Пра ферму «Талюшаны» расказвае яе загадчыца Луцыя Дземідовіч

13:12 / 10.02.2020
Маленькія маламетражныя фермы, безумоўна, не ідуць ні ў якое параўнанне са сваімі малодшымі па ўзросце, але дужымі магутнымі братамі – малочна-таварнымі комплексамі з іх даільнымі заламі з кам’ютарным кіраваннем, безліччу жывёлагадоўчых памяшканняў…

Аднак на сучасных малочных гігантах няма той няўлоўнай хатняй утульнасці, якая пануе на маленькіх фермах, у прыватнасці, у «Талюшанах». Там, па ўсім бачна, да ўсяго прыкладзена працавітая жаночая рука – гэта я адзначыла для сябе падчас наведвання фермы ў межах акцыі «Наш жывёлавод».

Хоць ферма не можа пахваліцца сучасным рамонтам, аднак тут усюды пануе чысціня. Аказваецца, гэта справа рук загадчыцы Луцыі Дземідовіч. Шмат гадоў жыцця жанчына аддала сельскай гаспадарцы. Хоць у дзяцінстве марыла стаць доктарам, але любоў да жывёлы ўсё ж перамагла. 

– Нарадзілася у вёсцы Драў­нэлі пад Літвой. Вучылася ў літоўскай школе. З мужам, які родам з Хмялян, пазнаёмілася на танцах у Кямелішках. Два гады сустракаліся, а потым ажаніліся. Купілі ў Жусінах хату. Так і жывём, – з усмешкай расказвае пра сябе Луцыя Дземідовіч. – Выгадавалі з Лявонам дваіх дзяцей. Роберт працуе ветэрынарным кансультантам у прыватнай фірме, а Наташа вучыцца ў Слонімскім медыцынскім каледжы. 

3.jpg



– На ферме разам са мной працуе пяцёра чалавек: тры жывёлаводы – Іван Малаховіч, Эдуард Баран, Павел Аўсюкевіч. Лілія Духновіч па сумяшчальніцтву слесар і дзённы даглядчык, а яе муж Здзіслаў вывозіць гной з трох ферм – акрамя нашай абслугоўвае яшчэ «Кямелішкі» і «Стрыпуны». Калектыў у нас дружны, – мы як адна сям’я,  – расказвае загадчыца.

2.jpg

Чвэрць стагоддзя Эдвард Баран працуе жывёлаводам


4.jpg

Пасля заканчэння Ільянскага аг­рар­нага каледжа Павел Аўсю­кевіч вяр­нуўся ў родны саўгас і стаў працаваць жывёлаводам


1.jpg

На ферму «Талюшаны» Лілію Духновіч перацягнуў муж



Некалі ферма «Талю­шаны», дзе цяпер утрым­ліваецца каля 185 сцельных кароў, была малочна-таварнай. Луцыя Чаславаўна каля дзесяці гадоў адпрацавала тут даяркай.

– Загадчыцай была Ва­лянціна Малаховіч, якая зараз працуе заатэхнікам-селекцыянерам на малочна-таварным комплексе «Рытань», – узгадвае жанчына. – На ферме ў нас былі добрыя надоі, а захаванасць цялят складала 100%. Здаралася, што і ноччу прыязджалі на ферму, калі былі складаныя ацёлы. За добрыя паказчыкі мяне неаднойчы прэміравалі. Нават цялё ў якасці прэміі давалі! 

З узвядзеннем комп­лек­саў жыццё на фермах, у тым ліку і на талюшанскай, кардынальна змянілася. 

– У 2013 годзе дойны статак перавялі на комплексы ў Рытань і Падольцы, а нашу ферму зачынілі, –  узгадвае Луцыя Чаславаўна. – Толькі праз два гады яна атрымала другое дыханне: светлай памяці тагачасны старшыня калгаса Уладзімір Пляўга ўгаварыў мяне стаць загадчыцай. За два гады тут усё парасло бур’яном: хлопцы прыносілі ўласныя трымеры, каб абкасіць тэрыторыю, на некаторых участках у ход нават сякера ішла. Наводзіць парадак дапамагала і саўгасная будаўнічая  брыгада. Праз некалькі тыдняў на ферму завезлі цялушак і бычкоў. 

Неаспрэчны «плюс» талюшанскай фермы ў тым, што тут  цэлае лета жывёла на пашы. Стойлавы перыяд для рагуль пачаўся толькі 1 лістапада. 

– У нас свой сянаж – побач з фермай ёсць траншэя, сілас прывозіць кормараздатчык. Кармы хлопцы развозяць коньмі і раздаюць уручную, – тлумачыць Луцыя Чаславаўна. – Скардзіцца няма на што. Дзякаваць богу, зарплаты атрым­ліваем своечасова.

Для гаспадыні талюшанскай фермы галоўнае, каб жывёла была дагледжаная, а ў памяшканнях і на тэрыторыі панаваў парадак. 

– Я разумею, што значную  долю выручкі нашай гаспадарцы прыносяць малочна-таварныя комплексы, – гаворыць жанчына. –  Але хочацца, каб і пра нас не забываліся. У «Талюшанах» цялятнік трэба падлатаць, выгулы зрабіць і яшчэ шмат чаго зрабіць. Пакуль жывыя фермы – у людзей ёсць работа, а значыць, вёскі будуць жыць. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст:
Фото: Алёна Ганулич