Студэнты Астравеччыны адказалі на пяць пытанняў

00:12 / 25.01.2020
Сёння свята  адзначаюць не толькі Таццяны-Танечкі-Танюшы, але таксама вясёлая і няўрымслівая «нацыя» – студэнты

Ці лёгка быць студэнтам 21 стагоддзя? Гэта мы высвятлялі, прапанаваўшы хлопцам і дзяўчатам Астравеччыны адказаць на пяць пытанняў аб галоўным.   


1. Давайце пазнаёмімся: адкуль вы родам, якую школу заканчвалі, дзе цяпер вучыцеся і чаму выбралі гэтую прафесію.

2. Ці лёгка быць студэнтам?

3. Пакласці кнігу пад падушку, не мыць галаву, клікаць халяву… Якія метады прыцягнення ўдачы падчас сесіі ведаеце і выкарыстоўваеце?

4. Ад сесіі да сесіі… Ці застаецца час на захапленні і мары?

5. Цікавы выпадак са студэнцкага жыцця.

Мар’ян Васілеўскі

Марьян Василевский.jpg



1. Родам я з вёскі Горшавічы. Скончыў Спондаўскі дзіцячы сад – сярэднюю школу. Дзякуючы настаўнікам Ігару Іванавічу Лоўкісу – на жаль, яго ўжо няма ў жывых – і Яўгену Іванавічу Лукшу, мне вельмі падабаліся фізіка і матэматыка. Таму, калі надышоў час вызначацца, куды паступаць, вырашыў, што буду здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па гэтых прадметах, а затым падаў дакументы ў міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Зараз я студэнт-другакурснік, вучуся на факультэце маніторынга навакольнага асяроддзя па спецыяльнасці ядзерная і радыяцыйная бяспека. Я вырас у вельмі маляўнічых мясцінах, таму ведаю, што прыродзе патрэбен клопат і ўвага.

2. Студэнтам быць нескладана. Гэта амаль як хадзіць у школу – вось толькі мама раніцай не разбудзіць. Таму самае цяжкае – своечасова прачнуцца, каб не спазніцца на першую пару. А яшчэ – легчы спаць да поўначы, інакш уставаць будзе пакута. Нао­гул, студэнцкае жыццё – імклівае і цікавае: проста паляжаць і нічога не рабіць дакладна не атрымаецца. 

3. Шчыра кажучы, не разумею тых, хто ў дванаццаць ночы крычыць: «Халява, прыйдзі!» Але кніжку на ўсякі выпадак пад падушку кладу. 

4. Як ні парадаксальна, але больш вольнага часу з’яўляецца падчас сесіі – тады сустракаюся з сябрамі, гуляю ў футбол, люб­лю серыял цікавы паглядзець. А мары… Вельмі хачу з’едзіць у Нарвегію – там такая маляўнічая і непаўторная прырода! Ну і, канешне, хачу на «выдатна» здаць сесію.

5. Ды вось нядаўна быў прыкольны выпадак: 13 студзеня здаваў экзамен па тэнзорнаму аналізу – складанай матэматыцы. Заходжу ў аўдыторыю, першым іду  цягнуць білет, гляджу – а яны ўсе неперавернутыя. Нічога не разумею – што за прыкол? Выкладчык кажа: «Цягні». Я і выбраў самы лёгкі, напісаў за 20 хвілін, іду адказваць. А выкладчык мне: «Па білету нічога гаварыць не трэба – ты ж яго ідэальна ведаеш, давай лепш у агульным пагаворым». Вось так мы больш гадзіны па ўсіх білетах размаўлялі. (Усміхаецца.) Але ў выніку я «дзявятку» атрымаў. 


Дар’я Кірпа

Дарья Кирпо.jpg



1. Нарадзілася я ў Варнянах, там жа скончыла школу. Зараз вучуся на пятым курсе Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Прафесію выбрала, гледзячы на маму – яна працуе медыцынскай сястрой у Варнянскай амбулаторыі. У дзяцінстве я з захапленнем назірала, як яна спрытна ставіць уколы, кропельніцы і ніколі не блытаецца ў мудрагелістых назвах лекаў. Але больш за ўсё запомнілася, як знаёмыя і незнаёмыя людзі дзякавалі маме за дапамогу. Мне хацелася быць падобнай да яе, таму і вырашыла стаць урачом. Мама мой выбар падтрымала. Пакуль я вучуся на лячэбным факультэце, але хачу стаць акушэрам-гінеколагам – рэпрадукцыйны працэс заўсёды цікавіў. А паўгода назад у мяне з’явілася пляменніца Маша. Гледзячы на гэтае маленькае сонейка, я яшчэ больш упэўнілася ў сваім выбары: хачу дапамагаць нараджацца новаму жыццю. 

2. Студэнтам-медыкам быць няпроста, асабліва на першым часе: аб’ём інфармацыі, які трэба засвоіць, проста велізарны. Затым паступова прывыкаеш, а пасля трэцяга курса становіцца лягчэй. З іншага боку, студэнтам быць весела. Я жыву ў інтэрнаце, а там заўсёды жыццё бурліць.

3. Клікаць халяву – гэта святая традыцыя! У нас некалькі студэнцкіх інтэрнатаў знахо­дзяцца побач, і калі ў поўнач перад экзаменам усе адчыняюць вокны і крычаць: «Халява, прыйдзі!» – відовішча прыкольнае. Падручнік таксама кладу пад падушку. Але больш за ўсё я веру ў сілу свайго талісмана, які заўсёды са мной. 

4. Калі ёсць вольны час, люб­лю праводзіць яго з сябрамі. Яшчэ падабаецца спяваць і маляваць, апошняе захапленне  – гэта карціны па нумарах. А мара ў мяне простая – атрымаць вышэйшую адукацыю і стаць доб­рым урачом.

5. Выпадак не памятаю, але ў нашай групе ёсць традыцыя на Каляды дарыць адзін аднаму падарункі ад таямнічага Дзеда Мароза. Прынцып такі: кожны выцягвае паперку з прозвішчам таго, каго трэба павіншаваць, але ад каго ты атрымаеш падарунак, застаецца сакрэтам.


Данііл Кавалеўскі

Даниил Ковалевский.jpg



1. Я вучуся на другім курсе факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці таможаная справа. Лічу, што гэтая прафесія прэстыжная і запатрабаваная. Скончыў Кямелішкаўскія яслі-сад – сярэднюю школу. 

2. Плюсаў у студэнцтве шмат: становішся больш самастойным і адказным, атрымліваеш карысныя веды, знаходзіш новых сяброў. А мінусы… (Задумваецца.) Вялікі мінус – гэта тое, што кожныя паўгода даводзіцца здаваць сесію. (Усміхаецца.)

3. Ведаю шмат студэнцкіх прыкмет, каб на экзамене пашанцавала, але я імі не карыстаюся. Лічу, галоўнае перад іспытам – добра выспацца. На жаль, зрабіць гэта не заўсёды атрымліваецца. 

4. Займаюся ў другую змену, таму вольнага часу няшмат. У першай палове дня звычайна рыхтуюся да заняткаў, а вечарам адпачываю ад вучобы. Люблю паглядзець цікавы фільм ці серыял. У будучым хочацца зрабіць нешта экстрэмальнае – напрыклад, скокнуць з парашутам.

5. Давялося ўпэўніцца ў невычарпальных магчымасцях студэнта. Аказваецца, сапраўды за некалькі дзён і начэй можна вывучыць цэлы прадмет. 


