Цяпло сяброўскіх сэрцаў

12:07 / 18.01.2020
Вярнуць да жыцця цудоўныя Калядныя сустрэчы вырашылі супрацоўнікі Цэнтра культуры і адпачынку аграгарадка Варняны, а ініцыятарам выступіла ветэран педагагічнай працы Людміла Іванаўна Кухарэвіч.

Пачалася сустрэча з прэзентацыі аматарскага аб’яднання «Землякі», створанага намаганнямі ўсё той жа няўрымслівай Людмілы Іванаўны. Яна згуртавала вакол сябе паважаных аднавяскоўцаў – працаўнікоў, ветэранаў, умельцаў і творчых людзей. Вось яны за святочным сталом: Таццяна Нікіфараўна Волкава, настаўніца з вялікім стажам, пакутніца ў фашысцкай няволі падчас Вялікай Айчыннай вайны; Тарэса Станіславаўна Ляховіч, мнагадзетная маці, сярод яе дзетак – знакаміты спартсмен-лёгкаатлет Аляксандр Ляховіч, Тамара Рамуальдаўна Пятрова, настаўніца фізіч­най культуры, вялікая аматарка прыроды і  пада­рожжаў;  Лідзія Аляксандраўна Лакевіч, біёлаг, заўзяты кветкавод і спраўная гаспадыня; Марыя Вікенцьеўна Сальмановіч, жанчына вельмі міласэрная, дапамагае ўсім, хто слабейшы, да таго ж, актыўная ўдзельніца розных клубных імпрэз; Марыя Іванаўна і Уладзіслаў Уладзіслававіч  Александровічы, былыя бібліятэкар і калгасны шафёр; Ірына Генрыхаўна Масейка, аграном-насеннявод і, зразумела, вялікая шанавальніца расліннага свету, Люся Уладзіславаўна Міхна, на­стаўніца рускай мовы і літа­ратуры, шчыры сябар кніг; Жанна Іванаўна Лоў­кіс, стваральніца сапраўдных вышытых  і вязаных шэдэўраў; паэткі Таццяна Зя­нонаўна Раткевіч,  Святлана Васільеўна Еўтушэнка... Словам, «Землякі» – гэта згуртаванае, цеснае брацтва, у якім кожны адчувае сябе ўпэўнена, куды хоча вяртац­ца з блізкіх і далёкіх дарог. 

Удзельнікі клуба землякі.jpg

Удзельнікі клуба «Землякі»


Каб раззадорыць усіх, Людміла Іванаўна задала некалькі дасціпных і даволі скла­даных загадак. 

Людміла Кухарэвіч.jpg

Людміла Кухарэвіч



Запальваюцца святочныя раждзест­вен­скія свечкі, перадаецца з рук у рукі прыгожая калядная кампазіцыя,  разразаецца ружовая стужка адкрыцця. Яе кавалачкі падзелены паміж гасцямі і гаспадарамі – на памяць. А госці – званыя і шматлікія: вакальны калектыў «Крынічанька»  Смаргонскага ТЦСАН «Цёплы дом» і вакальная група «Аксаміткі» Астравецкага ТЦСАН. Побач з «Аксаміткамі» заўсёды танцавальная група «Чаромушкі». Задорныя, лёгкія на нагу дзяўчаты – назваць іх бабулямі язык не паварочваецца. Іх цудоўны карагод «Лябёдушка» проста зачараваў  гледачоў!

Смаргонская Крынічанька.jpg

«Крынічанька»


Калектыў Аксаміткі.jpg

«Аксаміткі»


Харавод Лябёдушка.jpg

«Лябёдушка»


Госці прэзентавалі сябе самі – праз вядучых сваіх канцэртных праграм Ірыну Аляксандраўну Трухіну і Дануту Фран­цаўну Чарнушэвіч.  Гаспадароў – трыа «Сала­вейкі» і салістку Вікторыю Мізулу – назвала Людміла Іванаўна Кухарэвіч. А аб’яднала ўсіх у цеснае кола вядучая імпрэзы Наталля Уладзіславаўна Стакун.

Трыа Салоўкі.jpg

«Сала­вейкі»


Спявае Вікторыя Мізула.jpg

Спявае Вікторыя Мізула



І загучалі песні – харавыя, сольныя, аў­тар­скія. «Аксаміткі»  ўпершыню выка­налі аднайменную песню, што нарадзілася ў калектыве і мае стаць яго візітнай карт­кай. А «Крынічанька» захапіла, апроч іншага, цудоўным «Смаргонскім вальсам» – таксама своеасаблівай візітоўкай.  Яшчэ былі пранікнёныя вершы пра родны дом, малую радзіму, нашу беларускую Каляду, лірычныя абразкі – сярод  гасцей і гаспадароў  аказаліся і  паэты.

Так у сяброўскай бяседзе з песнямі, танцамі, задушэўнымі размовамі пад духмяную гарбату і шчодры  пачастунак на любы смак прайшоў той ня­дзельны дзень. Звонку, за сценамі клуба, дзьмуў пранізлівы вецер і імжыў дождж, а ў зале разліваліся хвалі душэўнага цяпла. Цудоўныя Калядныя сустрэчы атрымаліся! З тых, у якіх мусіць быць паўтор.

Текст: