«Аксаміткі» ў гасцях у пацыентаў Міхалішкаўскай бальніцы

10:46 / 29.01.2020

Людзям у сталым узросце патрэбны не толькі клопат і медыцынская дапамога, але і простая ўвага. Па ініцыятве раённага савета ветэранаў аддзяленне сястрынскага догляду Міхалішкаўскай участковай бальніцы наведаў вакальны ансамбль «Аксаміткі» тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Кажуць, што пра стан грамадства можна меркаваць па адносінах да дзяцей і старых – недарэмна іх ставяць у адзін рад, бо і адны, і другія патрабуюць асаблівага клопату, увагі і пяшчоты.

У Міхалішкаўскай бальніцы на сацыяльных ложках знаходзіцца пяцьдзясят зусім розных людзей, аб’яднаных тым, што яны разам дажываюць свой век у казённым доме, пад адным дахам.

– У жыцці здараюцца розныя сітуацыі. Нездарма кажуць: не судзі – і не будзеш судзімы,  гаворыць старшыня савета ветэранаў Ірына Шляхтун. – Добра, што ёсць такія месцы як Міхалішкаўская ўчастковая бальніца, Падольскі дом сумеснага пражывання, дзе пажылыя атрымліваюць медыцынскую дапамогу, дзе клапоцяцца пра іх быт. Падумалася, што гэтым людзям, якія па шэрагу прычын на схіле гадоў жывуць не з блізкімі, вельмі патрэбны станоўчыя эмоцыі. На прапанову з’ездзіць у Міхалішкі з невялікім канцэртам адразу адгукнуліся «Аксаміткі», а кіраўніцтва тэрытарыяльнага цэнтра выдзеліла для паездкі транспарт.

2.jpg

Нязменная канферанс’е літаратурных і музычных імпрэз Данута Чарнушэвіч расказала, што яны не проста так назваліся «аксаміткамі» – гэтыя кветкі цвітуць да маразоў. Па іх прыкладу нястомныя ўдзельніцы ансамблю не губляюць сваёй бадзёрасці і аптымізму, нягледзячы ні на што.

…Імгненне – і заспяваў акардэон ў руках Васіля Карпеца, кіраўніка ансамбля, да якога далучыліся стройныя галасы дзесяці «аксамітак». Песні маладосці, шчымлівыя кампазіцыі пра родны дом і маці – многія ціха плакалі.

5.jpg

3.jpg

4.jpg



Менавіта ў Міхалішках упершыню прагучала песня «Сустрэча з домам», якая, верыцца, з часам стане візітнай карткай калектыву. Верш журналісткі, колішняй супрацоўніцы «Астравецкай праўды», таленавітай паэткі Таісы Сямёнавай, якая, дарэчы, і ў гэты дзень прачытала некалькі сваіх твораў, паклаў на музыку Васіль Антонавіч. Наталля Зубенка прачытала ўласную байку, за якую прысутныя аддзячылі аўтару шчырымі усмешкамі і апладысментамі.

6.jpg

7.jpg

8.jpg

Гадзіна праляцела, як адно імгненне. З усмешкамі на прасветленых тварах жыхары адзялення сястрынскага догляду Міхалішкаўскай бальніцы разыходзіліся па сваіх палатах. Хочацца верыць, што гэты дзень стаў для іх крышку святлейшым і цяплейшым…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич