Как праздновала Рождество в детстве и как делает это сейчас Анна Ворейко
16:21 / 06.01.2020
Пра сваё жыццё, тое, як адзначалі Ражаство ў дзяцінстве і святкуюць зараз, расказвае прыхаджанка храма Святых апосталаў Пятра і Паўла Ганна Варэйка.
Родам з дзяцінства
– Мы ў вёсцы Ганевічы жылі, гэта ў сучасным Клецкім раёне Мінскай вобласці, на самай граніцы з Брэстчынай. Нас у бацькоў дзевяцёра было – і ўсіх яны выгадавалі.
Мама закончыла сем класаў польскай школы з адзнакай, далей вучыцца не змагла: грошай не было. Яе ў вёсцы мудрай звалі, без яе парады ніхто ні карову не купіў, ні дачку замуж не аддаў, усё казалі: «Трэба ў Мані спытаць, што рабіць». Гаспадыня: прала, ткала прыгожа. Парадак любіла. Кветнікі тады раскошай былі – зямля карысць павінна прыносіць, дык мама бульбу па-асабліваму садзіла: тры рады паспешкі, тры рады сінявочкі, а паміж імі – мак. І на нас сварылася, каб мы не ленаваліся кошыкі з насеннем мяняць. А летам бульба як зацвіце: палоска сіняя, другая – белая, потым – чырвоная маку… Прыгажосць!
А бацьку ў вёсцы Мічурынам празвалі. У нас цэлы гектар саду быў, яблыкаў такіх, як у нас, я больш і не спытала. І грушы бэры – ах, якія смачныя! Восенню мы іх збіралі і тата вазіў прадаваць – у Мінск, Маскву і далей – аж да Горкага даязджаў. Ён граматны быў, але ўсім кіравала мама: як яна скажа, так і будзе.
Бацькі былі добрымі гаспадарамі, але жылі мы небагата. Вядома – такая сям’я! І ўсе працавалі. Я з шасці гадоў кароў пасвіла. І самая смачная ежа з таго часу і да сённяшняга для мяне – чорны хлеб з малаком.
А потым стала яшчэ цяжэй: хату нашу сусед, былы паліцай, падпаліў. У маі мы згарэлі, а ў чэрвені мама двайнят нарадзіла, Фаіну і Дашу.
Каляды ў бацькоўскай хаце
– Царква была ў суседняй вёсцы Сіняўка, кіламетрах у двух ад нашай. Мама туды заўсёды хадзіла і нас з сабою брала. Ідзём босыя, толькі перад самой царквой чаравічкі абувалі. А недзе ў 1957 годзе кранамі купалы пасцягвалі, а ў царкве свіран зрабілі. Іконы ў ёй прыгожыя, старадаўнія былі, нават не ведаю, куды падзеліся. Потым храм аднавілі, а я ўсё той, са свайго дзяцінства, успамінаю.
Мы заўсёды пасцілі перад Ражаством. А як было не пасціць, калі дзевяць душ сям’і і кабанчыка два разы на год калолі, перад Вялікаднём і на Каляды?
Падрыхтоўку да свята пачыналі з генеральнай уборкі. Усё прыбіралі, не толькі хату. Мама адпраўляла братоў, каб і ў хлявах, і на панадворку ўсё павычышчалі, навялі парадак. У хаце кожны куточак прыбіралі, печкі бялілі. Мама пляла саламяных павукоў, развешвалі іх па кутах, а мы, дзеці, рабілі да іх кветачкі.
Да свята перасцірвалі ўсё. А мыла ж, не кажучы пра парашок, не было. Луг рабілі са шчолаку. У вялікую кадушку складвалі вуголле, абавязкова бярозавае, а потым яшчэ і камяні раскаленыя клалі, накрывалі льняной анучкай, і ўсё гэта залівалі кіпенем. Потым у вялікія чыгуны складвалі бялізну, залівалі разбаўленым лугам і ставілі ў печ. А пасля неслі на рэчку паласкаць. Як высахнуць гэтыя посцілкі на марозе – здаецца, сама свежасць у хату прыходзіць!
Сяннікі да свята набівалі новыя. Сена на ўсе не хапала, у большасці саломай напіхвалі. Яны свежыя высачэнныя былі, пад столь, і для нас, дзятвы, такой радасцю было паскакаць на іх.
На вокнах фіранкі марлевыя развешвалі. Гэта ўжо потым паркалёвыя гафтаваныя з’явіліся, а напачатку мама звычайную марлю крухмаліла і падсіньвала.
Ёлку ставілі не да Новага года, а на Каляды – Новы год увогуле быў так сабе свята: «Добры дзень, віншуем» – ды і ўсё. А Каляды – усім святам свята! Ёлку ўпрыгожвалі, чым мелі: з паперы цацкі выразалі, ваты накідвалі. Цукерак трошкі мама павесіць – але ж мы, дзеці, кралі тыя цукеркі, хацелася смачненькага. А паперкі потым напіхвалі чым-небудзь, закручвалі і зноў на ёлку вешалі.
Перад Калядамі ўсе мыліся – лазні ў нас не было, дык у вялікай балеі ў хаце. А мама, бедная, усю ноч перад святам не спала, стол рыхтавала. Ну і мы дапамагалі, як маглі.
Пад абрус рассцілалі сена – тата яго летам заўсёды ў адным месцы касіў, спецыяльна для каляднага стала. Чакалі, калі на небе з’явіцца першая зорка, і ўся сям’я садзілася за стол.
Тады таксама дванаццаць страў на калядны стол падавалі. Галоўная, вядома ж, была куцця. Толькі варылі яе не з круп, як зараз, а з пшаніцы: зерне падсмажвалі ў печы і потым таўклі ў ступе – гэта ўжо была наша, дзіцячая, справа. А таўчы трэба было надта ж доўга – мераліся на чапляю, каму пачынаць; потым мяняліся. Запраўлялі кашу макавым малачком. Мак пераціралі ў жалезнай ступцы да белага, таксама цяжка было.
Куццю падавалі ў спецыяльнай глінянай лаханцы, мама яе ўпрыгожвала, банцік чапляла. За вячэрай усе бралі толькі па тры лыжкі гэтай смачнай кашы. Мы хітравалі: лыжкі большыя ўхапіць стараліся, з каптуром набіралі, ды яшчэ і прыціснуць, каб больш улезла. А потым, як усе ўзялі па тры лыжкі, лаханку з куццёй ставілі ў чырвоны кут пад абразы. Назаўтра ёй частавалі курэй, карову – усю хатнюю жыўнасць. А потым заскварвалі і елі ўжо як скаромнае.
Яшчэ піражкі посныя пяклі – з капустай, грыбамі, макам. І ў адзін абавязкова капейку клалі, варажылі так: каму дастанецца – той багатым і шчаслівым у новым годзе будзе.
Абавязкова вінегрэт рабілі, два кісялі – чырвоны з ягадамі і белы, аўсяны. Капусту мама варыла з белымі грыбамі – ах, якая смачная, ніякае мяса не дакажа! І квашаную капусту галоўкамі прыносілі са склепа: у вялікую кадушку складвалі капусту шаткаваную, а паміж ёй слаямі – невялікія качаны. Перад тым, як падаць на стол, іх разбіралі, прыпраўлялі спецыямі, палівалі алеем… Аж зараз слінкі цякуць, як успомню!
Гарох і боб замочвалі на суткі, каб разбрак, а потым падсмажвалі на алеі.
А яшчэ льняное семя пераціралі да мукі і падкалочвалі ім грыбную юшку – клындай у нас гэтую страву называлі.
А пасля ўжо, на пачастунак, бацька прыносіў з гарышча яблыкі і грушы: дарма што Мічурыным празывалі, а елі мы іх толькі па святах – усё ішло на продаж. І арэхі: ляшчыны тады многа расло, мама арэхі сушыла і на Каляды пакідала. Кожнаму жменьку давала, а мы стараліся ўгадаць, колькі там – цот ці лішак?
Пасля вячэры выцягвалі з-пад абруса сена – у каго даўжэйшая былінка, той і пражыве даўжэй. Ой, як я радавалася, калі аднойчы самую доўгую выцягнула!
А пасля вячэры выляталі на двор варажыць. Глядзелі: у якім баку зорка ўпала – туды і замуж пойдзеш, дзе сабака забрахаў – там тваё шчасце жыве! Яшчэ паперкі з імёнамі хлопцаў пад падушку клалі, раніцай выцягвалі – як імя будучага мужа, хацелі даведацца.
А назаўтра на стале абавязкова было халоднае, рульку запякалі. Кумпякамі не пеставаліся, але на Ражаство мама абавязкова прыпасала колца-другое каўбасы. Самагонкі не гналі, рабілі бражку, саладуху – смачная! Круціла пасля яе крыху ў галаве.
У камуністычныя часы
– Бацькі хоць вясковыя былі, але хацелі, каб дзеці вучыліся. Семярым з дзевяці яны далі вышэйшую адукацыю.
Я інстытут народнай гаспадаркі заканчвала. Пасля інстытута працавала ў Карэліцкім раёне. А потым мяне запрасілі ў Астравец. Працавала дырэктарам гандлёвай базы, старшынёй райспажыўтаварыства, дырэктарам Дома быту. На рабоце прападала дзень і ноч. За тое цяпер сумленне мучыць: мала часу дзецям удзяляла.
У тыя часы Ражаство спраўляла ўпотайкі, бо была членам партыі, кіраўніком. У царкву ў Вільнюс ці ў Ашмяны цішком ездзілі з Марыяй Вянгроўскай, толькі машыну падалей ставілі, каб у вочы не кідалася. А стол у мяне ці ў Марыі Уладзіміраўны накрывалі.
Калі ў Астраўцы ў маленькай хатцы царкву адкрылі, туды стала хадзіць: ужо можна было. Неўзабаве айцец Павел Варановіч мяне ў хор паклікаў…
А потым сталі царкву будаваць. Ну, будоўля – гэта мая стыхія! Я да абеду на рабоце, а пасля царкоўнымі справамі займалася.
Памятаю, прыехалі ў Радашковічы з Марыяй Вянгроўскай за цэглай. Палічылі, што нам дзевяць «Калхід» трэба – а грошай толькі на восем пералічылі. Пайшлі мы да дырэктара прасіцца. Я апранулася адпаведна: белыя боты, новае паліто, норкавая шапка… Просім загрузіць яшчэ адну машыну – на павер ці ў доўг. А ён кажа: «Вунь па канвееры цэгла ідзе, колькі здымеце – ўсё ваша». І давай мы з Марыяй Уладзіміраўнай працаваць. Хто там думаў пра белыя боты ці новую шапку!
Лес тады ў калгасах быў, і нам старшыні моцна дапамаглі – светлай памяці Леанід Дарафей, Мікалай Севасцьян, Часлаў Рынкевіч, дырэктар лясгаса Стратонік Лях.
Кавалёў, тагачасны начальнік МПМК, шмат дапамагаў. І хлопцы чарнобыльскія – да цямна працавалі.
Затое колькі радасці было, калі, як і планавалі, на велікодную ўсяночную ў новай царкве служба была. Сцены патынкаваць не паспелі, дык папрасілі на камбінаце будаўнічых матэрыялаў белай паперы, абабілі – усё ж свяжэй і святлей.
У гасцях у дачкі
– Усяго давялося перажыць: і паклёпы пісалі, і турмой пагражалі. Але тыя, хто мне пагражаў, з работы здымаў, потым на каленях прабачэння і дапамогі прасілі. Бог усё бачыць: і ўсё ў жыцці вяртаецца бумерангам – я ў гэтым неаднойчы пераканалася.
Мне ўжо 74-ты год, але ўсё яшчэ працую.
Хоць галава сям’і ў нас цяпер старэйшая дачка Святлана. Яна мне маму маю нагадвае: такая ж мудрая і памяркоўная. Калі што, то да яе за парадай звяртаюся. У царкве на клірасе спявае і арганізацыйныя клопаты на ёй. Усе пасты захоўвае, не тое, што я, грэшніца: толькі ў пятніцу пашчуся…
І Ражаство мы цяпер у яе доме святкуем. Збіраецца ўся сям’я – з праўнукам нас ужо 11 чалавек. Гэтаксама сена на стол кладзём, маміным абрусам засцілаем. Толькі што на куццю пшаніцу ўжо не таўчом, а варым яе з круп. А я, як і ў дзяцінстве, клынду вару. І вінегрэт робім, кісель, піражкі і гэтаксама абавязкова капейку кладзём, каб шчасліўчыка вызначыць.
Стараемся захоўваць традыцыі нашых бацькоў – мо, і ўнукам, праўнукам яны некалі спатрэбяцца?
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.