Фінішная прамая сяўбы ранніх збожжавых у КСУП «Міхалішкі»

10:52 / 14.04.2020
Напрыканцы мінулага тыдня на Астравеччыне завяршылася сяўба ранніх культур: збожжавыя пасеяны на плошчы 7 715 гектараў. Хлебаробы ўжо прыгортваюць у глебу насенне цукровых буракоў і кукурузы. 

На мінулым тыдні наш карэспандэнт пабываў у КСУП «Міхалішкі», дзе аграрыі завяршалі сяўбу збожжавых, і даведаўся, з якім настроем працуюць механізатары. 

IMG_0834.jpg


Для Алега Кавалевіча сёлетняя яравая сяўба ў якасці галоўнага агранома першая. Да гэтага малады чалавек два гады працаваў у гаспадарцы загадчыкам раслінаводчага ўчастка №2 – набіраўся вопыту і вывучаў міхалішкаўскія і страчанскія землі.

– Канешне, хвалююся, – прызнаецца галоўны тэхнолаг палёў.  – Што цяпер пасеем, тое будзем і жаць. Галоўнае, каб надвор’е не падвяло: да пасяўной кампаніі падрыхтаваліся добра. Тэхніку новую не набывалі, але ўсе трактары і прычапныя агрэгаты адрамантавалі. 

IMG_0865.jpg



У дзень майго прыезду ў КСУП «Міхалішкі»  працавала два пасяўныя глебаапрацоўчыя агрэгаты, дзве СПУшкі, чатыры культыватары, два плугі і адна «РАСА».

Колькасна і якасна структура яравога кліну ў гаспадарцы амаль не змянілася: хлебаробы КСУП «Міхалішкі» плануюць пасеяць крыху больш за 2 600 гектараў, з якіх 1 440 адведзена пад раннія збожжавыя і зернебабовыя культуры. Насенне аўсу прыгорнута на 153 гектарах, ячменю – на 660, пшаніцы – на 530.

– Сёлета пасеялі 100 гектараў зернебабовых – гароху і аўсу, – працягвае галоўны аграном. – Пад яравую пшаніцу адвялі на 200 гектараў менш, чым у мінулым годзе, бо яна, у адрозненні ад азімай, родзіць слабей і дае на круг на пяць-дзесяць цэнтнераў менш. 

IMG_0847.jpg

Вадзіцель Сяргей Гнутаў за дзень падвозіць на поле ад 5 да 20 тон збожжа



За вёскай Завідзіненты на магутных пасяўных агрэгатах збожжа сеялі браты Валерый і Сяргей Сташко. Пацікавілася ў механізатараў, як ім працуецца.

– З пераменным поспехам. Шмат залежыць ад таго, дзе сеем, – гаворыць Валерый Сташко. – На міхалішкаўскіх палях каля 30 гектараў за дзень засяваю, а на страчанскіх, бывае, толькі 5. Палі там маленькія, дробнаконтурныя – не развярнуцца: СПУшкі лепш спраўляюцца, чым мы.

IMG_0840.jpg



Па словах Валерыя, саперніцтва  паміж ім і братам няма. 

– Наадварот, разам шпарчэй працаваць, – падтрымлівае брата Сяргей. – Вясна сёлета сухая, але ёсць на палях участкі, дзе нават наша тэхніка гразне. 

IMG_0860.jpg



Штогод прафсаюз райкама работнікаў аграпрамысловага комплексу падчас вясенне-палявых работ ладзіць працоўнае спаборніцтва сярод механізатараў. Летась лепшым у раёне на ўнясенні арганікі прызнаны Міхаіл Дашын, які цяпер культывуе глебу. 

– Наша задача – своечасова падрыхтаваць зямлю і пасеяць збожжа, падкарміць пасевы і апрацаваць іх ад шкоднікаў і пустазелля. А там ужо як бог дасць! – па-філасофску зазначае механізатар. 

IMG_0853.jpg

IMG_0827.jpg

Карбамідна-аміячную сумесь на поле падвозіць Іосіф Мяльдзюк



На працягу апошніх гадоў у КСУП «Міхалішкі» не вырошчваюць бульбы – як і ў КСУП «Варняны» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Затое эканамічна выгадныя культуры – цукровыя буракі і рапс – тут па-ранейшаму ў прыярытэце. 

– З восені пасеялі 400 гектараў крыжакветкавага. З дня на дзень пачнём сеяць цукровыя буракі – яны зоймуць 300 гектараў. Насенне цукровікаў у лік будучага ўраджаю бралі на Слуцкім цукровым заводзе, – расказвае Алег Кавалевіч.

Аграрыі дбаюць і пра кармы: на 800 гектарах будзе пасеяна кукуруза. Насенне аднагадовых траў заняло 54 гектары (110% ад запланаванага). 

Аднак не сяўбой адзінай… Каб атрымаць добры ўраджай, трэба своечасова і ў поўным аб’ёме падкарміць рапс і азімыя збожжавыя. 

На самаходным распрысквальніку вадкіх угнаенняў «РАСА» гэтым не першы год займаецца адзін з самых вопытных механізатараў Андрэй Чайснойць – да слова, некалькі гадоў назад партрэт мужчыны быў занесены на раённую Дошку гонару. 

– Падкармліваю азімы трыцікале. У лепшыя дні апрацоўваю да ста гектараў. Ці ўраджайным будзе год? – перапытвае мужчына. – Трэба спа­дзявацца на лепшае! Моцна дождж патрэбны: у глебе не хапае вільгаці – збожжа не хоча прарастаць. Па вялікім рахунку, сяўба – аснова будучага ўраджаю. Нездарма дзяды казалі: што пасееш, тое і пажнеш.

IMG_0819.jpg



ЛІЧБА

1 497 гектараў (57%) засеяна ў КСУП «Міхалішкі» па стане на 12 красавіка.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич