Амаль паўстагоддзя працуе медыцынскай сястрой Кацярына Савук

09:02 / 12.05.2020
456
Кацярына Антонаўна – адна­люб, што ў прафесіі, што ў сям’і: усё ў яе – раз і назаўсёды.

5.jpg



Вось толькі маці было дзве… Першая, родная, тра­гічна загінула ў Комі АССР, куды падаўся пасля арміі бацька, Антон Вайцяховіч, і дзе ажаніўся з дзяўчынай з Браншчыны. Іх дачушцы было крыху больш за год, калі дрэвам насмерць заціснула маму – на ўспамін ад яе засталася толькі  фотакартачка.

– Тата прывёз мяне на Астравеччыну, да сваіх бацькоў, якія жылі на хутары Якавішкі – быў такі каля Сарочча. Восем гадоў мяне выхоўвала бабуля, тут я і ў школу пайшла ў бліжэйшую вёску Бабічы.

Бацька неўзабаве ажаніўся, узяў дзяўчыну са сваёй вёскі. Разам яны паехалі на заробкі ў Карэлію, Кацю пакінулі з бабуляй. Хутка ў дзяўчынкі з’явілася сястрычка. А калі бацькі паехалі падымаць цаліну ў Паўночна-Казахстанскую вобласць, то забралі і Кацю. Там у іх нарадзілася яшчэ тры сыны. І да ўсіх, успамінае з удзячнасцю Кацярына Антонаўна, маці адносілася аднолькава: старэйшая дачка ніколі не адчувала сябе падчаркай.

7.jpg

З бацькам і другой мамай



Пасля васьмі класаў Кацярына паступіла ў Маркушынскае медыцынскае вучылішча ў Курганскай вобласці. Ёй падабаліся белыя халаты, хацелася быць падобнай на вясковую фельчарку, маладую, прыгожую і вельмі добрую.

З дыпломам медсястры вярнулася дамоў, стала працаваць у хірургічным аддзяленні раённай бальніцы. А калі прыехала ў адпачынак да бабулі, тая стала ўгаворваць:

– Вяртайся ў Беларусь, унуч­ка! Што табе рабіць у тым Казахстане? Голы стэп… Як замяце зімой, дык і хлеба не прывязуць.

4.jpg

З астравецкай бабуляй і бранскім дзядулем



Валянцін Ражко, пагута­рыў­шы з дзяўчынай, прапанаваў:

– Выходзь заўтра на працу ў хірургічнае аддзяленне – вопыт маеш.

– Дык я ж яшчэ не звольнілася, у мяне працоўная кніжка там засталася, – разгубілася Кацярына. 

– Нічога, прышлюць, – махнуў рукой галоўны ўрач. 

– Загадчыкам аддзялення тады быў Генадзь Пятровіч Якімовіч, старшай медсястрой Людміла Сяргееўна Гаральская, – успамінае свае першыя крокі ў астравецкай бальніцы Кацярына Антонаўна. – Хірургія зна­ходзілася на другім паверсе старога корпуса, дзе яшчэ нядаўна была кардыялогія. Там жа – неўралагічныя і лор-ложкі,  гінекалагічная палата, за шырмай – радзільнае аддзяленне. Лічы, увесь стацыянар у адным аддзяленні. Калі перайшлі ў новы чатырохпавярховы корпус, бальніца нам палацам здавалася!

У Астраўцы дзяўчына і ка­ханне сваё сустрэла: шчу­чынскі хлопец Міхаіл Са­вук пасля заканчэння тэх­на­лагічнага інсты­тута пры­ехаў па размер­каванні ў лясгас – ды так і працуе тут да сённяшняга дня: ён, як і жонка, адналюб. Дзве да­чушкі нарадзіліся ў сям’і. Ста­рэйшая Вікторыя, якая з маленства прападала ў мамы на рабоце, таксама звязала жыццё з медыцынай: яна – акушэр-гінеколаг у Смаргоні. А Насця пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта працуе эканамістам у Мінску.

– Мне шанцавала на доб­рых людзей. Калі пачынала працаваць, многаму вучылі вопытныя мядсёстры – Святлана Галавешкіна, Святлана Груздкова, Ала Артышэвіч, Яніна Дубіцкая. А Аляксандра Яфімаўна Ліпская не толькі ў рабоце добрым і мудрым дарадцам была, але і ў жыцці. І ўрачы, з якімі побач працавала, – усе цудоўныя людзі: Генадзь Пятровіч Якімовіч, Аляксандр Ільіч Павалоцкі, Іван Міхайлавіч Комлач, Уладзімір Сярге­евіч Пахомчык.

Пасля аддзялення Кацярына Антонаўна працавала ў хірур­гічным кабінеце, затым шмат гадоў была медсястрой ва ўра­ча-анколага. Пасля адкрыцця ў новай бальніцы аддзялення трансфузіялогіі перайшла сюды і перадае свой багаты вопыт маладым калегам.

– Усяго хапала – і ў рабоце, і ў жыцці. Вельмі цяжка, калі адыходзяць калегі, пацыенты, да якіх прыкіпеў душой, якія сталі блізкімі. Але, калі б вярнуцца ў маладосць, я зноў бы выбрала медыцыну, і менавіта хірургічны напрамак, – прызнаецца Кацярына Антонаўна. 

Такому пастаянству можна толькі пазайздросціць і павучыцца.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений