Апавяданне Ніны Рыбік «Макотра кашы»

12:07 / 08.05.2020

Вёсцы Уласы Хойніцкага раёна, спаленай фашыстамі і паліцаямі 22 мая 1943 года, прысвячаецца.

Усе падзеі, назвы, імёны – сапраўдныя. 

Захаваны асаблівасці мовы жыхароў вёскі.

12.jpg



– Аксіння, немцы!

Гэты вокліч мужа застаў жанчыну, калі яна заканчвала порацца. Здаецца, самі сабой пападалі дадолу пустыя вёдры… Немцы? Адкуль? За два гады вайны іх ні разу не бачылі ў сяле! У чэрвені 41-га прайшлі праз Уласы нейкія славакі, але нікога не зачапілі. Старшыня калгаса сваім пісарчуком і яшчэ некалькімі камуністамі пайшлі ў лес, ні з кім не ваявалі, ад немцаў хаваліся, хоць і зваліся партызанскім атрадам. Потым у Аравічы прыплыў па Прыпяці і высадзіўся Каўпак, з Уласоў хлопцы і маладыя мужчыны пайшлі да яго ў атрад, а потым – у Карпаты. Казалі, што з суседніх вёсак – Малочак і Баршчоўкі – маладых пагналі ў Германію, што спалілі Масаны і Перавессе, але ж ёй здавалася, што іх гэтая навала абміне.

Изображение 027.jpg



І вось – немцы! Што ж рабіць?

– Аксіння, што ты стаіш, як корч у лазе? – хутка запрагаючы каня, крыкнуў Майсей. – Бяры дзяцей, сядайце хутчэй на воз! Уцякаць трэба… 

– Дык жа ж Волечка гусей пасці пагнала… Мо, я пачакаю, пакуль яна вернецца? – кінуўшыся было ў хату, спынілася на паўдарозе гаспадыня.

– Ты, мо, здурэла? – злосна крыкнуў Майсей. – Я ж кажу табе: немцы з паліцаямі ачапляюць вёску з двух бакоў. З Украіны, з Машава ідуць. Вольга, як уратуецца, то знойдзе нас. А як не, то што, астатніх шасцёра палажыць тут, ды яшчэ і ўнукаў?

– Але ж, Майсей… – спрабавала яшчэ нешта запярэчыць жонка – і тут недзе застракатала аўтаматная чарга, ды так гучна, што Аксінні на момант падалося, што страляюць у суседнім двары. Яна кінулася ў хату.

– Хадоска, ты куды дзіця валачэш? – спынілася ўжо на парозе ад мужавага воклічу. – Ратуйся! 

Па вуліцы подбегам шыбавала Хадоска, цягнучы за руку сплаканую малую, якую нагуляла ад Паўлоўскага Мішы: той пайшоў з Каўпаком і, хоць і наказваў бацькам глядзець Хадоску, як яго самога, але ж за жонку не ўзяў. Ці не паспеў.

– Я да Хамы, у яго ж жонка надоечы памерла – каля смерці, кажуць, чапаць не будуць – не звяры ж, мусіць, і немцы тыя!

– Дурніца, уцякай у лес!

– Ды куды я ўцяку з ёю! – тузанула дзеўка малую за руку – і тая заплакала яшчэ мацней. – І на руках не панясеш – важкая ўжэ, і пабегчы шчэ не можа…

– Ну, як знаеш, – махнуў рукой Майсей. – Выбачай: я б і рады ўзяць на воз, ды свае ці памесцяцца. Аксіння, ты доўга куёўціцца будзеш! – зноў крыкнуў ён жонцы – і тая, перапалоханая, уляцела ў хату. 

– Дзеці, хуценька на воз! Уцякаць трэба. Немцы…

Малыя яшчэ менш, чым маці, ведалі, хто такія немцы і чаму ад іх трэба ўцякаць – хіба што Насця разумела небяспеку. Яна прыехала з двума малымі дзецьмі перад самай вайной да бацькоў з Баранавіч, дзе служыў яе муж-афіцэр, ды так і засталася, нічога не ведаючы пра свайго Сцяпана. Але ўсе, нават маленькая Раіса, борздзенька пасаскоквалі з печы, з прыпечка, з пасцелі і, як гарох, высыпалі на двор. Толькі Хведар разгублена сядзеў: у яго не згіналася ў калене нага – малым гуляўся з дзецьмі і зашчаміў паміж стальцамі, а да доктара не павезлі – не было каму і як, так і застаўся калечкай. 

Але тут у хату ўскочыў бацька, узяў сына на плечы і панёс да воза.

– Майсей, мо, трэба што ўзяць? –  кінуўшы на абярэмак сена, што ляжаў на возе, старое радно, спытала Аксіння.

