Знайдзі мяне, мама!

13:25 / 27.06.2011

Гісторыі пра тое, што мамы кідаюць сваіх дзяцей або адмаўляюцца ад іх, даводзілася чуць неаднойчы. Чаму гэта  адбываецца, не можа адказаць ніхто, нават тая  матуля, якая забылася пра свой святы абавязак.
А можа, яна проста не хоча браць адказнасць за таго, каго нарадзіла? Хто-небудзь прыгледзіць… А яна пакуль пажыве – пагуляе, пап’е, словам, адпачне…


І гэты хто-небудзь абавязкова знаходзіцца – свет, як кажуць, не без добрых людзей.
Мама Сямёна ўжо пасля  нараджэння амаль што яго страціла, але своечасова апомнілася – і тады сын застаўся з ёй. Цяпер хлопчыку два гады і восем месяцаў. Ды на маму зноў “напала” хвароба – яна запіла і забылася пра свайго хлопчыка. Умоў для яго выхавання ў доме не было – і Сямёна забралі ў дзіцячае аддзяленне раённай бальніцы. Пакуль што ён  знаходзіцца тут, памясціць малога ў прытулак  нельга: сюды прымаюць дзяцей з трох гадоў. А знаходзіцца ўвесь час у бальніцы, пакуль маму стараюцца паставіць на шлях выпраўлення,  таксама немагчыма.
Сямён – цудоўны хлопчык. Добры, паслухмяны, таварыскі і для  сваіх гадоў – незвычайна гаваркі. За першыя дні знаходжання ў аддзяленні ён стаў усеагульным любімцам. Але кормяць яго, мыюць, кладуць спаць, гуляюць з ім пакуль што цёці ў белых халатах. А ўтульны дом хлопчыку замяніла  бальнічная палата. Час ад часу, калі Сямён бачыць мабільны тэлефон, ён  адразу ж просіць:
– Давайце пазвонім маме.
– Мама на рабоце, – адказваюць яму, і малыш садзіцца гуляць у любімую гульню ўсіх хлопчыкаў – у машынкі.
Яшчэ некалькі тыдняў назад разам з Сямёнам у бальніцы знаходзіліся яго сябры па няшчасці, але аднаго забрала бабуля, другія  паехалі ў летнік. І ён застаўся адзін…
Магчыма, сярод чытачоў нашай газеты знойдзецца той, хто часова зможа прыняць Сямёна ў сваю сям’ю, абагрэе яго і падарыць сваю любоў, дабрыню і падтрымку.
Сямён чакае вас! Адгукніцеся!


Больш падрабязную інфармацыю пра Сямёна  вы можаце атрымаць у сектары па ахове правоў дзяцінства аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама па тэлефоне: 21-6-17, або ў дзіцячым аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы.


Алена ЯРАШЭВІЧ.