Живописный гимн родине Тересы Воронович

10:16 / 24.02.2020
Трэці год працягваецца аб’яўлены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Год малой радзімы. Трэці год кожны, хто як можа і ўмее, складае гімн адзінаму месцу на зямлі, дзе вальней дыхаецца, званчэй спяваецца, спарней працуецца: хто вершы піша, хто дрэвы садзіць, хто дзедаву хату рамантуе. 

А Тарэса Варановіч і яе сястра Ірэна Герасім апантана малююць: родную вёску, яе ваколіцы, кароў на пашы, дарогу да дому, дарагіх сэрцу людзей…

Бог даў ім гэты талент – і яны лічаць, што павінны аддзячыць Стваральніку: зрабіць тое, што, акрамя іх, больш ніхто не зробіць. Гэта не толькі вялікі гонар, але і вялікая адказнасць. 

0.jpg

Мастачка Тарэса Варановіч


Вясковыя мастачкі

Жыла-была ў вёсцы Ажуройсці, што на мяжы са Смаргонскім раёнам, звычайная вясковая сям’я Стурлісаў: бацькі-калгаснікі і тры дачушкі. Старэйшая Марыся – першая маміна памочніца, на ёй ляжаў і клопат пра меншых, гарэз-двайнятак Тарэсу і Ірэну. 

А за імі вока ды вока патрабавалася: то ўцякуць на ройста за кветкамі ды ягадамі, то да стайні пабягуць за коньмі назіраць – вельмі ж любілі іх дзяўчаткі, то скрадуць у мамы, адмысловай швачкі, крэйду ды размалююць дзверы з падлогай – гэты занятак сёстрам падабаўся больш за ўсё. І трэба аддаць належнае іх бацькам: яны не «цвічылі» дачок, што глупствам займаюцца, што трэба атрымліваць грунтоўную прафесію, якая будзе карміць, а карцінкі дзеля забавы можна маляваць… З павагай ставіліся да захаплення дачок – тым больш, атрымлівалася ў іх добра – усе гэта адзначалі. 

У школе на Стурлісавых дзяў­чат адразу ж «павесілі» ўсю наглядную агітацыю – а хто ж лепш зробіць? Ды яны і не працівіліся. 

І нават на канікулах знаходзілі прымяненне сваім талентам. У той час каля іх вёскі праводзілі меліярацыю, камандзіраваныя будаўнікі жылі ў вагончыках,  а мама там прыбірала. Дочкі ёй дапамагалі і адначасова праводзілі «выхаваўчыя мерапрыемствы»: калі ў вагончыку чыс­та – дзяўчаты прыносілі кветкі, а калі брудна, то ставілі букет з асоту і крапівы. І карыкатуры малявалі, на дзвярах вешалі – «натуршчыкі», хоць і хаваліся ад юных мастачак пад коўдрамі, пазнавалі сябе. Дзіўна, але факт: такая мастацка-выхаваўчая работа мела эфект. 

Канешне ж, сёстры не марылі пра прафесію мастака – яны не ведалі, што ім, сялянскім дзецям, пра гэта можна марыць. А калі скончылі восем класаў і думалі, што рабіць далей – паступаць у тэхнікум ці атрымліваць сярэднюю адукацыю ў школе, прыехаў суседскі хлопец, які займаўся ў Мінску ў мастацкім вучылішчы імя Глебава, стаў захоплена расказваць пра вучобу – і дзяўчаты загарэліся. Падумаеш, у іх няма нейкага там эцюдніка і яны дрэнна разумеюць, што такое кампазіцыя! Затое яны малююць лепш за ўсіх у школе!

І бацька павёз дачок у Мінск: раз так хочуць, то няхай паспрабуюць. Паступяць – добра, не – пойдуць у дзявяты клас, такой бяды…

Сёстры паступілі.

Дарэчы, з тым хлопцам, што зрабіў ім некалі лёсавызначальную прапанову, яны потым, у дарослым жыцці, неяк сустрэліся. Ён  так і не стаў мастаком… А можа, яго місія была толькі ў тым, каб дапамагчы сёстрам Стурліс выбраць правільную дарогу ў жыцці?

