З якім настроем астраўчане сустракаюць вясну

11:21 / 17.04.2020
У астраўчан і гасцей горада наш карэспандэнт пацікавіўся, з якім настроем яны сустракаюць вясну. 

Аляксандр Марозаў, дзяжурны кантрольна-прапускнога пункта:

Марозаў15.jpg



– Па жыцці я аптыміст. Нарэшце вясна адужала зіму: з выраю вярнуліся птушкі, кволымі лісцікамі праклюнуліся пупышкі, паказаліся галоўкі першацветаў. Будзем жыць! Не разумею панікі, якую людзі разводзяць вакол каронавіруса. Мне пайшоў шосты дзясятак – баяцца няма чаго. Лічу, што наканавана лёсам, таго не пазбегнуць. Нездарма кажуць: не можаш змяніць сітуацыю, змяні свае адносіны да яе.
 
Івета Масейка, вучаніца:

Масейка2.jpg



– Канікулы праводжу дома. Мяне радуе цёплае вясенняе сонейка, якое кліча на шпацыр. Свой настрой апісаць складана: страшна за тое, што творыцца ў свеце. Застаецца толькі верыць, што хутка ўсё вернецца на кругі свае. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Аксана Сацура, інжынер па падрыхтоўцы кадраў:

Сацуро4.jpg



– Настрой проста цудоўны! Пасля зімы ажыла прырода, падоўжыўся дзень, расцвілі першыя кветкі. Няўжо гэта можа не радаваць? Разам з блізкімі адзначылі Вялікдзень: абмяняліся яйкамі і згулялі, як і ў дзяцінстве, у біткі.

Яўген Данусевіч, вучань:

Данусевіч1.jpg



– Вясну сустракаю аптымістычна! Думаў, што толькі зіма можа так сваволіць, – але ж вясна ёй не саступае. У красавіку пабачыў і снег, і дождж, і падвоеную вясёлку. 

Аксана Кіндзер, настаўнік:

Кіндзер2.jpg



– Вясна – сімвал новага жыцця, вечнай маладосці, незгасальнага кахання і любові да жыцця. Менавіта гэтай парой многія людзі быццам ажываюць разам з прыродай, абуджаюцца, чакаюць пераменаў. У тым ліку і я. Вясна матывуе і натхняе на новыя адкрыцці. На жаль, многія людзі цяпер абмежаваныя ў сваіх жаданнях і дзеяннях – у свеце пануе каронавірус… Веру ўсім сэрцам, што ў маі сітуацыя зменіцца да лепшага: разам з прыродай і сонечным цяплом у душы кожнага чалавека з'явіцца вясёлка, якая будзе сімвалізаваць бязмежную радасць і шчасце. 

Антон Удзікаў, вучань:

– У сувязі з няпростай эпідэміялагічнай сітуацыяй канікулы расцягнуліся на тры тыдні. З аднаго боку, гэта радуе – можна адпачыць ад школьных заняткаў, з другога засмучае – прапускаем урокі. Але, лічу, такія захады цалкам абгрунтаваныя. Наколькі ведаю, самыя адчувальныя да каронавіруса пажылыя людзі, таму дзецям і падлеткам варта мінімізаваць кантакты са сваімі старэйшымі родзічамі.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: