У Чырворным касцёле ўспомнілі Казіміра Сваяка

09:27 / 25.02.2020

У сувязі са 130-гадовым юбілеем Казіміра Сваяка ў межах Тыдня роднай мовы 19 лютага ўпершыню імя нашага слыннага земляка прагучала у Чырвоным касцёле.   

20200219_155257.jpg

У Матэвуша і Эльжбеты Стаповічаў нарадзіўся сынок Кастусь, якому было наканавана праславіць свой край. Па ўспамінах старажылаў, зіма тады была суровай – хаты былі замецены пад самыя стрэхі. А ў гэтым годзе да юбілею слыннага земляка зацвілі першацветы.

У касцёльнай бібліятэцы імя Адама Міцкевіча, дзе праходзіла імпрэза да юбілею Сваяка, была арганізавана невялікая выстава яго твораў і біяграфічных матэрыялаў. Ля партрэта святара-паэта гарэла свечка.

20200219_164340.jpg

Прысутныя праслухалі аповед пра жыццёвы і творчы шлях Казіміра Сваяка. Запрошаная на мерапрыемства сваячка святара Іаланта Валуевіч расказала, як ушаноўваецца памяць яго нашчадкамі і землякамі на Астравеччыне і ў касцёлах, дзе ён служыў; пра тое, колькі творчых асоб, натхнёных творчасцю і ахвярным жыццём гэтага чалавека, прысвяцілі яму вершы, песні, карціны.

Паэтэса Ядвіга Рай, якая піша вершы на духоўную тэматыку, узгадала, як напачатку 2000-х у анталогіі беларускай хрысціянскай паэзіі “Насустрач духу” прачытала вершы Сваяка і так захапілася іх філасофскім зместам, гумарам і самабытнай мовай, што да гэтага часу Казімір Сваяк з’яўляецца для яе ідэалам духоўнай і грамадзянскай сумленнасці.

Выступіла на імпрэзе і куратар бібліятэкі Галіна Івуць, дарэчы, наша зямлячка.

Пранікшыся павагай і цікавасцю да жыццёвага і творчага шляху Сваяка, удзельнікі сустрэчы прапанавалі на працягу года праводзіць імпрэзы ў розных месцах Мінска, а таксама наведаць радзіму Сваяка.

У тых касцёлах, дзе ён святарыў,

Дзверы да Бога адкрыці марыў,

Званы і сёння набожна звоняць:

– Благаславён будзь, Кастусь Стаповіч! 

                                                              (І. Драўніцкі)


У глухое вёсцы над рэчкай Баранкай

Загаманілі з самага ранку,

І пра навіну ўся вёска мовіць:

– Радзіўся хлопчык Кастусь Стаповіч!

К. МАЙСКАЯ.


Текст: Главный администратор