– Ты чуеш, што страляюць? Сядай хутчэй! 

І перш чым жонка ўладкавалася ззаду воза, скамандаваў паслухмянаму Орліку:

– Н-но! 

Конь, моцна перацяты скураной пугай, прыспешыў крок, цягнучы воз, на якім умасцілася немалая сям’я. Ён ужо выйшаў са двара, як Аксіння саскочыла з воза:

– Ой, у печы ж макотра з кашай засталася!

– Ты што, зусім з глузду з’ехала? – не спыняючы каня, азірнуўся муж. – Якая каша?! Якая макотра?

– Вы едзьце, я даганю! – гукнула ўслед Аксіння. 

І ўжо ўбягаючы ў хату, пачула:

– Мы ў Яўменавым беразе будзем!

Жанчына хуценька адкінула засланку, дастала з печы макотру, у якой даспявала ячневая каша, схапілася за яе круглыя бакі – гарачая, хай на цябе трасца! Схапіла рудую канаплянку, што вісела на цвічку, разаслала пасярод стала, укруціла гарачую макотру, закінула за плечы, завязаўшы наперадзе вузлом, і памкнулася да дзвярэй – даганяць сваіх.

І тут пад вакном мільгануў цень. Аксіння прыгнулася, ушчамілася пад шырокі дашчаты полік, на якім спала ўся сям’я – добра, што малая ды худая! 

– І гэтыя, мусіць, паспелі ўцячы, халера на іх, – пачула яна голас, які падаўся ёй знаёмым: здаецца, так картавіў машаўскі хлопец, які некалі заляцаўся да іх дачкі Сафеі… Казалі, што ён, як пачалася вайна, пайшоў у паліцыю – добра, што і не аддалі за гада такога!

– А ты правер! – скамандаваў незнаёмы голас. 

Рыпнулі дзверы, – і жанчына ўці­сну­ла­ся ў самы кут, баючыся дыхнуць. Брудныя боты пратэпалі праз хату і спыніліся ля стала. Аксіння ўбачыла, што на правым запяклася кроў, і заплюшчыла ад страху вочы…

Але боты пагрукалі назад:

– Няма там нікога, – пачулася знадворку.

У двары стала ціха. Аксіння паўзком дабралася да драбіны ў сенцах і не ўзлезла, а, здаецца, узляцела на гары­шча. Кінулася да акенца, што выходзіла на гароды: за імі – лаза, от каб зараз там апынуцца! 

Пэўна, пра ратавальную лозу думала не яна адна: туды ж бегла суседская дзяўчына, Юркава Волечка. Косы яе распляліся і рассыпаліся па плячах, белая касыначка матлялася ў руцэ… І раптам прагучаў стрэл – Оля, узмахнуўшы касыначкай, павалілася на грады, дзе ўжо вытыркаліся зялёныя іголачкі нядаўна пасаджанай цыбулі…

«Божа, што ж гэта робіцца?» – Аксіння ў роспачы кінулася да другога акенца, якое выходзіла на вуліцу. І тут жа адхінулася: людзей выганялі з хаты, дзе ляжала памерлая Хамічыха і куды не адна Хадоска з дзіцем, відаць, пабегла, спа­дзеючыся ля чужой смерці ўратавацца ад сваёй. Хадоска ішла з самага краю, яе ўвесь час падганяў дулам вінтоўкі той самы машаўскі паліцай, які заходзіў да іх у хату. Малая абшчаперыла матку за шыю і крычала на ўвесь голас, а Хадос­ка, кусаючы малой пальцы, спрабавала адарваць ад сябе яе ручкі, тая адпускала на хвіліну – і зноў чаплялася на шыю. «Мусіць, звар’яцела маладзіца», – жахнулася Аксіння. 

Натоўп гналі да школы. Над саламянай страхой Хамічовай хаты займалася полымя. Свечка, што трапятала слабым язычком у акне на фоне ненажэрных сполахаў, здаецца, спрабавала адмаліць душу не толькі нябожчыцы, што ляжала ў хаце на лаве, а ўсіх, каго вывелі з хаты… 

Заняліся агнём хата Мікалая Паў­лоўскага, гумно Параскі Дземі­доў­скай. 

І раптам Аксіння ўбачыла, што языкі полымя скачуць і па яе акенцы. Яна кінулася да драбіны, кулём скацілася ўніз, перакінуўшы канаплянку з макот­рай са спіны наперад, прыкрылася ёй і, стараючыся не дыхаць, выпаўзла з ахопленай агнём хаты. Дым слаўся па-над зямлёй – і Аксіння паўзком стала выбірацца з селішча на агароды. Ужо калі мінула Юркаву Вольку – белая касыначка, заціснутая ў руцэ, трапятала на ветры, як сцяг, – дазволіла сабе раза­гнуцца. 

