Гісторыя кахання сям’і Барадзевіч

10:53 / 14.02.2020
Генадзь і Юлія Барадзевічы амаль дваццаць гадоў на дваіх служаць разам. Ён – старшы інспектар па дазваляльнай рабоце, яна – эксперт Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь.

4.jpg



Генадзь прыйшоў у міліцыю ў 2010 годзе, Юля на год пазней. Ён родам з Ашмян, яе радзіма – Малі. Да службы ў міліцыі яны ніколі не бачылі адзін аднаго і ў аддзеле амаль не перасякаліся: Генадзь спачатку быў участковым інспектарам па Гудагайскім сельсавеце і ўвесь час працаваў на выездзе. Але па волі лёсу яны аднойчы паехалі абараняць гонар райаддзела на абласны лёгкаатлетычны крос.

– Юлю я прыкмеціў яшчэ ў аўтобусе, – прызнаецца Генадзь. – Прыгожая, вясёлая, абаяльная – словам, запала мне ў душу. Я прабег сваю дыстанцыю і пайшоў падтрымліваць яе: падбадзёрыў перад стартам, пажартаваў. Так і пачалося наша сяброўства.

– Праўда, адразу мы не кінуліся ў каханне як у вір з галавой, – усміхаючыся, расказвае Юлія. – Гена не прыносіў ахапкі руж, не дарыў нейкія незвычайныя падарункі, у яго была другая тактыка: выбраць хвілінку і падвезці дадому, паклапаціцца, ці цёпла я апранулася, дапамагчы падрыхтавацца да здачы экзамена ў аўташколе. Калі выпадалі выхадныя, у Гены заўсёды быў план дзеянняў: адпачынак у аквапарку, экскурсіі ці сустрэчы з сябрамі.

– Прапанову рукі і сэрца я атрымала ў свой дзень нараджэння, – расказвае далей Юлія. – Памятаю, Гена працягвае мне пярсцёнак і кажа: «Віншую!» А пасля невялікай паўзы дадае: «Ты выйдзеш за мяне?» Ад нечаканасці я разгубілася.

– Я на гэта і разлічваў, – прызнаецца Генадзь. – Каб ад здзіўлення доўга не раздумвала і адразу адказала «так».

Сёмы год Юлія і Генадзь дзеляць на дваіх не толькі службовыя, але і жыццёвыя радасці і праблемы. На пацеху бацькам падрастае сын Герман. 

А вось на пытанне, за якія якасці яны больш за ўсё шануюць адзін аднаго, Барадзевічы адказаць не змаглі.

– Цяжка вылучыць нешта асобнае з таго, каго ўспрымаеш цалкам, – гаворыць Юлія. 

– І не трэба: ты або кахаеш чалавека такім, які ён ёсць, або гэта не твой чалавек, – дадае Генадзь.

І з гэтым цяжка не пагадзіцца. 
Текст: