Вяртаючыся да надрукаванага. Смецце на дарозе: прыбралі і заплацілі

13:21 / 27.06.2011

У сваім аўтарскім ракурсе “Смецце на дарозе”  (“АП” ад 11 чэрвеня) Алена Ярашэвіч расказвала пра выпадак, які здарыўся на дарозе на Гудагай: вадзіцель аўтамашыны з літоўскімі нумарамі, чакаючы, пакуль адкрыецца пераезд, бессаромна дастаў з салона смецце і выкінуў яго ў прыдарожную канаву. Супрацоўнікі рэдакцыі не проста паабураліся пра сябе ўчынкам замежнага вадзіцеля, як гэта бывае найчасцей, а паспрабавалі прымусіць яго сабраць выкінутае смецце. Праўда, у іх гэта не атрымалася – літовец паводзіў сябе груба і па-хамску. Але неўзабаве, калі пераезд адкрыўся, гэтую машыну спыніў на дарозе супрацоўнік ДАІ…


Крытычныя матэрыялы ці вострыя сігналы рэдакцыя звычайна дасылае на рэагаванне адказным службам і асобам. Гэты ж мы нікуды не адсылалі – не патрабаваць жа рэагавання на выступленне газеты ад невядомага літоўца.
І былі прыемна здзіўлены, калі рэагаванне на гэтае выступленне атрымалі. Літаральна праз некалькі дзён пасля выхаду газеты з аўтарскім ракурсам Алены Ярашэвіч у рэдакцыю прыйшоў афіцыйны адказ з раённага аддзела ўнутраных спраў за подпісам яго начальніка А.І. Шастайла. У ім Аляксандр Іванавіч паведамляе, што інспектар ДПС ДАІ, які спыніў той самы “Мерседэс”, прыцягнуў яго вадзіцеля, грамадзяніна Літоўскай Рэспублікі Струнаса Вайдаса да адміністрацыйнай адказнасці за выкінутае з аўтамабіля смецце – яму давялося заплаціць штраф у памеры 35 тысяч рублёў. Акрамя таго, літоўцу давялося вярнуцца і прыбраць за сабой.
У гэтай сітуацыі нас парадавала некалькі момантаў.
 Па-першае, тое, што вінаваты ўсё ж быў пакараны і прыбраў смецце – думаецца, у другі раз ён падумае, ці варта рабіць падобнае на беларускіх дарогах: калі грамадзянін Еўрасаюза не паважае сябе, то няхай паважае грамадзян суверэннай Беларусі, нашы законы і парадкі. Па-другое, аператыўнасць супрацоўнікаў міліцыі, якія не пакінулі сігнал нашага вадзіцеля і выступленне газеты без увагі.
І галоўнае – неабыякавасць. Падумалася: як часта мы, калі бачым нешта падобнае, бурчым  сабе пад нос ці абураемся ў размовах з сябрамі – і ціхенька маўчым тады, калі трэба падаць голас. А калі б кожны паводзіў сябе так, як наш вадзіцель, то менш было б і смецця на дарогах, і разламаных лавачак у скверах, і абпісаных пад’ездаў і сцен дамоў.


Ніна РЫБІК.