Вучыцца было няпроста. Але ім падабалася! Кожны дзень нешта новае, цікавае, незвычайнае. Яны вывучалі тэорыю, наведвалі музеі, дзе разбіралі работы майстроў, выходзілі на пленэры – і малявалі, малявалі, малявалі... Партрэты, пейзажы, нацюрморты…

1.jpg

– Цяжка было пераступіць праз сябе, сваю дзявочую сарамлівасць і намаляваць аголеную натуру: як можна, у групе ж хлопцы вучацца! – успамінае Тарэса Іосіфаўна. – Пазней прывыклі і зразумелі, што няма ў гэтым нічога ганебнага. Прывыклі нават да нябожчыкаў у моргу, дзе вывучалі анатамічны малюнак, – хоць паходы туды даваліся цяжэй за ўсё…


На размеркаванні іх, неразлучных з дзяцінства, разлучылі: Ірэну накіравалі ў Маладзечна, а Тарэсу – у Смаргонь. І ўсё б нічога, толькі ёй у школе замест жаданых і любімых урокаў малявання прапанавалі пасаду піянерважатай! Ох і слёз было… Ды неўзабаве пагадзілася: Тарэса Іосіфаўна ўвогуле не прывыкла спрачацца з лёсам. Тым больш, маляванне ў выглядзе афармлення нагляднай агітацыі вельмі хутка цалкам легла на яе плечы.

Вяртанне

Тарэса працавала ў Смаргоні, потым перабралася да сястры, якая выкладала ў мастацкай школе  ў Маладзечне, – яны зноў былі разам. 

Ды Ірэна неўзабаве выйшла замуж і паехала ў Вільнюс. Клікала і сястру, якая да таго часу ўжо працавала мастаком-афарміцелем на заводзе «Спадарожнік», за сабой, і тая ўсур’ёз абдумвала такую перспектыву, ды аднойчы…

…У той вераснёўскі дзень імжэў нудны восеньскі дождж. На прыпынку ў Дайлідках чакала аўтобуса прыгожая дзяўчына. Казімір Варановіч спыніўся, спытаў, куды ёй трэба. Аказалася, на станцыю Ашмяны. Прапанаваў падвезці…

– З першай хвіліны, з першага слова ўзнікла адчуванне, што гэта – мой чалавек, што я ведаю яго ўсё жыццё і разумею, як саму сябе, – прызнаецца Тарэса Іосіфаўна.

І больш чым за трыццаць гадоў сумеснага жыцця гэтае адчуванне не знікла, не прытупілася – наадварот, стала яшчэ мацнейшым: яны нібы прараслі адно ў аднаго – думкамі, пачуццямі, справамі, сталі прадаўжэннем адзін аднаго.

А дачушка Вікторыя, якая неўзабаве нарадзілася ў Ва­ра­новічаў, – працяг іх абодвух: такая ж таленавітая, як маці, такая ж добрая і ўважлівая да людзей, як бацька…

4.jpg

Муж Казімір і дачка Вікторыя



– Я ўдзячны Пану Богу, што Тарэса Іосіфаўна, якая магла паехаць у Санкт-Пецярбург, Маск­ву, Вільнюс – куды заўгодна, з яе талентам ёй усюды была адкрыта дарога, вярнулася на радзіму, – гаворыць Казімір Станіслававіч. 

Тарэса Іосіфаўна стала працаваць мастаком-афарміцелем у мясцовым калгасе імя Калініна. У гаспадарцы быў падсобны цэх, і маленькі цёмны пакойчык у яго куце выдзелілі пад майстэрню.

– Памятаю сваё пачуццё захаплення і роспачы, калі аднойчы патрапіла ў гэты пакойчык, – успамінае ветэран журналістыкі Таіса Сямёнава. – Захапленне – бо гэта быў цуд, з карцін Тарэсы Варановіч  суцэльным патокам лілося святло. А роспач ад думкі: няўжо гэтыя карціны не ўбачаць людзі, няўжо іх лёс – пыліцца ў цемры цеснага пакоя?

5.jpg



Зрэшты, доўга пыліцца ім не даводзілася: пейзажы з непаў­тор­нымі беларускімі краявідамі мала каму ў той час вядомай мастачкі  былі цудоўным прэзентам – такі мастацкі падарунак, зроблены патрэбным людзям, дапамагаў падсобнаму цэху і калгасу вырашаць многія матэрыяльныя пытанні.

З Богам

Казімір Станіслававіч не пакрывіў душой, калі сказаў, што Сольскі касцёл адыграў асаблівую ролю ў лёсе іх сям’і. А яны – у яго лёсе…

Аднойчы да Тарэсы, на той час ужо Варановіч, прыйшоў ксёндз-пробашч гэтага касцёла з не зусім звычайнай просьбай: намаляваць харугвы, якія нясуць вернікі падчас хрэснага ходу. Можа, і былі якія сумненні ў мастачкі, але адмовіць святару яна не змагла. 

Яе работа спадабалася – пайшлі заказы на іконы. А затым – самая складаная і незвычайная просьба – распісаць Сольскі касцёл.

Лёгка сказаць! Гэта ж помнік архітэктуры, які адлічвае сваю гісторыю стагоддзямі, – гэта калі гаварыць пра маральную адказнасць. А ёсць жа яшчэ і чыста тэхнічныя пытанні: вышыня сталявання дзевяць метраў, перш, чым пачаць работу, яна два тыдні толькі здымала старую тынкоўку.

– Крыху дапамагала Ірэна, – расказвае Тарэса Іосіфаўна. – Але яна вышыні баіцца. А я нічога: памалюся – і падымаюся па рыштаваннях. Ранкам залезеш пад купал, вечарам спаўзаеш…

Пасля Солаў была работа па аздабленні і іншых касцёлаў: у Жодзішках, мястэчку Гудагай, Астраўцы, на станцыі Ашмяны…

Асаблівае месца ў гэтым пераліку займае Градаўшчызна.

– У нашай сям’і тады быў складаны час, – успамінае Казімір Станіслававіч. – Тарэса Іосіфаўна засталася без работы, матэрыяльна было цяжка. І тут паступіў гэты заказ. Здавалася б, радуйся: можна зарабіць. А мая жонка ахвяравалася распісаць гэты касцёл бясплатна. І колькі ёй ні прапаноўвалі грошы, не ўзяла. І што вы думаеце – неўзабаве работа знайшлася!

Яны так і ідуць па жыцці – з Богам, як і іх продкі, не спакуша­ючыся вялікімі грашыма, несумленнай працай. Напэўна, таму ў іх усё атрымліваецца. Тым не менш, яны не стамляюцца дзякаваць Богу і людзям, якія ім зрабілі найменшую ласку: чалавек, здараецца, і сам ужо забыўся пра тую, на яго погляд, нязначную дапамогу, якую аказаў між іншым, – а Казімір Варановіч, стараста касцёльнага камітэта, памятае – і моліцца за яго здароўе…

Сёстры

Тарэса і Ірэна заўсёды адчувалі сябе дзвюма палавінкамі аднаго цэлага.

– У вучылішчы, калі мы выстаўлялі свае работы, трэба было падысці і паглядзець на подпіс, каб вызначыць, дзе чыя, – расказвае Тарэса Іосіфаўна. – І не толькі аднакурснікам ці выкладчыкам – я сама не раз блыталася ў падобных выпадках.

Пра іх прыгоды падчас вучобы расказваць можна доўга. Напрыклад, пра тое, як Тарэса здавала фізіку за сябе і за сястру, прычым за Ірэну атрымала пяцёрку, а за сябе – чацвёрку.

– Мы і  цяпер, хоць і раздзялілі нас межы, адчуваем цесную духоўную сувязь з сястрой, – гаворыць Тарэса Іосіфаўна. – Сучасныя гаджэты дазваляюць бачыцца і размаўляць хоць кожны дзень: мы раімся, дзелімся планамі і здабыткамі, з’яўляемся адна для адной і крытыкам, і дарадцам. 

А ў творчасці яны па-раней­шаму вельмі падобныя. Расказваюць, як аднойчы намерыліся напісаць аўтапартрэты. Не да­маў­ляліся, якімі яны будуць, – але калі карціны паставілі побач, усе ахнулі: партрэты сталі практычна копіяй адзін другога. 

Прызнанне

Цяжка знайсці ў раёне чалавека, які б не бачыў карціны Тарэсы Варановіч і не захапляўся імі. 

33.jpg



На жаль, выстаўляць іх пакуль няма дзе: аматары жывапісу з надзеяй паглядваюць на будынак шматфункцыянальнага культурнага комплексу, што ўзводзіцца ў другім мікрараёне: можа, там знойдзецца месца для мастацкай галерэі, а ў ёй – для карцін у тым ліку і Тарэсы Варановіч?

А пакуль што на пасяджэнні клуба «Актыўнае даўгалецце» ў раённай бібліятэцы, куды запрасілі мастачку і яе родных з нагоды прыгожага юбілею, гле­дачы змаг­лі ўбачыць толькі невялі­кую частку цудоўных твораў мастачкі. 

Якія, да слова, нікога не па­кіну­лі раўнадушным:  «Дарога да­моў» Тарэсы Варановіч – здаецца, гэта абагулены шлях да роднай хаты кожнага з нас…

Текст: Нина Рыбик