Знаёмцеся: пазаштатныя аўтары «Астравецкай праўды»

10:47 / 05.05.2020
За стварэннем «Астравецкай праўды» стаяць не толькі супрацоўнікі рэдакцыі – але і пазаштатныя аўтары.

У Дзень друку мы хочам пазнаёміць чытачоў з актыўнымі ўдзельнікамі стварэння «раёнкі». Іх мы папрасілі адказаць на пяць пытанняў аб галоўным:


1. Якое месца ў вашым жыцці зай­мае «Астравецкая праўда»?

2. Колькі доўжыцца ваша сяб­роў­ства з «раёнкай»? Ці  памятаеце сваю першую публікацыю?

3. Які шлях праходзіць ваш матэ­рыял перш, чым трапіць на старонкі газеты?

4. Што любіце чытаць у «Астравецкай праўдзе»? Якіх тэм у ёй вам не хапае?

5. Што пажадаеце газеце, журна­лістам і чытачам?

Крыжаванкі

Лявон Целеш, г. Дзяржынск:

1.jpg



1. Супрацоўнічаю з многімі выданнямі. Аднак найбольш мне падабаецца складаць крыжаванкі ў «Астравецкую праўду». Кожны год ка­лектыў рэдакцыі віншуе мяне з навагоднімі святамі, а трымаць у руках сапраўдную паштоўку – невыказная радасць. Заўсёды гэтым хвалюся сябрам і знаёмым! (Усміхаецца.)

2. Першую крыжаванку, прысвечаную 540-годдзю Аст­раўца, я даслаў у «раёнку» дванаццаць гадоў назад. Так пачалося наша сяброўства! А з раёнам пазнаёміўся нашмат раней: дзесьці ў 70-х гадах мінулага стагоддзя. Як намеснік старшыні прафкама Белгіпразёма шукаў цікавых пісьменнікаў для сустрэчы з нашым працоўным калектывам. Лёс звёў мяне з выбітным сынам астравецкай зямлі Адамам Мальдзісам, дзякуючы якому я адкрыў для сябе шмат імён таленавітых і вядомых людзей, якія нарадзіліся альбо жылі ў вашым краі: святар-паэт Казімір Сваяк, першы дыпламат Расійскай імперыі ў Японіі Іосіф Гашкевіч і іншыя. Дзякуючы «Астравецкай праўдзе» пазнаёміўся з літаратурнай творчасцю Ніны Рыбік, Таісы Сямёнавай, Людмілы Валадзько, Станіслава Валодзькі. 

3. Працуецца над кры­жа­ванкамі па-рознаму: бывае, дзень-два, а здараецца, работа расцягваецца на ты­дзень. У мяне ёсць спецыяльны журнал, у якім адведзены графы пад  словы з трох, чатырох, пяці, шасці ці сямі літар.  Занатоўваю прыказкі, прымаўкі і цікавыя вы­слоўі. Калі, напрыклад, працую над астравецкай тэмай, то настольнай кнігай для мяне становіцца зборнік «Астравецкай зямлі галасы» – выбіраю цытаты з вершаў і празаічных твораў мясцовых літаратараў. 

4. Ваша газета ад «А» да «Я» піша пра жыццё горада і раёна. Люблю чытаць пра лю­дзей, вёскі, падабаюцца лі­та­ратурныя падборкі. Доб­ра было б, каб на старонках «раён­кі» з‘явіўся праект для дзя­цей. 

5. У гэты смутны час самае галоўнае – здароўе! Чаго і жадаю журналістам і чытачам!

Вершы

Антаніна Рыбалка, вёска Муляраўка Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці: 

р 023.jpg



1. Хоць ад Астраўца мяне аддзяляе не адна сотня кіламетраў, часцінка маёй душы адданая вашаму краю. На Астравеччыне жывуць мае родныя людзі: старэйшая дачка і ўнучка з сем’ямі, унук, праўнукі. 

«Астравецкую праўду» выпісваю больш за дзесяць гадоў і з задавальнен­нем чытаю. Прыемна, што на старонках «раёнкі» час ад часу з’яўляюцца і мае вершы, якія імкнуся пісаць душой. Ці добра ў мяне гэта атрымліваецца? Напэўна, не мне меркаваць… Калі вершы падабаюцца чытачам ці дапамагаюць ім знайсці адказ у няпростай жыццёвай сітуацыі – значыць, маё сяброўства з «Астравецкай праўдай» чагосьці вартае.

