Як праходзяць вясенне-палявыя работы ў КСУП «Варняны»
08:03 / 20.04.2020
Яравы клін у «Варнянах» сёлета зменшыўся на 200 гектараў. Адбыліся змяненні і ў структуры пасяўных плошчаў: авёс пасеяны на 25 гектарах (у 2019-м – на 200), ячмень – на 1 856 (летась – на 1 400), пшаніца – на 172 (у мінулым годзе – 370 ).
На гэты раз паглядзець на ход вясенне-палявых работ я вырашыла вачыма механізатараў.
Непадалёк ад вёскі Бабраўнікі каля вялікага пасяўнога агрэгата завіхаўся сейбіт Уладзімір Мятлеўскі. Да слова, мінулай восенню ў раённых спаборніцтвах сярод аратых мужчына быў адзначаны граматай і падарункам у намінацыі «За волю да перамогі» – механізатар не спыняў трактар цэлую ноч. Неаднойчы разам з напарнікамі мужчына ўваходзіў у кагорту камбайнераў-«тысячнікаў» раёна.
Прашу Уладзіміра расказаць пра сяўбу, але ён толькі махнуў, зазначыўшы:
– Не да каментарыяў. Сеялка пастаянна ламаецца.
Не першы сезон з зернесховішча збожжа на поле возіць Віктар Садоўскі.
– Нам на падмогу прыйшлі сеялкі з «Гудагая» і «Гервят» – у іх і тэхніка лепшая, і пасяўныя плошчы меншыя, – гаворыць вадзіцель. – Ці будзем сёлета з хлебам? Бог яго ведае… Шмат чаго ад надвор’я залежыць, не хапае вільгаці і цяпла.
КСУП «Варняны» – адзіная ў раёне гаспадарка, якія займаецца свінагадоўляй. Каб накарміць свіней і буйную рагатую жывёлу, з кожнага гектара, з улікам азімых, варнянцам трэба намалаціць не менш за 40 цэнтнераў. Да слова, летась з гектара тут сабіралі па 20 цэнтнераў.
Больш за 20 гадоў Сяргей Лабастаў адпрацаваў у «Варнянах». Летась мужчына перайшоў у КСУП «Гудагай»
Другі вадзіцель, Эдуард Вярбовіч, які дастаўляе на поле мінеральныя ўгнаенні, лічыць, што ўраджай шмат у чым залежыць ад тэхналогіі: пасевы ў час і ў поўным аб’ёме трэба падкарміць і апрацаваць ад шкоднікаў і пустазелля. Калі з арганікай праблем у гаспадарцы няма, то фосфарных мінеральных угнаенняў пад патрэбу не хапае – пра гэта сведчыць зводка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.
У дзень майго прыезду Юрый Мажэйка «лейкай» уносіў мінеральныя ўгнаенні пад пасевы рапсу. Да слова, з восені варнянцы пасеялі 600 гектараў крыжакветкавага.
Пакуль адны сеюць і кормяць, другія рыхтуюць глебу. На подступах – час сяўбы цёплалюбівай кукурузы і цукровых буракоў. Пад іх у КСУП «Варняны» сёлета адвядуць 300 і 1 692 гектары адпаведна.
Няма тых работ, на якіх не быў бы задзейнічаны Генадзь Валанцэвіч. Сёлета механізатар культывуе глебу. За дзень мужчына апрацоўвае каля 25 гектараў.
– Працуем, як і кожны год.. Летась, напрыклад, хадзіў з плугамі, сёлета культывую глебу. Галоўнае, каб тэхніка не ламалася – гаспадрка даўно нічога новага не набывала. А за людзьмі справа не пастаіць, – на развітанне сказаў хлебароб.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.