Са светлым святам Вялікадня віншуе дзекан Астравецкі Кс. Канонік Юзаф Багдзевіч

08:06 / 12.04.2020

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Падчас велікодных святаў разам з усім Паўсюдным Касцёлам мы спяваем старажытны гімн праслаўлення: «Узрадуйцеся, мноства анёлаў, у небе; весяліцеся, слугі Бога. Няхай загучаць званы, што абвяшчаюць збаўленне, бо такі вялікі Кароль святкуе перамогу». У Пасхальнай таямніцы мы ўшаноўваем трыумф Езуса Хрыста над сіламі цемры, граху і смерці. Праз сваю Муку, Смерць і Уваскрасенне Сын Божы раз і назаўсёды скрушыў кайданы зла, перамог адвечнага ворага нашага збаўлення, а ўсяму чалавецтву аб’явіў бязмежнасць Божай любові і ўказаў шлях да жыцця вечнага.

Перажываючы радасць велікодных святаў, жадаю вам, дарагія браты і сёстры, каб пасланне надзеі, якое Уваскрослы Збаўца нясе ўсяму чалавецтву, апраменьвала кожны дзень жыцця святлом Божай праўды. Няхай Хрыстус Пан напоўніць вашы сэрцы мірам і даверам, умацуе ў іх веру і любоў, адорыць моцай і адвагай у пераадоленні ўсялякіх цяжкасцяў. Няхай Божая ласка вядзе кожнага з вас шляхамі штодзённасці да хвалы будучага ўваскрасення.

Жадаю Божага благаслаўлення, добрага здароўя, шчодрасці ўсялякіх ласкаў і дароў ад Хрыста Уваскрослага Вясёлага Аллелюя! Хрыстус уваскрос!

Дзекан Астравецкі Кс. Канонік Юзаф Багдзевіч



Текст: Главный администратор