Крыжовы шлях вачыма Алены Гануліч

08:43 / 10.04.2020

Праз мукі і цярпенні на крыжы ў Вялікую пятніцу Сын Божы адкупіў людзей, а праз тры дні з мёртвых паўстаў. Кожны год тысячы вернікаў ва ўсім свеце чакаюць гэтую значную падзею – Свята ўваскрэсення Хрыста – сімвал верхавенства жыцця над смерцю, веры над бязвер’ем, святла над цемрай.

У апошнія дні перад Вялікаднём у кожнага з нас ёсць магчымасць перажыць Кальварыю Сына Божага, каб з верай, надзеяй і любоўю несці па жыцці ўласны крыж.

1.jpg

Стацыя 1: Езус асуджаны на смерць

Яшчэ ўчора людзі называлі Цябе валадаром Сусвету і гатовыя былі ісці за Табой, а сёння патрабуюць укрыжаваць. Ніхто не ведае, што ў гэтыя страшныя імгненні рабілася ў Тваёй душы, але Ты з пакорай прыняў людскі прысуд.

Езус, навучы нас цярпенню, каб цяжкасці і хваробы мы ўспрымалі, як часовае выпрабаванне, а не кару Божую.

Стацыя 2: Бярэ крыж на свае плечы

Кажуць, што чалавеку заўсёды хопіць сіл, каб несці ўласны крыж. У складанай хваробе ці хвілінах адчаю мы наракаем на Бога і задаём яму – ці хутчэй сабе – пытанні: «За што?», «Чаму я?». І хочам пазбавіцца свайго крыжа, уцячы ад яго: мы ж не горшыя за астатніх.

Езус, навучы нас прымаць крыж і гэтаксама пакорліва, як і ты, несці яго на Галгофу.

2.jpg

Стацыя 3: Падае першы раз

Знясілены і спустошаны пад цяжарам крыжа амаль у пачатку дарогі Езус падае. Дзе ў гэты момант былі тыя, каго ён карміў і лячыў ад хвароб? Чаму мы, як і гэтыя людзі, часта бываем сляпымі і глухімі да патрэб бліжняга? Гэта так проста – працягнуць руку дапамогі таму, хто ўпаў на калені.

Езус, навучы нас бачыць сэрцам, навучы нас чуць.

Стацыя 4: Сустракае сваю маці

Сэрца Марыі разрывалася ад болю – яна бачыла, як мучаецца яе адзінае дзіця, але не магла яму дапамагчы. Невядома, што давялося перажыць кволай жанчыне, якой толькі і заставалася, што ісці моўчкі следам за асуджаным на смерць сынам і праз позірк поўных болю і адчаю вачэй пасылаць яму ўсёабдымнае «люблю»…

Езус, як часта ў нас не хапае часу на самых блізкіх людзей – бацькоў, дзяцей, любімы. Нам здаецца, што яны заўсёды будуць побач, што мы паспеем сказаць ім, як моцна любім... Але чамусьці адкладваем гэта на заўтра…

Езус, навучы нас быць падтрымкай для сваіх блізкіх, каб у гэтым вірлівым жыцці не страціць самае дарагое – іх і любоў.

Стацыя 5: Сымон Кірынеец дапамагае Езусу несці крыж

Як часта мы асуджаем чалавека, які аступіўся. Абмяркоўваючы чужыя правіны і заганы, мы нібыта ўзрастаем унутрана і лічым сябе лепшымі, разумнейшымі.

Сымон Кірынеец не з клопату і любові дапамог несці Табе крыж – яго прымусілі: людзі баяліся, што не адолееш шлях. І ты не пагардзіў ім – прыняў дапамогу чалавека, які зрабіў гэта не па поклічы душы і ўласным жаданні.

Езус, навучы нас праз «не магу» і «не хачу» тут і зараз падхапіць чыйсьці крыж і хоць на некалькі крокаў зрабіць дарогу гэтага чалавека лягчэйшай.

3.jpg

Стацыя 6: Святая Вераніка выцірае твар Сыну Божаму

Да асуджанага на смерць чалавека нельга было набліжацца – гэта закон таго часу. Аднак Вераніка не пабаялася, не пайшла насуперак свайму сумленню. Адзіная з вялікага натоўпу жанчына падыйшла да Цябе, каб хоць на імгненне аблечыць пакуты – за гэта на яе хусцінцы ты пакінуў адбітак Свайго святога твару.

