За першы летні месяц на Астравеччыне было зарэгістравана тры пажары

09:54 / 23.06.2011

Першы пажар адбыўся 6 чэрвеня ў вёсцы Бялькішкі. У 23.46 у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Астравецкага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб загаранні хлява, які належыць 78-гадовай пенсіянерцы. У выніку пажару знішчаны дах і перакрыцці, пашкоджаны сцены. Прычынай загарання спецыялісты называюць падпал.
9 чэрвеня ў 20.44 у вёсцы Заборцы Міхалішкаўскага сельсавета загарэлася лазня. Як мяркуецца, прычынай пажару стала кароткае замыканне электраправодкі. Полымем пашкоджаны сцены будынка і знішчаны дах і перакрыцці.
Яшчэ адно надзвычайнае здарэнне адбылося ў Варнянах на вуліцы Савецкай, дзе каля 4-х гадзін ночы пачаў гарэць хлеў. У выніку пажару знішчаны дах і перакрыцці, пашкоджаны сцены. Прычына загарання высвятляецца.
Усяго па стане на 20 чэрвеня 2011 года ў Астравецкім раёне адбылося 25 пажараў. У параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі колькасць пажараў павялічылася на 4 (у 2010 годзе іх было 21) і на гэтых пажарах загінула 3 чалавекі (за мінулы год ахвяр на пажарах не было).


У гэтым годзе 10 пажараў адбылося з-за неасцярожнага абыходжання з агнём, 8 – з-за парушэнняў правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання, 4 – па прычыне парушэння правілаў эксплуатацыі печак і цеплагенерыруючых агрэгатаў і адзін – з-за дзіцячага свавольства з агнём (падпал). Прычына яшчэ аднаго пажару высвятляецца.


Эдуард МАЛЫШКА, інспектар групы прапаганды і навучання.