яна пра родную Палестыну, якая, да таго, як атрымала статус вёскі, была вялікім панскім дваром. 

– Продкі мае з Гялюн, – успамінае жанчына. – Дзед быў з вёскі Каробкі, што каля Нястанішак, жыў там у арэндзе. А калі ў 1921 годзе пан, якому належала Палестына, прайграў яе ў карты, і хаты, што там знаходзіліся, пайшлі з малатка, купіў адну з іх. Прыгожае месца было тут раней: палац вялікі, у дабротных хатах халодныя падвалы пароблены…

Дзедава хаціна была на два канцы – у адным мы жылі, а ў другім жывёла стаяла. Ды ўсё пад адным фронтам змяшчалася. Зямлі было шмат – доўгімі шнюрамі аж да рэчкі ўчасткі цягнуліся. 

Тут, у дзедавай хаце, Ірэна нарадзілася, тут прайшло і яе дзяцінства. У новыя сцены, якія ставіў яе бацька, пераехала толькі пасля свайго вяселля. Хоць у старой месца на ўсіх было мала, аднак жылі дружна і раз’язджацца не спяшаліся.

6.jpg

Мясцовыя дзяўчаты збіраюцца ў касцёл


 
Праца лёгкай не бывае

– Мама мне аднойчы сказала: «Старайся і ты, едзь, як усе едуць. У калгасе вельмі цяжка…» Я пашпарт вырабіла – і паехала.

Бацькі Ірэны працы не цураліся: маці ў калгасе шчыравала, а бацька дарожнікам быў – як улад­каваўся ў Міхалішкі «на дарогу», так да пенсіі там і дапра­цаваў.

2.jpg

Ірэна з бацькамі



Скончыўшы сем класаў Чэхскай школы, Ірэна пайшла вучыцца на швяю.

– Я ў Маркунах вучылася, – успамінае жан­чына. – Бабка адна там харошай партніхай была. Тата ёй за маю навуку не грашыма плаціў – збожжам. 

Аднак працаваць дзяў­чына стала ў калгасе: бульбу садзілі пад каня, зерне малацілі,  лён аббівалі начамі ў гумнах, каб раніцай плошчы свабоднымі былі для новай партыі.

– Плацілі працадня­мі, – працягвае Ірэна Бра­ні­славаўна. – Але я зарплату не атрымлівала, бо працавала за маці, якая захварэла. Пенсію ёй зарабляла. На яе пісала дні – ёй і зарплата ішла. 

Калі маці даведалася, што моладзь з вакольных вёсак пачала выязджаць на заробкі ў Вільнюс, параіла дачцэ таксама шукаць там лепшай долі.

…Хутка праляцела 35 гадоў, якія Ірэна Брані­сла­­­­­ваўна пражыла ў Віль­ню­­се. Уладка­ваў­­шыся на за­вод «Ра­дыё­кампанент», аж да пенсіі  намотчыцай там была – «матала» дроцікі для транс­фарматараў на тэ­ле­­ві­зары.

Вярнулася жанчына на ра­­дзі­му, калі не стала баць­коў.

– З мужам хату пашка­да­валі. Ды і бліжэй да зямлі хацелася. Так і пераехалі з Вільні ў Палестыну, – усміхаецца Ірына.

Муж і каханы

«Усю армію Тадзік маленькае люстэрка з маёй выявай на адваротным баку ў кішэні пранасіў. А як вяртаўся дадому, яно выпала і разбілася на дробныя кавалачкі. Значыць, кажу яму, мы  з табой не пабяромся – так і здарылася…»

Замуж Ірэна выйшла за яцынскага хлопца Івана Бара­ноўскага. Працавіты быў хлопец, талковы. Механі­за­та­рам у калгасе працаваў. 

Амаль 40 гадоў пражылі Ірэна з Іванам, радасці і праблемы на дваіх дзялілі. Выгадавалі дваіх дзяцей: сын Валера цяпер ва Украіне жыве, а дачка Наталля непадалёк – у Гервятах.

3.jpg

З сям'ёй


– Дачка працуе ў Вільнюсе медсястрой. Але цяпер яна не прыязджае, – уздыхае жанчына. – У касцюмах гэтых спецыяльных хворых ад віруса лечыць.

…Ужо 13 гадоў мінула, як Ірэна Браніславаўна засталася без другой палавінкі.

– Не разумею, як так здарылася, – узгадвае жанчына. – Не хварэў зусім. Толькі худы апош­нім часам зрабіўся. А да доктара ісці не хацеў – і раптам памёр. Пяць гадзін вечара было, субота. Сядзелі за сталом, разбіралі газеты. Нешта ў гру­дзях яму забалела. Я кажу: «Што табе, можа, цыгарэту запаліць?» Курыў вельмі шмат – я ўсё яго за гэта ўшчувала. А ён узяў і сканаў! Было – як па галаве хто ўдарыў…

Не толькі мужа добрым словам  успамінае  Ірэна Браніславаўна. Яшчэ ў маладосці запаў ёй у ду­шу, ды там і застаўся на ўсё жыццё яшчэ адзін хлопец – Тадзік. Сын партніхі, у якой дзяўчына вучылася шыць, ён быў маладзейшы за Ірэну на два гады.  

– Спачатку мы толькі пера­міргваліся, – збянтэжана усмі­хаецца жанчына. – Потым ака­залася і да праўды. Пачаў у Палестыну прыязджаць, потым у Вільню. Я яго паважала, з арміі ад яго лістоў чакала. І вось так атрымалася…

Вярнуўшыся з арміі, Тадзік аднойчы моцна пабіў адна­вяскоўца – і той памёр. Ка­ханы Ірэны надоўга сеў у турму.

– Муж свае здымкі хацеў парваць пасля васелля – якіх там дзе­вак меў. Я яму кажу: не рві. Твае здымкі няхай будуць і мае не чапай, – прызнаецца жанчына, дрыготкімі пальцамі гладзячы фотаздымкі кахання сваёй маладосці. –  Я іх асобна трымаю. Слу­жыў Тадзік у Архангельску, паштоўкі адтуль дасылаў, «Дарагой і мілай сяброўцы Ірке» падпісваў… 

«Што было – тое маё, – пад­во­дзіць вынік размовы мая гера­і­ня. – Успаміны – гэта ўсё, што мне засталося. Яшчэ, можа, радасць ад прыезду дзяцей і вера ў Бога, якому кожны дзень малюся…» 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Ольга Хотянович и из личного архива героини