Астраўчане расказалі пра любімы дзень тыдня

13:29 / 29.02.2020

Наш карэспандэнт пацікавіўся ў астраўчан, які дзень тыдня яны любяць найбольш і чаму.

Трусевич.jpg

Ксенія Трусевіч, вучаніца:

– Мне падабаецца субота. У гэты дзень няма ніякіх сур’ёзных спраў. Звычайна з раніцы на некалькі гадзін іду ў гімназію – захапляюся інтэлектуальнай гульнёй “Што? Дзе? Калі?” і вяду здаровы лад жыцця – якраз па суботах у нас праходзяць розныя забаўляльныя і спартыўныя мерапрыемствы. А пасля школы дапамагаю маме наводзіць дома парадак.

Уладзімір Пілецкі, тэлемайстар:

Пілецкі.jpg

– Па душы субота і нядзеля, хоць я і індывідуальны прадпрымальнік. У выхадныя можна не толькі адпачыць, але і зрабіць нешта па гаспадарцы: жыву ў прыватным сектары – работа знойдзецца заўсёды. Заўважыў адну заканамернасць: заявак на рамонт тэлевізараў найбольш у канцы тыдня, перад значнымі падзеямі рэспубліканскага і сусветнага маштабу – чэмпіянамі свету і Беларусі па розных відах спорту і алімпійскімі гульнямі, футбольнымі матчамі, а таксама зімой. Відаць, з вясны да восені людзі занятыя на дачах і агародах – і ім не да тэлеперадач і серыялаў.

Каміла Алексеявец, вучаніца:

Алексеявец.jpg

– Я люблю ўсе дні! Вучуся ў другім класе і штодзень з задавальненнем хаджу ў школу. Найбольш падабаецца прадмет чалавек і свет: настаўніца нам расказвае шмат цікавых гісторый пра жывёл і расліны. Адпачываць я таксама люблю, але на канікулах вельмі сумую па школьных сябрах.

Вольга Мілешка, індывідуальны прадпрымальнік:

Мілешка.jpg

– Самы гарманічны для мяне час – вечар пятніцы, калі ўсе збіраюцца разам: вячэраем, дзелімся падзеямі, якія адбыліся з кожным з нас за тыдзень, плануем сумесны адпачынак. Паколькі я працую на сябе, у мяне толькі адзін выхадны – панядзелак. Гэты дзень я прысвячаю хатнім справам: раблю генеральную ўборку дома, гатую для блізкіх нешта смачнае.

Тамара Апалінская, пенсіянерка:

Апалінская.jpg

– Раней, калі хадзіла на працу, я дакладна сказала б, што люблю найбольш пятніцу. Цяпер, напэўна, суботу і нядзелю – гэтыя дні я магу прысвяціць сабе. Мне падабаецца няспешна прагульвацца па горадзе, дыхаць свежым паветрам…

Не мной сказана: шчасце – калі табе без розніцы, які сёння дзень – аўторак ці субота, нядзеля ці панядзелак... Бо ты адчуваеш сябе шчаслівым у любы з іх.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup


Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Алена Ганулич