І тут жа пачула грознае «Хальт!» Азірнулася – зводдаль стаяў немец. «А хай цябе хіндзя б’е!» – раззлавалася жанчына і, прыціскаючы да грудзей макотру з кашай, кінулася бегчы. Ззаду даносілася «Хальт!», «Хальт!» і важкі тупат ног – а яна, не азіраючыся, шпарка бегла – адкуль толькі сілы браліся? – да выратавальнай лазы. 

Тупат за спінай сціх і пачуўся бразгат зброі. «Зараз будзе мне тое, што Вольцы», – падумала Аксіння. 

І тут сцежка абарвалася на беразе вялікай копанкі, куды яны круглы год хадзілі праць пазоленыя ў жлукце посцілкі. Не думаючы, што копанка глыбокая,  а вада халодная, жанчына з разбегу ўскочыла ў яму. І ў той жа момант прагучаў стрэл.

«Мусіць, жывая, – падумала, адпаў­за­­ю­чы ў зараснікі чароту пад крутым берагам. – Мо, і не параненая», – прыслухалася яна да сябе  і зазначыла, што нідзе не баліць.

Важкія крокі набліжаліся да яе хованкі. Жанчына апусцілася як мага глыбей, уціснулася ў ілістае дно, трымаючыся рукамі за карані чароту, каб незнарок не ўсплыць, – з вады вытыркалася толькі запэцканая сажай плямка твару.

Крокі спыніліся якраз над ёй. Бразнуў затвор аўтамата. «Ну вось і ўсё… Убачыў такі… Накарміла дзяцей кашай…» Аўтаматная чарга паласнула па вадзе – кулі ціўкалі і  падымалі бурбалкі на сярэдзіне копанкі, затым пасеклі лісце па кустах вербалозу, што схілілі голле да самай вады на тым беразе. «Ён думае, што я паспела перабрацца», – з палёгкай падумала Аксіння. – Ці лічыць, што забіў з першага стрэлу? Ну і хай сабе думае! А ў лозу ты чорта з два сунешся, пабаішся!»

Немец пастаяў  на беразе яшчэ колькі часу, потым буркнуў: «Капут!» – і цяжкія крокі пачалі аддаляцца.

Яны даўно заціхлі, а Аксіння ўсё яшчэ ляжала ў вадзе, не верачы, што ацалела, – адзінае, што прыўзняла вышэй макот­ру, каб каша не сплыла з вадою.

…Калі яна выбралася на другі, зарослы лазою бераг, вёска дагарала. Жанчына пашукала вачыма сваё селішча, з якога ўцякла некалькі гадзін таму, – за грушай-дзічкай, дзе стаяла іх хата, падпіраў неба такі ж чорны комін, як і на ўсіх астатніх, і гэтак жа курэў дым. Ад школы чуліся крыкі і енкі людзей, аўтаматныя чэргі і адзінокія стрэлы, крыкі на незразумелай мове і лаянка паліцэйскіх. 

Аксіння не плакала – слёзы, здаецца, высушыла полымя, у якім згарэла іх горкім мазалём зробленая хата і ўся вёс­ка. 

3.jpg


Не радавалася, што засталася жыць – не ведала, ці надоўга. Ды і хто скажа, каму цяпер лепш? «Прыйдзе час, што жывыя будуць зайздросціць мёртвым» – успомніла яна прароцтва дзеда, які штовечар чытаў Біблію.

Цешыла адно: яна ўсё ж прынясе дзецям цэлую макотру кашы!

І Аксіння падалася ў Яўменаў бераг шукаць сваіх.   

Ніна Рыбік



Тлумачэнні

Макотра – гліняны гаршчок асаблівай формы

Куёўціцца – доўга збірацца

Сталец – драўляная лаўка 

Радно – саматканая посцілка

Бераг – невялікі лес

Засланка – жалезны ліст, якім закрывалася печ

Канаплянка – вялікая цёплая хустка

Полік – збіты з дошак, замена ложку,  прыкладна тое, што па-руску «нары».

Драбіны – лесвіца

Лаза – зараснікі лазняку

Копанка – выкапаная сажалка

Праць пазоленыя ў жлукце посцілкі – спосаб мыцця бялізны: яе складвалі ў бочку без дна – жлукта, пастаўленае на цэбар ці начоўкі, перасыпалі кожны рад попелам, затым залівалі кіпенем і накрывалі. Пасля таго, як бялізна колькі часу так залілася, яго даставалі і неслі праць – мыць, паласкаць – да вады: на рэчку, копанку, канаву.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик