Ирена Тюлюнова: о самом сокровенном

15:07 / 18.02.2020
Кожны новы дзень 91-гадовая Ірэна Уладзіславаўна Цюлюнова з вёскі Фальваркі сустракае ўсмешкай і добрым настроем. Сваю бадзёрасць і зайздросную для такога ўзросту рухавасць  яна тлумачыць проста: «Жыву па запаведзях, якія даўно сабе пастанавіла».   

0.jpg


Хутаранка 

– Калісьці тут быў хутар Варонка, які потым далучылі да Фальваркоў…

Хата Ірэны Уладзіславаўны стаіць у прыгожым месцы – на самым ускрайку вёскі Фаль­варкі, ля невялікай рачулкі, уздоўж якой вузенькай стужкай уецца дарога.

– Прапала Варонка, – уздыхае жанчына. І працягвае: 

– Пяць двароў на гэтым баку ракі было. А цяпер я тут адна. Зрэдку наязджае сусед справа – у яго тут дача. Жанчына з першай сядзібы атрымала ад дзяржавы кватэру і выехала. Сястра стрыечная памерла – яе нежылая хата стаіць ад мяне злева. Дом бацькоў – ён быў першым ад маста праз рэчку – даўно знесены. Вось і ўсё…

Устаючы раней летняга сонейка, Ірэна Уладзіславаўна знаходзіць сабе занятак, хоць гаспадаркі з нядаўняй пары не трымае. Цішыню адзіноты вясёлым брэхам ажыўляе толькі сабака Рэксік, яе надзейны сябар і ахоўнік.

– Мела кароўку, але прадала. І коніка, і свіней ужо няма, курэй каршун панёс,  – расказвае жанчына. – Але не магу прывыкнуць. Чым заняцца? Летам будзе агарод – толькі бульбы летась было дзесяць сотак. А зімой, каб не заседзецца, хоць дровы перакладаю з месца на месца. Не магу без работы, адразу хварэю.  (Усміхаецца.)

Каб трымаць і цела, і душу «ў тонусе», Ірэна Уладзіміраўна напісала для сябе з дзясятак пастаноў, якія старанна выконвае.


Што рабіць, каб доўга жыць. Парады Ірэны Цюлюновай

– Не заставайцеся доўга ў ложку. Большасць стогадовых людзей усё жыццё ўставалі рана.

– Шмат не ешце. Паўната скарачае жыццё.

– З аптымізмам глядзіце ў будучыню. 

– Заставайцеся актыўным, асабліва пасля выхаду на пенсію.

– Прымайце як мага менш лякарстваў. Не думайце пра хваробы.

– Не курыце і трымайцеся падалей ад цыгарэт.

– Піце больш вадкасці, асабліва вады. Забараніце сабе каву.

– Кожны дзень ешце бананы і яблыкі.

– Абавязкова майце хобі.

– Атрымлівайце асалоду ад жыцця, а дрэнны настрой праганяйце работай.

– Вельмі важна мець сяброў. Яны – як прышчэпка суп­раць стрэсу. 

Хобі Ірэны Цюлюновай – трэці канал беларускага тэлебачання.

– «Звязалася» з ім даўно: гля­джу, слухаю і званю туды, – распавядае жанчына. – Дзміт­рый Карась ужо двойчы ў госці прыязджаў і падарункі прысылаў. І падзяку атрымала, што галасую за яго выступленні ў тэлевізары. Падабаюцца мне яго песні. І ў часопіс «Я на пенсіі» некалькі разоў пісала, пра сваё жыццё-быццё расказвала. Даўно выпісваю «Сябра пенсіянера». І абавязкова – «раёнку». 

Пра дзяцінства

– За любую работу бралася, не думала, што мне падабаецца рабіць, а што не. Трэба – і ўсё! 

У хату, дзе прайшло дзяцінства і ўсё дарослае жыццё Ірэны, у дзявоцтве Кяжун, яе бацькі перайшлі, калі дзяўчынцы было тры гады. Да гэтага сем’і бацькі і яго брата жылі ў адной бацькавай хаце. 

З мамай і сёстрамі.jpg

Ірэна Уладзіславаўна з мамай і сёстрамі



Сям’і Ірэны належала тры гектары зямлі  і восем гектараў лесу.   

– Шмат трэба было працаваць, – уздыхае хутаранка. – Памятаю, у 12 гадоў сярпом жыта жала пад лесам – і глядзела, каб не адстаць ад маці і цёткі – сноп у сноп з імі старалася ставіць. Я старэйшая ў сям’і – мне больш і працаваць даводзілася. Чацвёра дачок у бацькоў было: я, Тарэса, Алена і Рэгіна. Бацька хварэў, маці адной з дзецьмі цяжка. А гаспадарка вялікая: дзве каровы, конь, свінні… Я і за плугам умею хадзіць. 

Пра вучобу

– Так шкадую, што мяне бацькі не пусцілі вучыцца – я настаўніцай хацела быць! Абяцалі, але…

– Я са школы памяшаная на кніжках, – прызнаецца Ірэна Цюлюнова. – Вучылася добра. Мой сшытак настаўніца як прыклад паказвала: «Пішыце так, як Кежунувна піша.»  

Ірэна скончыла сем класаў Варонскай школы. І нават разумее і гаворыць па-польску: у школе гэтую мову не выкладалі, але дзядзька, адукаваны чалавек, праводзіў заняткі ў сваёй хаце.

Дзядзька вучыуь польскай мове.jpg

У дзядзькавай хаце вучылі польскую мову



– Увогуле, не ведаю, адкуль і ў каго я такая ўрадзілася: сама ўсё ведаю і ўсё разумею, – ус­мі­хаецца Ірэна Ула­дзіс­ла­ваў­на.

Пра работу

Пяць гадоў адзін на адзін з лічбамі – з такой задачай дзяўчына, якая не мела адукацыі, акрамя школьнай,  спраўлялася лёгка.

Працавала Ірэна ў калгасе «Светлы шлях» у Юрчунах рахункаводам. А пасля аб’яднання калгасаў, калі кантору перанес­лі ў Карвэлі, больш на работу не пайшла.

Маці, як расказвае Ірэна, была лепшай швачкай раёна, працавала афіцыйна – нават плаціла падаткі. Гэтай справе і дачку навучыла.

Маці вучыць дзяўчат швейнай справе.jpg

Маці вучыць дзяўчат швейнай справе



– Я, як і мама, абшывала ўвесь раён, – з гонарам гаворыць жанчына. – Усё ўмела шыць. Цяпер, на жаль, ужо дрэнна бачу і рукі не тыя, але дзве швейныя  машынкі яшчэ стаяць.

Пра сям'ю

– Ой, што я зрабіла, як маладая была! Выйшла замуж за «завочніка», які толькі з турмы прыйшоў…  

На танцы Ірэна бегала ў Фаль­варкі. Але замуж выйшла не за мясцовага хлопца – выбрала мужа з далёкай Гомельшчыны.

З мужам.jpg



– Міця Цюлюноў быў удзель­нікам вайны, – узгадвае жанчына. – Вярнуўся дадому,  ды нешта зрабіў ці сказаў не так – і яго пасадзілі ў турму.

Адрас дзяўчыны хлопец ат­ры­маў ад знаёмай – зразумела, са згоды Ірэны. Цэлы год яны перапісваліся, а калі ён выйшаў з турмы, прыехаў да сваёй «завочніцы». 

– Не шкадую, што пры­ехаў, – прызнаецца Ірэна Ула­дзі­сла­ваўна. – Спадабаўся ён мне. І я яму, мабыць, таксама – раз застаўся. (Смяецца.) 

І працягвае:

– Хату нашу Міця сам адра­мантаваў – яна была накрытая саломай, потым дранкай – дах стаў прагніваць, працякаў. Сам усё рабіў – рукасты быў. У калгасе электрыкам працаваў. Добра мы жылі – аж да 2003 года, пакуль мой чалавек не памёр – рак у яго быў. З бальніцы з Гродна ўцёк – аперацыю пабаяўся рабіць. 

Пра дзяцей

– Так сталася, што Бог не даў нам дзяцей. А я так хацела, лячылася, нават у Вільнюс ездзіла – урачы казалі: павінны быць. А не атрым­ліва­лася…

У Дзмітрыя ад першай жонкі была дачка Люся. Аднойчы муж прапанаваў Ірэне забраць  дзяўчынку. Жанчына так хацела дзіця, што згадзілася.

– Я яе прыгожа ўбірала, дачкой лічыла, – уздыхае мая су­размоўца. 

Люся скончыла Варонскую школу, потым Варнянскую – і паехала працаваць на ткацкі завод у далёкі Саратаў. 

Праз два гады названая дачка Ірэны вярнулася ў Фальваркі з маленькім сынам і была тут, пакуль яе муж служыў у арміі. А потым пакінула двухгадовага Ігарка на Ірэну і адправілася ў Латвію.

– Ігар быў у мяне аж да школы,  – з пяшчотай у голасе расказвае  Ірэна Уладзіславаўна. –  Прыгожы хлопчык, высокі, круглатвары. Я да яго, як да роднага, прывыкла…

Але і гэтае птушаня неўзабаве вылецела з цёплага і ўтульнага гнязда Цюлюновых, пакінуўшы ў сэрцы Ірэны незагойную рану. Ужо дарослым ён трагічна, недарэчна загінуў.

– Так  шкадую, што Ігарка ад мяне забралі! – заламвае рукі жанчына. – Можа, быў бы жывы…

– І хоць мяне часта наведвае сацыяльны работнік – мой апякун, і кожны дзень зранку на бліны заходзіць родзіч, які дапамагае па гаспадарцы, адна я засталася, – пад­во­дзіць рысу нашай размовы Ірэна Цюлюнова. – Бывае, канешне, адзінока і ніякавата. Але я абрываю невясёлыя думкі: маладыя людзі паміраюць – а я да такіх гадоў дажыла на сваіх нагах і з галавой сябрую. Так што няма чаго грашыць Богу – жыві і радуйся!


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Ольга Хотянович и из архива героини