Лепшы заатэхнік-селекцыянер Гродзеншчыны Андрэй Сячынскі

09:30 / 03.01.2020

Падчас абласных “Дажынак”, якія напрыканцы лістапада прайшлі ў Смаргоні, лепшым заатэхнікам-селекцыянерам Гродзеншчыны быў прызнаны Андрэй Сячынскі з малочна-таванага комплексу “Малі” КСУП “Гудагай”.

IMG_3937.jpg

Каб пазнаёміць нашых чытачоў з перадавіком, падчас ранішняй дойкі мы завіталі ў Малі.

Трэба зазначыць, што апошнія гады два малочныя дзецішчы-гіганты КСУП “Гудагай” – комплексы “Малі” і “Германішкі” ў вытворчасці малака, як кажуць, ідуць нага ў нагу: з перманентным поспехам то адзін, то другі становіцца лідарам па надоях і якасці малака. Падчас раённага свята работнікаў сельскай гаспадаркі мальскія даяркі Людміла Арлоўская і Марына Юркойць атрымалі ўзнагароды за ІІ месца ў абласным спаборніцтве сярод аператараў машыннага даення, якія працуюць на малочна-таварных комплексах.

Цікаўлюся ў Андрэя Станіслававіча, ці ёсць усё ж такі саперніцтва паміж “Малямі” і “Германішкамі”.

– Не, – прызнаецца мужчына. – Прынамсі, я гэтага не адчуваю. Трэба не дужацца і высвятляць, хто першы і лепшы, а сумленна рабіць сваю работу – тады і вынік будзе станоўчы. Мы ўсё ж адна гаспадарка. (Усміхаецца). Хоць, прызнацца, здаровая канкурэнцыя падшурхоўвае рухацца наперад, павышаць кваліфікацыю.

У Малях мужчына працуе ўсё сваё свядомае жыццё: як прыйшоў на ферму пасля заканчэння школы ў сямнаццаць гадоў – так і застаўся. За гэты час Андрэй вырас са звычайнага жывёлавода да заатэхніка-селекцыянера, прычым лепшага на Гродзеншчыне.

IMG_3696.jpg

– На гэтай ферме без перабольшання я ледзь не з калыскі: і бабуля, і мама, і цёткі былі даяркамі. Усе памяшканні, хоць, канешне, ферма за апошнія гады памажнела, ведаю як свае пяць пальцаў. Выхад магу знайсці нават з заплюшчанымі вачыма, – расказвае мужчына. – Першы запіс у маёй працоўнай кніжцы зроблены ў 1997 годзе. Месца працы адно да гэтага часу – мяняліся толькі службовыя абавязкі.

– Я з дзяцінства ведаў, што буду працаваць на ферме, – прызнаецца мужчына. – Хоць тата быў у мясцовым калгасе тра ктарыстам і я яму ў дзяцінстве падсабляў – то ключ прынясу, то гайку, – але да тэхнікі не цягнула. Не маё гэта. Праўда, у старэйшых класах атрымаў правы трактарыста – але яны так мне і не спатрэбіліся. Душа да жывёлы ляжыць.

Кемлівага і талковага даглядчыка прыкмеціла былая начальніца комплексу “Малі” Люцыя Драцкая – яна і параіла Андрэю падвучыцца.

– Мечыславаўна, пэўна, бачыла, што ва ўсім разбіраюся, але не хапае адукацыі. Так я адвучыўся ў Смілавіцкім аграрным тэхнікуме. За тую параду я ёй бязмерна ўдзячны, – гаворыць заатэхнік-селекцыянер. – Для многіх каровы на адну пысу. Нашы дзяўчаты іх па вымені пазнаюць – вядома ж, даяркі. А ўсе рагулі насамрэч розныя – і па вушах, і па масці. У адной галава вялікая, грамоздкая, а ў другой – акуратная. Мне даста ткова адзін раз паглядзець на карову, каб сказаць, ці трэба яе выбракоўваць. Наш галоўны заатэхнік Віктар Алёкса называе мяне хадзячым кам п’ютарам.

На ферме ў свой час Аляксандр працаваў і пастухом, і аператарам па абслугоўванні малочнага абсталявання, толькі апошнія тры гады ён адказвае за селекцыю і фарміраванне статка.

– Тут я як рыба ў вадзе: мне ўжо ўсё знаёма і звыкла. Калі б дзесяць гадоў таму сказалі, што давядзецца працаваць на камп’ютары, я б толькі адмахнуўся – нізавошта не паверыў бы. Але ўсяму навучыўся, – расказвае мужчына. – Усе звесткі пра ацёлы, ветэрынарныя мерапрыемствы і іншыя маніпуляцыі заношу ў спецыяльную праграму. З моманту нараджэння і да выбыцця каровы на яе вядзецца пашпарт. Праграма дапамагае фарміраваць групы, дае і іншыя падказкі.

У “Малях” усе рагулі свае: на комплексе закрыты цыкл гадоўлі жывёлы.

– Ферму пераабсталявалі пад комплекс у 2008 годзе. Намучыліся, пакуль прывучылі кароў да даільнай залы, – расказвае Андрэй Сячынскі. – Сёлета з пачатку года ад каровы надаілі крыху больш за дзевяць тысяч кілаграмаў малака – на тысячу больш, чым летась.

Па словах заатэхніка-селекцыянера, сакрэту вялікіх надояў няма. Галоўнае, каб кармы былі добрымі.

– Карова ж не камп’ютар. Па тэхналогіі, дойка каровы павінна доўжыцца не больш за шэсць хвілін. Калі даярцы патрэбна больш часу – значыць гэта “тугадойка”, і жывёліну трэба выбракоўваць, – працягвае мужчына. – Увогуле, шмат чаго залежыць ад камплектацыі дойнага гурта і селекцыйнай работы. У жывёлагадоўлі дробязяў не бывае. Падаюць надоі, глядзім: можа, жывёлаводы каровам патакі недадалі. Кожныя дзесяць дзён трэба перасарціроўваць групы. Нюансаў хапае. У гэтым месяцы, напрыклад, у нас 107 ацёлаў – і звесткі пра кожнае цяля абавязкова трэба занесці ў праграму. Канешне, здараюцца, і памылкі – але іх разумная сістэма не прапускае.

Размаўляючы з мужчынам, слухаючы, з якой любоўю і з веданнем справы заатэхнік-селекцыянер расказвае пра сваю работу, злавіла сябе на думцы, што ён – шчаслівы чалавек, бо займаецца тым, што любіць і да чаго ляжыць душа.

З першых вуснаў

Сёлета я ўпершыню пабываў на абласных “Дажынках”. Вельмі прыемна, што маю працу ацанілі на такім высокім узроўні. Праўда, крыху няёмка адчуваў сябе на сцэне – маё месца на комплексе.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алена Ганулич