2. Пісаць больш плённа пачала з выхадам на пенсію. Жыву адна – шмат вольнага часу. З астравецкай «раёнкай» супрацоўнічаю каля дванаццаці гадоў. Мае вершы таксама друкуюцца ў мясцовай газеце «Петрыкаўскія навіны», «Сябар пенсіянера» і «Літаратура і мастацтва». Упершыню на старонках «Астравецкай праўды» мой верш «Жанчынам» з’явіўся ў 2008 годзе ў забаўляльным дадатку «Суботні калейдаскоп».  

3. Прафесійнага дачынення да журналістыкі, а тым больш да літаратуры, не маю – у мяне эканамічная адукацыя. Вершы – іх у мяне крыху больш за дзве сотні – нараджаюцца па поклічы душы: здаецца, што іх нехта нашэптвае на вуха, а я толькі паспяваю запісваць. Аднак працэс напісання не такі просты, якім можа падацца на першы погляд. Кожнае слоўца, нібыта кветку, трэба прыгожа ўплесці ў вершаваны вянок. Памятаю рэакцыю былога галоўнага рэдактара «Петрыкаўскіх навін» Івана Віктаравіча Самахвалава: ён пусціў скупую мужчынскую слязу, прачытаўшы мой верш пра маці. У творы я ўкладваю душу, і калі гэта адчуваюць чытачы – для мяне галоўная ўзнагарода. Можна бяздушна рыфмаваць радкі, накшталт «люблю-куплю», – але гэта, прабачце, атрымліваецца ўжо нейкае графаманства, а не паэзія. 

4. Мне ёсць з чым параўноўваць: смела магу сказаць, што «Астравецкая праўда» – самабытная, у пэўным сэнсе ўнікальная газета, дзе большасць матэрыялаў – аўтарскія, а не з інтэрнэту. Мне, як творчаму чалавеку, найбольш імпануюць такія праекты і рубрыкі, як «Літаратурная старонка» і «Лёсы людскія».  

5. Прыемна ўсведамляць, што хоць на некалькіх сотых працэнта я маю дачыненне да стварэння газеты. Калектыву рэдакцыі – вострага пяра і цікавых тэм, а чытачам, каб і надалей не здраджвалі «раёнцы».
Здароўя і вясенняга настрою ўсім нам! І памятайце: вы – лепшыя!

Гісторыя

Бондарик.jpgВіталь Бандарык, Астравец-Вілейка:

1. Філасофскае пытанне… (Задумваецца.) Выпісваю «Беларусь сёння», «Камсамольскую праўду» і, канешне ж, «Астравецкую праўду» – для мяне яна на першым месцы.

2. У партыйнай школе мяне, аграрыя, лёс звёў з жур­налістам – я яму пад­кідваў тэмы, ён пісаў. Працэс гэты мяне зацікавіў, і краем вока я стаў падглядваць, як нараджаюцца артыкулы. Значна пазней галоўны рэдактар тагачаснай «Эканамічнай газеты» пра­панаваў супрацоўніцтва, маўляў, галоўнае – пішы, а мы, калі што, падправім. У выніку ў артыкуле аўтарска­га заставалася толькі палаві­на, цяпер – каля 90-95 працэн­таў. 

З «Астравецкай праўдай» пачаў цесна супрацоўнічаць каля трох гадоў назад. Першы артыкул – «Тридцать лет спустя, или С лёгким паром», праўда, загаловак тагачасны галоўны рэдактар Ніна Рыбік крыху перафразіра­­вала. (Усмі­­­хаецца.) Дасылаю матэрыя­лы ў газеты Бераставіцы і Вілейкі.

3. Калі б я быў штатным су­п­рацоўнікам газеты, то, на­пэў­на, так хутка, як журна­ліс­ты, не змог бы «выдаваць» матэ­рыялы. Сваю работу над артыкуламі  назаву «няспешнай тэхналогіяй»: занатоўваю ўспаміны, факты, а потым працую над цэльным тэкстам – работа можа расцягнуцца на месяцы. Напрыклад, над артыкулам пра легендарнага старшыню калгаса «Чырвоны Кастрычнік» Часлава Іосіфавіча Рынкевіча працаваў сорак пяць дзён. 

4. Я працаваў у сельскай гаспадарцы раёна, таму цікаў­люся зводкамі з палёў, прыемна бачыць на старонках газеты людзей, якіх я памятаю за рулём трактара ці камбайна, – але такіх, на жаль, з кожным годам усё менш.

Неяк у Астраўцы сустрэўся з былым калегам і пацікавіўся, ці выпісвае ён «Астравецкую праўду». «Выпісваю, а як жа! – адказвае ён. – Трэба ж ведаць, хто нарадзіўся і хто памёр». Гэты прыклад красамоўней за ўсё гаворыць пра тое, што газета маштабна і аб’ёмна адлюстроўвае жыццё горада і раёна і кожны чытач на старонках «Астравецкай праўды» знойдзе СВОЙ матэрыял, артыкул, інфармацыю. Малайцы, вы здорава працуеце!

