Фарбы жыцця Людмілы Пратаковіч

08:54 / 31.03.2020
331

У нашым ветэранскім клубе Людмілу Андрэеўну Пратаковіч рады бачыць заўсёды. Таленавітая майстрыха, мастачка, стваральніца разнастайных рукатворных цудаў... Што яшчэ ўпісаць у яе характарыстыку? Самае галоўнае – мама чатырох дачок, выхавальніца не аднаго пакалення астраўчан. А значыць, таленты яе шмат разоў памножаны...

На гэты раз удзельнікі клуба запрасілі госцю з нагоды яе дня нараджэння і для знаёмства з вялікай выставай работ, большай часткай – карцін і пано, вышытых стужкамі. Яны надзвычай прыгожыя! Кіраўнік клуба і нязменная вядучая пасяджэнняў Данута Францаўна Чарнушэвіч ад імя ўсіх клубнікаў павіншавала госцю з прыгожай жыццёвай датай. За кубкам духмянай гарбаты пацякла размова пра жыццё і творчасць. Пра тое, як звілістыя дарогі лёсу прывялі запарожскую ўкраіначку на Поўнач вялікай некалі краіны, а адтуль, як нітачку за іголкай, – за мужам у Беларусь. Як настаўніца гісторыі стала запатраба ванай у астравецкіх дзіцячых садках – выхавацель, педагог-метадыст, загадчык... І дзе б ні працавала Людміла Андрэеўна, усюды пакідала плён рук сваіх: выдатныя прафесійныя напрацоўкі ў сферы выхавання, арыгінальна аформленыя пакоі груп, актавыя залы. А выйшаўшы на пенсію, цалкам аддала сябе творчасці. Навучылася вышываць стужкамі – і ўсе пакоі ў доме ўпрыгожыла. А колькі карцін сябрам раздарыла! Потым Людмілу Андрэеўну запрасілі ў раённы Дом рамёстваў – прапанавалі праводзіць майстар-класы.

4.jpg

– Мне настолькі спадабалася гэтая справа, што ні хвілінкі стараюся не губляць дарэмна, – расказвае мастачка. – У часопісах, інтэрнэце знаходжу новыя ўзоры і наношу на тканіну, а потым вышываю. Цікава. І ніякіх грошай не шкада – стужак патрэбна многа, розных колераў, адценняў і шырыні. Не заўсёды неабходнае знаходжу ў Астраўцы, тады еду ў Мінск і шукаю там.

Людміла Андрэеўна цяпер працуе ў творчай садружнасці з самадзейным мастаком Віктарам Уладзіміравічам Рабковым, нават сумесныя карціны падпісваюць «Людвік» – Людміла, Віктар. Мастак малюе ўзоры, яна – вышывае.

На пасяджэннях клуба мы часта звяртаемся да паэзіі. Так было і на гэты раз. Вядома ж, Людміла Андрэеўна чытала вершы любімага паэта Тараса Шаўчэнкі. На роднай украінскай мове. І ўсе яе разумелі.

6.jpg

Людміла Андрэеўна чытае Тараса Шаўчэнку; фрагменты выставы


Потым, па традыцыі, супрацоўніцы цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Падворская і Маргарыта Жылік правялі хвілінку гумару і добрага настрою.

А завяршылася сустрэча таксама традыцыйна – розыгрышам падарункаў «Удача ў прыдачу». Іх рыхтуюць да кожнага пасяджэння нашы майстрыхі. На гэты раз аўтарам сувеніраў была Яніна Іванаўна Харашэй. Чатыром удзельніцам пашчасціла стаць іх уладальніцамі.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Таисия Семёнова
Фото: Таисия Семёнова
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений