Пра ролю мужчыны ў сям’і разважаюць і ўспамінаюць бацька і сын Маргужы

14:04 / 28.01.2020
Сын і бацька – як яны глядзяць на сям’ю і ролю ў ёй мужчыны? Пра гэта мы распыталі Аляксея Маргужа і яго сына Яўгенія.

1.jpg


– Прадоўжыце фразу: мой бацька – гэта…

Аляксей Зяно­на­віч:

– Бацьку Зянона Міхайлавіча – хоць яго ўсе звалі Жэнем, так я і свайго першынца назваў, – я магу ацэньваць з вышыні пражытых гадоў і сённяшняга вопыту. На жаль, ён пайшоў з жыцця яшчэ ў 1990 годзе, калі мне было 23 гады.

Бацька  ведаў і любіў тэхніку – у нас быў матацыкл «ІЖ-Юпіцер», які ён увесь час раман­таваў, разбіраў і збіраў – і мяне да гэтага прывучаў. Закончыў тэхнікум, атрымаў спецыяльнасць электрыка – а ў міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі працаваў на розных кіруючых пасадах. Быў вельмі шчырым і праўдзівым – мусіць, гэта яго і згубіла. Калі надышлі 90-я і пачалася перабудова, стала  бурыцца ўсё, у што ён, выхаваны ў духу савецкіх ідэалаў, свята верыў, – не змог гэтага зразумець, прыняць, прыстасавацца да новага жыцця…

Яўгеній Аляксеевіч:

– Я перакананы, што мой бацька – найлепшы чалавек у свеце, прынамсі, для мяне! Ва ўсіх сэнсах гэтага слова: як галава сям’і, сябар, роднасная душа.

– Што ўспамінаецца, калі ўзгадваеце дзяцінства? 

Аляксей Зянонавіч:

– Зараз – усё! Як тата вучыў касіць, секчы дровы. Адпраўляў: пайдзі і зрабі. Я псіхаваў: не разумеў, як. Але бацька настойваў:  захочаш – зробіш! 

Узгадваецца наша рыбалка ў Карэліі. Як я ужо ў першым класе  матацыкл вадзіў, седзячы на бензабаку. Хацелася, як і ўсім, ехаць па добрай дарозе – але бацька пускаў за руль, толькі калі пачыналася дрэнная.

Яўгеній Аляксеевіч:

– Запомніліся падарожжы – на мора, у іншыя гарады, цікавыя экскурсіі.

А яшчэ – як хадзілі паліваць агарод пад Бялькішкі: на полі, дзе зараз пабудавалі першы мікрараён, былі агароды астраўчан, у тым ліку і наша «сотка». Летам нашым святым абавязкам было яго паліваць. Не такая, дарэчы, і лёгкая справа – гэта ж не шланг уключыць: трэба было разоў дзесяць спусціцца да рэчкі па ваду, потым аднесці поўныя вёдры за некалькі дзясяткаў метраў на свой участак, паліць грады. Колькі разоў я падаў у тую рэчку – а тата мяне лавіў. Але ўсё роўна было весела: тады  яшчэ быў жывы наш сабака Князь, які дурэў, бегаў з намі. І галоўнае – побач быў бацька!

– А крыўды дзіцячыя помняцца?

Аляксей Зянонавіч:

– Гэта былі не мае, а хутчэй маміны крыўды на бацьку, якія я, жадаючы яе абараніць, успрымаў, як свае асабістыя. Цяпер разумею, што гэта было няправільна.

Яўгеній Аляксеевіч:

– Былі і крыўды, неразуменне: маўляў, хто ты такі, каб мной камандаваць, я ўжо дарослы! Праз праблему бацькоў і дзяцей  праходзяць у кожнай сям’і. У падлеткавым узросце нам здаецца, што мы лепш усё ведаем, гэта з гадамі прыходзіць разуменне, што бацька меў рацыю… 

– Што з таго, чаму вучыў вас бацька, вы хацелі б перадаць сваім дзецям?

Аляксей Зянонавіч:

– Цяпер свет стаў настолькі інфарматыўным, што дзеці ўсё могуць самі даведацца. Роля бацькі, мне здаецца, стала больш накіроўваючай і кантралюючай: трэба сачыць і падказваць, каб яны вучыліся таму, чаму трэба. 

Яўгеній Аляксеевіч:

– Мне цяжка адказаць на гэтае пытанне, бо сваёй сям’і пакуль не маю. Але калі ў мяне будзе сын, то я пастараюся навучыць яго галоўнаму – працалюбству, стараннасці,  цярпенню.  

– Якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен валодаць сапраўдны мужчына?

Аляксей Зянонавіч:

– Мне не падабаецца ў людзях сквапнасць. Раздвоенасць языка: калі аднаму гавораць адно, а іншаму – другое.  Мужчына павінен быць абавязковым: сказаў – зрабі. А ўвогуле трэба менш гаварыць, а больш справай займацца – і без пахвальбы, калі нешта атрымалася добра. Умець выказаць і адстаяць сваё меркаванне, калі гэта трэба.  

Яўгеній Аляксеевіч:

– Мужчына павінен быць упэўненым у сабе, адказваць за свае справы і ўчынкі, з’яўляцца здабытчыкам і абаронцам для сваёй сям’і – гэта асноўнае.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик