Што рабіць, каб падзарабіць?

15:04 / 17.06.2011

Лета ўжо даўно стала сінонімам адпачынку  і канікулаў. Праўда, ёсць і тыя, хто, наадварот, выкарыстоўвае гэты час, каб крыху падзарабіць. Як правіла, гэта студэнты і старшакласнікі. Але калі ў буйных гарадах знайсці сабе працу на пару месяцаў асаблівай праблемы не складае, то што рабіць маладому насельніцтву дробных гарадоў? Дзе знайсці падзаработак канкрэтна ў Астраўцы?  Па адказы на гэтыя пытанні мы звярнуліся да першага сакратара райкама БРСМ Марыны Кутовіч.


–Ці праўда, што вы можаце дапамагчы ўладкавацца на працу ў час летніх канікулаў?
–Праўда. Ужо не першы год мы практыкуем такую арганізацыю занятасці студэнтаў і старэйшых школьнікаў. Гэта цудоўная магчымасць для іх крыху падзарабіць. Спачатку мы загадзя абмяркоўваем з рознымі арганізацыямі, ці змогуць яны ўзяць на работу маладых людзей. Затым удакладняем, колькі вакансій прадастаўляецца, аб’яўляем набор, фарміруем студатрады і працаўладкоўваем усіх жадаючых.
–І што трэба зрабіць жадаючым, каб трапіць на працу – прайсці кастынг ці вытрымаць якое-небудзь спецыяльнае выпрабаванне?
–Галоўнае – гэта жаданне працаваць. І сур’ёзныя адносіны да сваіх абавязкаў. Каб не было такога, што спачатку чалавек як бы і хоча папрацаваць, а пасля пачынае парушаць дысцыпліну, нядобрасумленна адносіцца да сваёй дзейнасці, прагульвае. Так нічога не атрымаецца. А ў астатнім нічога асаблівага не патрабуецца – трэба звярнуцца да нас, – у райкам БРСМ, ці патэлефанаваць па тэлефоне 21-8-43, пакінуць свае даныя: кантактны тэлефон, адрас. Пасля трэба будзе прайсці медыцынскі агляд, каб ведаць, што маладым людзям не проціпаказана тая работа, якую мы ім прапануем.
–За працаўладкаваннем могуць звяртацца студэнты?
–Не толькі. Будзем рады бачыць кожнага юнака ці дзяўчыну, якім ужо споўнілася 14 ці больш гадоў. Трэба таксама адзначыць, што працоўны дзень у іх будзе неаднолькавы. Моладзь ад 14 да 16 год будзе  працаваць не больш за 4 гадзіны, а старэйшыя – 6 гадзін.
–Вы сказалі, што заключаеце дагаворы з арганізацыямі і прадпрыемствамі, каб уладкаваць туды на часовы занятак моладзь. І куды адправяцца працаваць ахвотнікі падзарабіць сёлета?
–Мы ўжо дамовіліся з кіраўніцтвам жыллёва-камунальнай гаспадаркі і райспажыўтаварыства. ЖКГ прадастаўляюць вакансіі для 15 юнакоў і 10 дзяўчат па добраўпарадкаванні  райцэнтра. Райспажыўтаварыства прапаноўвае працу на выязным гандлі. Дарэчы, запісацца пажадана да канца чэрвеня, бо пасля мы будзем фарміраваць атрады і размяркоўваць людзей.
–І самае галоўнае – на якую зарплату могуць разлічваць рабяты?
–Як паабяцаў дырэктар РУП ЖКГ А.Б. Стурліс, у яго мінімальная зарплата будзе складаць не менш за  300 тысяч рублёў. Магчыма і больш высокая. Такім чынам, яшчэ раз запрашаем усіх жадаючых палепшыць сваё матэрыяльнае становішча і не прасіць у бацькоў грошай на дыскатэку і марожанае.


Марына МАЦКЕВІЧ.