Яны не застаюцца раўнадушнымі да праблем пажылых людзей

13:39 / 24.06.2011
2

Штогод у нашым раёне, ды і ў рэспубліцы наогул, праходзіць месячнік Чырвонага Крыжа. Cёлета дабрачынны месячнік прайшоў пад агульным дэвізам – “Міласэрнасць без межаў”.


У рамках гэтага месячніка прайшоў шэраг як ужо добра  вядомых, традыцыйных, так і новых дабрачынных акцый. Ужо не першы год валанцёры атрада “Прамень”, да якіх таксама далучыліся іх калегі з гімназіі №1, не могуць застацца раўнадушнымі да  дзвюх  галоўных праблем пажылых людзей – адзіноты і ўжо не такога моцнага здароўя. Гэтыя “ворагі” перашкаджаюць часам прывесці ў належны выгляд сваю гаспадарку і зрабіць тое, што ў маладосці не складала ніякай цяжкасці. Вось тут на дапамогу і прыходзяць валанцёры. Добраўпарадкаванне прысядзібных участкаў, навядзенне парадку на падворках, аказанне дапамогі ў іншых відах хатняй дзейнасці ветэранам і адзінокім пажылым людзям – гэта іх сфера дзейнасці, таму многае было зроблена падчас акцый “Пачні дапамагаць вясной” і “Чысты двор”.
Вядома, што дзецям, як нікому іншаму, патрэбна дапамога і падтрымка дарослых асабліва калі яны з абмежаванымі магчымасцямі. Менавіта для іх і была праведзена раённая акцыя “Добрыя сэрцы” ў рамках абласнога праекта “Анёл у тваім сэрцы”. Падчас яе быў арганізаваны збор сродкаў на набыццё неабходных прадметаў гігіены для дзяцей. І людзі, якія прынялі ўдзел у гэтай акцыі, не проста ахвяравалі грошы на дабрачыннасць – яны падаравалі хвіліны радасці і палёгкі гэтым дзецям і іх бацькам. Таксама ў час месячніка Чырвонага Крыжа ў рамках праекта “Цяпло сэрцаў – дзецям” была аказана дабрачынная дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і знаходзяцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы.
Пакуль у Астраўцы дзейнічаюць “Прамень” і дабрачынцы з гімназіі, у Міхалішках тым часам ужо даўно з’явіліся “Анёлы” – так называецца валанцёрскі атрад Міхалішкаўскай СШ. Рабяты ўзялі пад апеку пацыентаў, якія знаходзяцца ў аддзяленні сястрынскага догляду мясцовай бальніцы – рэгулярна наведваюць іх і стараюцца хоць як-небудзь разнастаіць будні дзядуль  і бабуль. А нядаўна ў рамках праекта “Крок насустрач” прайшла акцыя “Мы разам – мы побач”, падчас якой міхалішкаўскія ”анёлы” падрыхтавалі для сваіх падапечных  канцэрт. І няхай ён быў не такі доўгі і прафесійны, але затое шчыры і сардэчны.
Таксама на базе ўсё той жа Міхалішкаўскай школы ў рамках сацыяльнага праекта “Мы разам – мы моцныя” прайшоў маладзёжны дзень здароўя ў выглядзе навучальнага семінара з элементамі трэнінгу, у якім прынялі актыўны ўдзел і маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія тым не менш з’яўляюцца валанцёрамі. Галоўная мэта гэтага мерапрыемства – паказаць і даказаць, што кожны чалавек, нават якому самому патрэбна дапамога, можа стаць валанцёрам і рабіць дабро.
–Мы вельмі ўдзячны ўсім, хто неабыякавы да чужой бяды, – падводзіць рысу старшыня раённага таварыства “Чырвоны Крыж” Вольга Руднік. Бо нават невялікі дабрачынны крок ці ўчынак – гэта ўжо пачатак вялікай справы. Вельмі хацелася б яшчэ раз адзначыць і падзякаваць нашым валанцёрам, сіламі якіх і адбываюцца шматлікія акцыі. Гэта І.Стэх, В.Клімчэня, Н. Скачкова, У. Свіла, А. Вараб’ёва, В. Спірыдон, Р. Грамбоўскі, М. Букель, А. Байдун, В. Праўлуцкі, І. Лябецкі, Э. Салтанава, І. Кавалеўская, А. Ляховіч, М. Вайнілка, Ю. Мазырэц, А. Дамуць і многія іншыя. Мы ўдзячны ўсім прыватным прадпрымальнікам за матэрыяльную падтрымку, садзейнічанне і разуменне, арганізацыям і прадпрыемствам – за пастаянныя ўзносы, насельніцтву – за шчырыя ахвяраванні.
Дабрачынны месячнік закончыўся. Але ці варта нагадваць, што для таго, каб працягнуць руку дапамогі бліжняму,  зусім непатрэбныя пэўны месяц, дзень ці дата? Азірніцеся ўважліва вакол – і адгукніцеся на чыйсьці нямы, нябачны і адчайны заклік: “Дапамажыце!”


Марына МАЦКЕВІЧ.