Аб зменах у сёлетняй прызыўной кампаніі расказаў раённы ваенны камісар

10:16 / 23.06.2011

З мэтай удасканалення сістэмы падрыхтоўкі войскаў зменены часовыя параметры навучальнага года ва Узброеных Сілах і прызыву грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. Сёлетняя прызыўная кампанія разбіта на некалькі частак: ужо гэтым летам астравецкіх юнакоў будуць адпраўляць на службу ў пагранічныя войскі, камітэт дзяржаўнай бяспекі, унутраныя войскі і роту ганаровай варты.
Як адаб’юцца гэтыя змены на хлопцах, што пойдуць служыць гэтым летам, расказаў нам раённы ваенны камісар Ігар Мікалаевіч ЧЫЧВАРЫН.


– Ігар Мікалаевіч, што па сутнасці змянілася ў правілах прызыву?
– Раней набор ва Узброеных Сілах пачынаўся 1 лютага і заканчваўся 30 лістапада. А з гэтага года ён будзе пачынацца 1 снежня і заканчвацца 31 кастрычніка наступнага года. Адпаведна змяняюцца і тэрміны правядзення прызыўной кампаніі. Калі раней мерапрыемствы чарговага прызыву праходзілі ў кастрычніку-студзені і красавіку-ліпені, – то зараз яны пераносяцца на люты-май і жнівень-лістапад. Адпаведна змяняюцца і тэрміны адпраўкі прызыўнікоў да месца праходжання тэрміновай ваеннай службы са студзеня на май і з ліпеня на лістапад, а службы ў рэзерве – з ліпеня на лістапад.
З мэтай планамернага пераходу на новыя тэрміны  летам гэтага года прызыў будзе ажыццяўляцца толькі для камплектавання ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, органаў пагранічнай службы, дзяржаўнай бяспекі і асобных падраздзяленняў Узброеных Сіл. Усяго па краіне ў гэты прызыў трапляе каля 3000 чалавек.
– А калі адбудзецца чарговы прызыў гэтага года ў астатнія роды войск?
– У лістападзе 2011 года. У гэты перыяд у падраздзяленні і воінскія часці беларускага войска плануецца накіраваць каля 10 000 чалавек.
– Якія станоўчыя моманты нясе змена тэрмінаў прызыву?
– Па-першае, паступленне юнакоў у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі не будзе супадаць з мерапрыемствамі прызыву. Тым самым у іх будзе больш часу для падрыхтоўкі і здачы выпускных іспытаў і паступлення.
Па-другое, мерапрыемствы прызыву не будуць адрываць выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў ад падрыхтоўкі да дзяржаўных экзаменаў і абароны дыпломных работ, а тыя, хто закончыў навучэнне ў чэрвені-ліпені, змогуць працаўладкавацца – гэта забяспечыць ім гарантаванае працаўладкаванне пасля звальнення ў запас.
Ну, а тыя, хто адслужыў, паспеюць паступіць у ВНУ непасрэдна пасля звальнення з ваеннай службы, і нават у лістападзе ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю.
Для былога зімовага прызыву таксама існуе некалькі станоўчых момантаў. Студзень – самы неспрыяльны месяц для адаптацыі новага папаўнення да ўмоў ваеннай службы: у гэты час назіраецца пад’ём захворванняў вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі. Адпраўка навабранцаў у воінскія часці ў лістападзе дазволіць знізіць узровень захворваемасці.
Змена тэрмінаў дазволіць павысіць эфектыўнасць баявой падрыхтоўкі, больш эфектыўна выкарыстоўваць навучальна-матэрыяльную базу, у тым ліку для навучання вядзенню баявых дзеянняў ва ўмовах зімы, аптымізаваць сістэму перавядзення ўзбраення і ваеннай тэхнікі на рэжым восеньска-зімовай эксплуатацыі.
– Ці зменяцца тэрміны нясення службы?
– Не. Яны застануцца ранейшымі: паўгода будуць служыць тыя, хто прайшоў ваенную падрыхтоўку па праграме малодшых камандзіраў пры ВНУ, адзін год – для выпускнікоў ВНУ і паўтара будуць служыць тыя, хто мае сярэднюю, сярэднюю спецыяльную і сярэднюю тэхнічную адукацыю.
– Ці працягваецца супрацоўніцтва ваенкамата з Ашмянскім ДТСААФ?
– Так. Мы па-ранейшаму працягваем падрыхтоўку вадзіцеляў аўтамабіляў катэгорый В і С. Зараз накіравалі туды 5 чалавек з нашага раёна, якія пасля заканчэння гэтай установы гарантавана пойдуць служыць вадзіцелямі. Гэтае навучанне праводзіцца за кошт сродкаў Міністэрства абароны. Наступны такі набор плануецца на сярэдзіну снежня.
Падрабязней даведацца пра тэрміны і ўмовы воінскай службы можна ў раённым ваенным камісарыяце. А таксама – на сайце выканаўчага камітэта, дзе нядаўна з’явілася старонка, прысвечаная ваенкамату і яго дзейнасці.


Гутарыў Антон МАЛЬШЭЎСКІ.