Шаснаццаты тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

08:43 / 08.05.2020
«Дзякуй за натхненне для вывучэння роднага краю, – такімі словамі закончыла адказ на заданне чарговага тура конкурсу Кацярына Вараб’ёва. – Мы жывём тут пяць гадоў і думалі, што ўсё ўжо бачылі, але аказалася, што яшчэ вельмі шмат новага можна для сябе адкрыць». Такая ацэнка радуе, бо менавіта для таго, каб карэнныя і новыя астраўчане маглі спазнаць і вывучыць знаё­мы і невядомы родны край, і задумвалася «вандроўка па Астравеччыне даўжынёй у год», як трапна назваў конкурс яго пастаянны ўдзельнік Алег Драган.

Што тычыцца вынікаў, то пятнаццаты тур, як і меркавалася, не выклікаў цяжкасцей у пастаянных удзельнікаў. Хоць здымак быў пададзены не сучасны, але заблытаць канкурсантаў не ўдалося – усе, хто адгукнуўся, пазналі Святаянскую, ці быстрыцкую, крыніцу. 

1.jpg



Крыніца гэтая па сваіх уласцівасцях даволі рэдкая, яна адносіцца да мадыднага тыпу – вада сочыцца па пакатай паверхні, ствараючы тонкую водную плёнку. Лічыцца, што вада з быстрыцкай крыніцы валодае прыроднымі гаючымі ўласцівасцямі, узбагачана іонамі серабра, яна не псуецца пры доўгім захоўванні. Існавала павер’е, што, напіўшыся гэтай вады, чалавек пазычае сілу зямлі. Нашы канкурсанты расказалі нямала легенд аб цудадзейнай сіле вады з быстрыцкай крыніцы: пра сляпую дзяўчыну, якая стала відушчай, памыўшыся вадой са Святаянскай крыніцы; пра скалечанага салдата, які адужаў; пра скупога пана і беднага юнака, якога выратавала ад смерці гаючая вада.  

Канкурсанты паведамілі нямала цікавых гістарычных звестак пра камень, які стаіць для падножжа крыніцы. Ён быў устаноўлены ў 1921 годзе ў гонар прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 года і аб’яўлення незалежнасці Польшчы. 

Падчас рэканструкцыі крыніцы напрыканцы 20 стагоддзя камень гэты быў змешчаны ўбок, а побач за сродкі мясцовых жыхароў пабудавана капліца. Кожны год у дзень святога Яна (24 чэрвеня) тут адбываецца набажэнства, на якое прыходзяць жыхары не толькі Быстрыцы, але і навакольных вёсак. Часта да крыніцы прыязджаюць экскурсіі – і ніводзін турыст ці паломнік не вяртаецца дамоў без гаючай быстрыцкай вады. 

За адказы на 15 тур па аднаму балу атрымліваюць Ірына Шляхтун і Сяргей Жукоўскі. Два балы зарабіла Ванда Вайшнаровіч. Па тры балы за разгорнутыя адказы, якія суправаджаліся фотаілюстрацыямі, налічаны Жанне Волк-Леановіч, Алегу Драгану, Святлане Марозавай, Ганне Мілашэвіч, Вікторыі Іванцэвіч, Марыне Кімса. А Кацярына Вараб’ёва, якая даслала не толькі фотаздымкі і звесткі пра быстрыцкую крыніцу, але і відэа пра яе наведванне (яно змешчана на сайце «АП»), атрымала 4 балы. 

Тройка лідараў пакуль не змянілася: Марына Кімса – 44 балы, Алег Драган – 40, Алена Памецька – 35. Але з-за таго, што Алена Памецька прапускае другі этап запар, на пяткі ёй наступаюць Ганна Мілашэвіч з 34 баламі і Жанна Волк-Леановіч, у якой 32.


Дзе гэта, што гэта?

2.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).
Текст: Нина Рыбик