 Алена Грыва

Елена Грива.jpg



1. Вёска Лазоўка – мая радзіма. Пасля заканчэння Гудагайскай сярэдняй школы я паступіла на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, дзе вучуся другі год. Мяне заўсёды цікавілі падзеі мінулага часу. Лічу, што ведаць гісторыю свайго краю – абавязак кожнага грамадзяніна. Да таго ж, мне падабаецца займацца з дзецьмі, таму вырашыла стаць выкладчыкам гісторыі. 

2. Студэнтам быць цікава, галоўнае – правільна размеркаваць свой час. Тады нават у самы загружаны дзень знойдзецца некалькі хвілін для сяброў ці любімай справы. А яшчэ гэта час, калі вучышся прымаць рашэнні і адказваць за іх, знаёмішся з новымі людзьмі, адкрываеш у сабе новыя магчымасці – і гэта здорава.  

3. У нас ёсць цікавая традыцыя: класці 10 капеек у абутак – гэта прыносіць удачу. Таксама існуе прыкмета, што калі перад экзаменам першым сустрэнеш мужчыну – пашанцуе, жанчыну – не. Яшчэ адзін метад – кінуць залікоўку на падлогу перад дзвярыма аўдыторыі, дзе праходзіць экзамен.

4. Студэнцкае жыццё праходзіць насычана, але знаходзіцца час і на адпачынак. Я люблю спорт, наведваю трэніроўкі па баскетболе. Таксама хаджу з сябрамі ў кіно ці на хакей. 

5. Такога выпадка не прыпомню – спадзяюся, усё самае цікавае яшчэ наперадзе.  


Анжаліка Шостак

Анжелика Шостак.jpg



1. Родам я з Кямелішак. Скончыла мясцовую школу, зараз студэнтка трэцяга курса Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа. На мой погляд, чалавек павінен займацца любімай справай, таму будучую прафесію я выбірала свядома. Усё пачалося з выпадку, калі мы з мамай зайшлі ў банк. Пакуль стаялі ў чарзе, я зачаравана назірала за спецыялістамі – сама не ведала чаму, але было вельмі цікава сачыць за іх работай. Пасля гэтага стала цікавіцца банкаўскай справай – і паступіла на гэтую спецыяльнасць.

2. Жыццё студэнта спачатку не такое ўжо і бесклапотнае – да яго трэба прывыкнуць. Напрыклад, раніцай цябе будзіць не пяшчотны мамін голас, а будзільнік. І сняданак ніхто не прыгатуе – з гэтага часу ўсё трэба рабіць самой. Да таго ж вучоба ў каледжы больш складаная, чым у школе. Аднак усё мяняецца праз месяц-два: прывыкаеш да распарадку дня, з’яўляюцца новыя сябры, а ў інтэрнаце, дзе жыву, заўсёды знойдуцца цікавыя заняткі. 

3. Перад экзаменам кладу канспекты пад падушку, у дванаццаць ночы клічу халяву, а яшчэ перавязваю залікоўку чырвонай стужкай і развязваю толькі перад аўдыторыяй. Выцягваю білет толькі левай рукой. 

4. Большую палову дня я праводжу ў каледжы, але і там не бывае сумна, бо даведваюся шмат цікавага на занятках. Вечарам наведваю гурток па танцах, люблю гуляць  з сябрамі. У будучым хачу атрымаць вышэйшую адукацыю.

5. Аднойчы мы ехалі ў ліфце – чалавек дзесяць. Раптам старас­та кажа: «А вы ведаеце, што калі мы ўсе адначасова падскочым – ліфт спыніцца». Секунд праз пяць мы, не дамаўляючыся, дружна падскочылі – канешне ж, ліфт далей не паехаў.

Яшчэ быў выпадак на экзамене: я выцягнула білет і зразумела, што ведаю толькі адно пытанне і задачу. Надышла чарга адказваць – я падрабязна ўсё расказала і рашыла задачу. А затым… Выкладчык спыніў, адзначыўшы, што бачыць, што я ўсё цудоўна ведаю, і не стаў пытаць астатняе. Пашанцавала! 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Текст: