Галасуем за касцёл Святой Тройцы ў Гервятах!

14:45 / 24.06.2011

Гервяцкі касцёл Святой Троіцы ўвайшоў у лік сямі цудаў Гродзеншчыны – разам з Мірскім замкам, цудатворнай іконай Маці Божай Жыровіцкай, возерам Свіцязь, Лідскім замкам і Каложскай царквой. Ці будзе ён прызнаны цудам Беларусі, у многім залежыць ад вас, шаноўныя чытачы!


Ці задумваліся вы калі-небудзь, што ці хто можа звацца цудам роднай краіны? Аднойчы “Народная газета” вырашыла высветліць гэта, распачаўшы праект “Сем цудаў Беларусі” на сваіх старонках. Журналісты выдання і няштатныя аўтары правялі вялізную работу, падрыхтаваўшы публікацыі па кожнаму раёну краіны, здолеўшы знайсці там  вартыя ўвагі аб’екты прыроды, архітэктуры, нематэрыяльнай спадчыны, тым самым адкрываючы родную зямлю і для сябе, і для сваіх чытачоў. Летась гэтая  праца была варта ацэнена: праект “Сем цудаў Беларусі” атрымаў Гран-пры Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Літара” у намінацыі “Лепшы творчы праект года сярод рэспубліканскіх друкаваных СМІ”.
А пасля на сайце “Народнай газеты” www.ng.by разгарнулася сапраўднае спаборніцтва. На першым этапе наведвальнікі выбіралі лепшыя цуды кожнага раёна, на другім — вобласці.  Па выніках абласнога этапу шляхам таго ж галасавання вызначыліся 42 аб’екты (па сем лідараў з кожнай вобласці), якія трапілі ў рэспубліканскі фінал. Сярод фіналістаў і наш з вамі касцёл Святой Тройцы ў Гервятах.
Ці стане ён цудам Беларусі? Усё залежыць ад нас, землякі! На сайце “Народнай газеты” www.ng.by  ужо распачалося галасаванне, па выніках якога ўпершыню ў гісторыі краіны будуць будуць выбраны і шырока абвешчаны Сем Цудаў Беларусі. Вы згодныя, што наш аб’ект варты трапіць у гэту сямёрку? У такім выпадку, заходзьце на сайт www.ng.by і галасуйце!