Езус, умацуй нас унутрана, каб мы не маўчалі, калі пануе несправядлівасць і нянавісць; каб у любой, нават самай складанай сітуацыі, мы знайшлі сілы заступіцца за слабых і абяздоленых.

Стацыя 7: Падае другі раз

Сын Божы ізноў падае, але хутка падымаецца. Сярод соцен людзей не знаходзіцца нікога, хто дапамог бы яму гэта зрабіць. Наадварот, натоўпам завалодвае ненажэрная прага прадчування хуткай крыві: Езуса б’юць, пасылаюць праклёны – людзі атрымліваюць асалоду ад мук такога, як і яны, чалавека.

Езус, навучы нас бачыць свет нават у самых бязвыхадных сітуацыях, дай сілы крочыць далей, нягледзячы на адзіноту і боль.

Стацыя 8: Суцяшае плачучых жанчын

«Не плачце па мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых». Нават ідучы на смерць Хрыстос думае не пра сябе, а пра іншых. Ён наперад засцерагае жанчын, каб яны, як маці, не дапусцілі таго, што робіцца зараз: калі невінаватага чалавека асудзілі на смерць. Але гісторыя паўтараецца: брат забівае брата, сын выракаецца бацькі.

Езус, навучы нас быць прыкладам для сваіх дзяцей. Дай цярпення, якога нам часта не хапае ў стасунках з сынамі і дочкамі; дай нам сіл і любові выхаваць іх сапраўднымі людзьмі.

Стацыя 9: Падае трэці раз

Сілы на зыходзе – здараецца самае апошняе і самае балючае падзенне. Мулкі крыж прыціскае Хрыста да самай зямлі.

Езус, зараз у свеце столькі хворых людзей, якія знаходзяцца на мяжы жыцця і смерці. Падтрымай іх, каб праз гэтае выправаванне яны выйшлі абноўленымі і аздароўленымі. Стань суцяшэннем для тых, хто страціў надзею на выздараўленне, – ты ж змог падняцца і пасля трэцяга падзення.

Стацыя 10: З Езуса здзіраюць адзенне, пояць воцатам са смірнаю і жоўцю

Дзе тая мяжа, калі чалавек траціць усё людскае? Людзям было недастаткова Тваёй смерці, яны хацелі бачыць Цябе растаптаным і прыніжаным. З Хрыста здзіраюць адзенне – ён стаіць голы.

Госпадзі, не дай нам зазнаць долю распранутага і таго, хто распранае.

Стацыя 11: Сына Божага прыбіваюць да крыжа

Нясцерпны боль, калі халодныя цвікі ўпіваліся ў рукі і ногі, пранзаў цела. «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць». Нават перад смерцю Хрыстос думаў пра людзей і прасіў у Бога заступніцтва для іх. Сваімі дрэннымі думкамі, учынкамі ці, наадварот, бяздзейнасцю, як цвікамі, мы кожны дзень забіваем на крыжы Хрыста.

Езус, навучы нас прабачаць – адпускаючы крыўды і правіны іншым, мы ачышчаемся самі.

6.jpg

Стацыя 12: Езус памірае на крыжы

Побач з канаючым Хрыстом засталіся толькі Маці, Марыя Магдаліна, Ян і яшчэ некалькі жанчын… Яны былі з Ім да апошняга і не пакінулі ў хвіліну смерці.

Мы не ведаем, колькі нам наканавана на гэтай зямлі. Езус, зрабі так, каб у апошнія хвіліны жыцця побач з намі былі любячыя людзі; навучы нас таксама быць вернымі да апошняга ўздыху і погляду вачэй.

Стацыя 13: Езус зняты з крыжа і пакладзены на рукі сваёй маці

Не дай Бог ніводнай маці ў свеце трымаць на сваіх руках знявечанае і мёртвае цела свайго дзіцяці. Марыя трымала. Яна моўчкі і з пакорай прыняла Божую волю.

Езус, дай сілы тым, хто вымушаны развітвацца са сваімі блізкімі, жыць далей.

Стацыя 14: Кладуць у грабніцу

Цела Хрыста паклалі ў грабніцу – зямныя мукі Сына Божага скончыліся. Цішыня… На трэці дзень да магілы прыйшлі жанчыны, але цела ў ёй не было. «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго няма тут – Ён уваскрос».

Езус, прабач нам грахі і бязвер’е. Езус, дзякуем за Тваё ўваскрэсенне. …Ты за нас цярпеў ад ранаў. Езус, злітуйся над намі.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: