Хто прадстаўляў Астравеччыну на злёце сельскай моладзі

11:41 / 18.02.2020
Упершыню на базе старэйшай аграрнай ВНУ краіны – Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі –  прайшоў злёт сельскай моладзі. Астравеччыну на ім прадстаўлялі дырэктар РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Дзяніс Кірпа, галоўныя эканаміст і аграном  КСУП «Гервяты» Марына Івашка і Аляксандр Кавалька. 

1.jpg



У злецё прынялі ўдзел больш за 300 маладых спецыялістаў і кіраўнікоў ва ўзросце да 31 года. 

Першы дзень рэспубліканскай маладзёжнай сустрэчы прайшоў у фармаце адкрытага дыялогу. Маладыя аграрыі мелі магчымасць задаць пытанні міністру сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолю Хацько, старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалаю Лабушаву і легендарным лідарам сельскай гаспадаркі – дырэктару УКПС «Калгас «Дабраволец» Алегу Портніку і старшыні рэспубліканскага аграпрамысловага саюза Мікалаю Радаману.

Работа лепшых маладых працаўнікоў вёскі была адзначана граматамі і падзякамі: дырэктар РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Дзяніс Кірпа атрымаў грамату ад рэспубліканскага прафсаюза аграрыяў. 

2.jpg



У фае палаца культуры сельгасакадэміі прайшла выстава-дэгустацыя дасягненняў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў краіны. Госці мелі магчымасць пазнаёміцца з лепшымі праектамі конкурсу «100 ідэй для Беларусі», дасягненнямі і напрацоўкамі сельскагаспадарчай акадэміі.

А скончыўся гэты дзень канцэртнай праграмай з удзелам студэнтаў акадэміі, творчых калектываў і гурта «Дразды».

Другі дзень форуму быў практыкаарыентаваным: працавалі тэматычныя секцыі па асноўных галінах аграпрамысловасці – агранаміі, заатэхніі, інжынерыі і бухгалтарскім уліку. Маладыя аграрыі пазнаёміліся з работай многіх прадпрыемстваў Горацкага раёна, такіх як «Малочныя Горкі», рыбаводны індустрыяльны комплекс «Фарэлевая гаспадарка «Лохва» і іншымі. 

Форум завяршыўся пленарным пасяджэннем, на якім былі закрануты важныя для аграпрамысловага комплексу пытанні – ад замацавання на месцах маладых спецыялістаў да ўкаранення  ў сельгасвытворчасці перадавых тэхналогій. 


З першых вуснаў

Дзяніс Кірпа, дырэктар РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі»:

– Прыемна, канешне, што маю работу заўважылі на такім высокім узроўні. Я ніколі не сумняваўся, што зрабіў правільны выбар у прафесіі. 

Мне спадабалася выступленне старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалая Лабушава, які бачыць будучыню аграпрамысловага комплексу за маладымі. Насамрэч, вельмі важна не прапусціць той пераломны момант, калі пасля адпрацоўкі малады спецыяліст прымае рашэнне сысці з сельскай гаспадаркі. Важна, каб у моладзі быў стымул працаваць. У саўгасе, напрыклад, маладым спецыялістам выдзяляем жыллё, таксама ім прадугледжаны розныя выплаты. 

Аляксандр Кавалька, галоўны аграном КСУП «Гервяты»:

–  Спадзяюся, што злёт сельскай моладзі стане традыцыйным у нашай краіне. Маладым спецыялістам абавязкова трэба стасавацца з калегамі з іншых раёнаў і рэгіёнаў. Было цікава паслухаць пра сучасныя тэндэнцыі ў вырошчванні сельскагаспадарчых культур. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: СБ і з архіва райкама прафсаюза работнікаў АПК