У гэты няпросты час раённая газета для чытача павінна быць дарадцам і даваць пазі­тыўныя эмоцыі. Негатыву і так хапае. У «Вольным вечары», напрыклад, можна друкаваць фотаздымкі прыгожай прыроды ці жывёл, каб, глянуўшы, чалавек адразу ўсміхнуўся б.

5. Кажуць, ёсць пяць лека­раў: сонечнае святло, адпачынак, рацыянальнае хар­ча­­ванне, сябры, здаровая ўпэў­ненасць у сабе – гэтага і жа­­даю журна­лістам і чытачам.

Краязнаўства

Уладзімір Прыхач, г. Смаргонь:

Прыхач 2.jpg



1. «Астравецкая праўда», як і іншыя выданні нашага рэгіёну – «Ашмянскі веснік» і «Светлы шлях», – займаюць значнае месца ў маім жыцці. За рэгіянальнай прэсай, асабліва мяне цікавяць краязнаўчыя матэрыялы, сачу праз сайты «раёнак» – у нас агульная гісторыя, спадчына, карані. 

2. Нават і не скажу, колькі гадоў нашаму сяброўству з «Астравецкай праўдай». (Усміхаецца.) Гэта, напэўна, неістотна, галоўнае – супрацоўніцтва плённае! Кожную сваю публікацыю падшываю ў архіў. Калі не памыляюся, першы артыкул, які надрукавала «раёнка», быў прысвечаны Дузе Струвэ і яе трыангуляцыйнаму пункту Конрады. Да вялікай радасці, мой артыкул меў працяг: журналісты сумесна з краязнаўцамі адшукалі гэты пункт. Пазней выйшаў матэрыял пра Некрашуны. Карэспандэнты «раёнкі» і на гэты раз не паленаваліся і правялі невялікае даследванне: яшчэ адзін пункт знакамітай Дугі Струвэ на Астравеччыне быў знойдзены. Дзеля такіх адкрыццяў, калі ведаеш, што ўсё гэта патрэбна не аднаму табе, хочацца далей працаваць і адшукваць звесткі з нашай агульнай гісторыі.

3. Несумненна вялікім падспор’ем для краязнаўцаў з’яўляецца інтэрнэт. Раней, каб адшукаць нейкія звесткі, трэба было ехаць у архівы – цяпер шмат інфармацыі, у тым ліку арыгінальныя гістарычныя дакументы, можна знайсці на спецыялізаваных сайтах. Над рознымі тэмамі працуецца па-рознаму: пошукі інфармацыі займаюць ад паўтара тыдня да паўгода. У гэтым сэнсе праца краязнаўцы нечым нагадвае работу рэстаўратара: разрозненыя факты, лічбы, даты, як пазлы, трэба скласці ў адзін агульны малюнак – аднавіць кавалак гісторыі. 

Над чым працую зараз? Задумак і тэм з гістарычнай мінуўшчыны цяперашняй Астравеччыны шмат. Некалькі гадоў назад з сябрамі сплаўляўся па рацэ Страчы, мяне захапілі мясцовыя краявіды. А пазней на вочы трапіла некалькі артыкулаў у польскай прэсе пра тое, што ў 30-я гады мінулага стагоддзя рэчышча Страчы хацелі накіраваць у Свірскае возера, пракапаць канал да Ністанішак і пабудаваць там гідраэлектрастанцыю. Ці было гэта насамрэч, патрэбна яшчэ даказаць. Але цікавым падаецца той факт, што  стала б са Страчай, каб гэта задума была ўвасоблена ў жыццё? Ці змог бы я, як і іншыя этузіясты, сплаўляцца па рацэ і атрымліваць асалоду ад прыгажосці навакольнай прыроды?

4. Журналістам варта было б пагартаць падшыўкі дваццацігадовай даўніны і падрыхтаваць матэрыялы пра падзеі тых часоў, адсачыць лёсы герояў публікацый. Мне здаецца, чытачам быў бы цікавы такі экскурс у недалёкую гісторыю. А яшчэ мне вельмі даспадобы прэс-туры, якія ладзіліся ў мінулыя гады, гэтую традыцыю варта аднавіць – гэта згуртоўвае і збліжае ўсіх нас – астраўчан, смаргонцаў і ашмянцаў.

5. Калектыву «Астравецкай праўды» жадаю плёну, цікавых тэм і адданых чытачоў. Здароўя журналістам і іх блізкім, гармоніі і дабрабыту ў сем’ях. Са святам!


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: