Сям’я Якавец: шчаслівыя разам

07:51 / 15.05.2020
Усе сем’і шчаслівыя аднолькава? Дазвольце не пагадзіцца з вамі, шаноўны Леў Мікалаевіч! У кожнай сям’і свой шлях да шчасця, свае складнікі, урэшце, сваё разуменне і адчуванне яго.

Выпадковае прызванне

Ірына Місцяровіч, выпускніца астравецкай СШ №2, марыла пра медыцыну: у бальніцы ўсё жыццё працавала яе маці, Галіна Казіміраўна, – спачатку масажысткай, потым – медыцынскай сястрой. А паступіла ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію.

1.jpg



Хлопец з Беразіно Сяргей Якавец хацеў стаць прафесійным футбалістам, і ў яго былі для гэтага здольнасці. Але дзіцячая траўма паставіла крыж на гэтым жаданні – ён паслухаў параду бацькоў і пайшоў вучыцца на ветэрынара.

2.jpg



Тое, што выпадкова знайшлі сваё прызванне, Ірына і Сяргей зразумелі шмат пазней. І пошук сябе быў даволі працяглым: давялося пажыць у розных месцах і папрацаваць у розных гаспадарках.

Цяпер Ірына – спецыяліст раённай ветэрынарнай лабараторыі, а Сяргей ажыццявіў сваю мару, якая з’явілася падчас вучобы ў акадэміі: адкрыў уласную ветэрынарную клініку, дзе поўны набор дыягнастычнага абсталявання – ад рэнтгенаўскага апарата да ўльтрагукавога даследавання; дзе робяць складаныя аперацыі і нікому не адмаўляюць у дапамозе. У Астраўцы, да вялікага жалю ўсіх уладальнікаў хатніх жывёл, для клінікі «док­тара Айбаліта» не знайшлося памяшкання, якое адпавядала б неабходным патрабаванням, – і вось ужо тры гады Сяргей Якавец штодня ездзіць на работу ў Маладзечна. З 10 раніцы да 8 вечара ён лечыць хатніх гадаванцаў у клініцы, вечарам едзе па выкліках – у Маладзечна, Ашмяны, Астравец. Дахаты звычайна вяртаецца позна вечарам, калі дзеці ўжо спяць – яны бачаць тату толькі раніцай, збіраючыся ў садок і школу.

– Рытм у яго проста шалёны, – гаворыць Ірына. – Вядома ж, мне хацелася б, каб муж больш часу праводзіў з дзецьмі. Але я разумею, што гэта яго любімая справа, частка яго самога. 

Выпадковая сустрэча

Ірына і Сяргей вучыліся ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі  ў адзін і той жа час, толькі дзяўчына на два курсы ста­рэйшая. І нават жылі ў суседніх пакоях у інтэрнаце: сустра­каліся ў калідорах, на вуліцы, на мерапрыемствах – і не бачылі адзін аднаго.

Пазнаёміліся яны, калі Ірына, закончыўшы вучобу, вырашыла атрымаць другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце: першы год яна вучылася на базе роднай ветэрынарнай акадэміі. І, выпадкова зазірнуўшы ў пакой да сяброўкі, дзяўчына «ўбачыла» Сяргея, які зайшоў туды па нейкай справе.  А ён – яе… Тады і праскочыла паміж імі  іскрынка, якая з цягам часу разгарэлася ў жаркае полымя кахання.

Выпадковая шматдзетнасць

– Я заўсёды хацела, каб у мяне было трое дзяцей, – прызнаецца Ірына. – Толькі меркавала, што гэта будзе з большымі перапынкамі. Але атрымалася так, як атрымалася. 

Першым у сям’і нарадзіўся Ві­ця. Цяпер ён, як старэйшы – ужо другакласнік як-ніяк, амаль што дарослы мужчына! – апяку­ецца сястрычкамі, дапамагае маме з татам і дзядулю з бабуляй.

3.jpg



У шасцігадовай Насці сёлета першы ў жыцці выпускны: яна заканчвае дзіцячы садок і восенню пойдзе ў школу. Дзяўчынка расце артысткай, любіць спяваць і танцаваць – адбіліся, пэўна, гены татавай сястры, студэнткі тэатральнага аддзялення ўніверсітэта культуры.

4.jpg



А чатырохгадовая Аня, ці, як яна прадстаўляецца, Анюта Якавец,  мусіць, пойдзе па татавых і маміных слядах: яна ўжо сёння можа зрабіць укол хвораму коціку, апрацаваць яго ад паразітаў. Анюта па сакрэту расказала, што, калі вырасце, будзе мамай і дзяцей у яе будзе столькі, як і ў іх сям’і, і нават назаве яна іх гэта жа…

5.jpg



– Канешне, клопатаў з дзецьмі хапае, – прызнаецца Ірына. – Тым больш што тата наш увесь у рабоце. Але я ні на хвілінку не магу ўявіць, што некага з іх няма ў маім жыцці. Яны – маё галоўнае шчасце!

6.jpg


Выпадковае жыллё

Да таго, як асесці ў Астраўцы, Якаўцы ў пошуках сябе і сваёй справы жыцця пакалясілі па Беларусі: жылі і працавалі ў Нясвіжскім раёне, Тураве, Дзяржынску… Калі Сяргей адкрыў клініку ў Маладзечне, думалі перабрацца туды. Але ўсё вырашыла самае галоўнае для любой сям’і – кватэрнае – пытанне. Яго ім дапамагла вырашыць, як гэта ні парадаксальна, Анюта…

З нараджэннем трэцяга дзіцяці сям’я атрымала статус мнага­дзетнай і разам з тым – права на мацярынскі капітал і на пабудову на льготных умовах кватэры.

– Мы доўга вагаліся, якую ква­тэру будаваць, – расказвае Ірына. – Двухпакаёвая для нас цесная, а за трохпакаёвую трэба было ўнесці 25 тысяч рублёў на працягу года – гэта было не­пад’ём­най сумай! Але нашы бацькі, ды і муж пераканалі, што ісці з бацькоўскай трохпакаёўкі, у якой мы цяпер жывём, хай сабе і ва ўласныя, але два пакоі – не­ла­гіч­на… 

А потым выйшаў указ Прэ­зі­дэнта, які дазволіў для пэўных мэт, у прыватнасці, на пабудову жылля выкарыстоўваць маця­рын­скі капітал датэрмінова – і жыллёвае пытанне вырашылася! 

Якаўцы спадзяюцца неўзабаве закончыць рамонт у сваёй кватэры на Дубраўнай. Плануецца, што Насця пойдзе ў першы клас СШ №3, давядзецца ўлівацца ў новы калектыў і Віцю з Аняй.

– Гэта адзінае, што засмучае: не хацелася б мяняць школу і садок, бо ў іх цудоўныя настаўнікі і выхавацелі, – уздыхае Ірына. – Але, спадзяюся, што і на новым месцы дзеці хутка прывыкнуць. 

Выпадковае захапленне

Рукадзеллем Ірына занялася таксама выпадкова. Хоць яе мама – адмысловая вязальшчыца і радуе сям’ю моднымі і пры­гожымі абноўкамі – коф­тачкі, спаднічкі, камізэлькі з’яў­ляюцца ў дзяцей і ўнукаў рэ­гу­лярна.

А вось дачка гэтай спра­вай не «хварэла». Можа, таму, што не было патрэбы? І ўво­гуле лічыла, што рукадзелле – не яе справа.

Пакуль аднойчы…

– Калі жылі ў Тураве, суседка рабіла розныя прыгожыя рэчы. Я захаплялася, дапамагла ёй. Яна аднойчы прапанавала: «А ты сама паспрабуй!» І хоць я была пераканана, што нічога не атрымаецца, вырашыла паспрабаваць.

З таго часу рукадзелле – трывалае захапленне Ірыны, на якое яна знаходзіць час у любым цэйтноце. Хоць цяпер, калі выйшла на працу, зрабіць гэта цяжэй. Работы жанчыны неаднаразова прызнаваліся пераможцамі і пры­зёрамі розных конкурсаў, у тым ліку і рэдакцыйных, і нават рэспубліканскіх. І ў нашай ка­лек­цыі – пахвалімся! – ёсць не­паў­тор­ны водарны слоік-сава для за­хоўвання кавы ад Ірыны Якавец. 

А найбольшы яе гонар – самаробная кніжка з вершамі і фотаздымкамі славутасцяў Астравеччыны, якая ў 2018 го­дзе была прызнана лепшым творам прыкладнога мастацтва ў конкурсе, прысвечаным 550-гадоваму юбілею нашага горада. 

7.jpg



Ці дапамагаюць маме дзеці?

– Дапамагаюць – калі не пера­шкаджаюць, – усміхаецца Ірына. – Калі працую з кавай, а Аню­та яшчэ не спіць, то зярняты потым можна знайсці дзе заўгодна…

Выпадковыя хатнія гадаванцы

Якаўцы жывуць, можна сказаць, на два дамы: усе выхадныя яны ў Кавалях, у бабулі з дзедам. І хатнія гадаванцы іх таксама па­дзелены паміж горадам і вёскай. 

І амаль усе яны таксама з’яві­лі­ся ў сям’і выпадкова. Сабака Жук, да прыкладу, – равеснік маладой сям’і:  яго ўзялі ў дом, калі Сяргей прыехаў знаёміцца з бацькамі будучай жонкі.  

Ката Сэма цесцю з цешчай  падарыў зяць. 

Зайчыка Ірыне з Сяргеем ад­далі суседзі, якія ад’язджалі ва Украіну. Спачатку вушасты гадаванец жыў у астравецкай кватэры, а цяпер перасяліўся ў Кавалі: зай­ка – «гаспадарка» Часлава Юлья­навіча.

Клопат Галіны Казіміраўны – парасяты Мікс і Макс.  

А Ірына больш за ўсё любіць канарэйку Джэры, якую падарылі мужу: галасістая птушка будзіць яе ранкам спевамі, таленавіта падбіраючы матыў. Словам, сапраўдная жанчына, гавар­кая…

Ці папоўніцца сям’я іх чацве­ра­ногіх і пярнатых гадаванцаў, сказаць цяжка – яны тут з’яў­ляюцца выпадкова. Каб застацца назаўжды…

Заканамернае шчасце

Такі вось збег шматлікіх выпадковасцяў прывёў Якаўцоў да  заканамернага выніку – іх сямейнага шчасця, аднаго на ўсіх і вельмі асабістага для кожнага. Якое так падобнае на шчасце іншых сем’яў – і разам з тым сваё, асаблівае, непаўторнае, іхняе…

У чым яго сакрэт?

– Я не ведаю, – шчыра прызнаецца Ірына. – Мы гэты сакрэт пакуль толькі спасцігаем… 

8.jpg





Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик