Аб пратэрмінаваных прадуктах, якія выяўлены ў астравецкіх магазінах

14:42 / 10.06.2011

Спецыялісты санітарнай эпідэміялагічнай службы раёна рэгулярна праводзяць праверкі, наведваюць гандлёвыя аб’екты і ў 100 працэнтах выяўляюць парушэнні санітарных правіл. І першае месца сярод выяўленых парушэнняў можна з упэўненасцю аддаць рэалізацыі пратэрмінаванага тавару.


Прадпрыемствы-вытворцы ўказваюць тэрмін годнасці не толькі для гандлю, але і для нас, пакупнікоў. Напрыклад, за студзень-красавік гэтага года ў наведаных 18 (36,7 працэнта) з 49 гандлёвых аб’ектаў былі выяўлены пратэрмінаваныя прадукты.
Парада №1:
- ні ў якім выпадку не купляйце такую прадукцыю;
- выбіраючы прадукт, у першую чаргу трэба глядзець на тэрмін годнасці;
- зрабіце запіс у кнізе заўваг і прапаноў.


Найбольш частае парушэнне – рэалізацыя тавару, які не адпавядае патрабаванням заканадаўства рэспублікі па маркіроўцы, упакоўцы, прадастаўленні спажыўцам поўнай і дакладнай інфармацыі аб тавары і іншае. Маркіроўка сцёртая, замазаная, заклеена цэннікам – такое парушэнне выгадна для работнікаў магазінаў, бо не трэба кожны дзень кантраляваць тэрміны годнасці, умовы захоўвання і іншае.
Парада №2:
- указаць работнікам гандлю на парушэнне;
- пры сумненнях у праўдзівасці інфармацыі на этыкетцы – не купляць такую прадукцыю.


Нярэдкія выпадкі рэалізацыі тавару без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку. Навошта яны – усё ж напісана на этыкетцы, ярлыку? Такія пытанні прыходзіцца часта чуць ад прадаўцоў. А патрэбны дакумент для таго, каб пакупнікі маглі ўпэўніцца, што тавар (прадукт) зроблены не ў “падвале” ці іншым непрыдатным для гэтага месцы.
Парада №3:
- пры нават самым малым сумненні ў якасці прадукт не купляйце і не ўжывайце ў ежу;
- патрабуйце дакумент, які пацвярджае якасць і бяспеку.


Пры правядзенні праверак і маніторынгу, яшчэ не заходзячы ў магазін, можна сутыкнуцца з беспарадкам ля ўваходу – рашотка для ачысткі абутку адсутнічае, сметніца перапоўнена, навокал паперкі, недакуркі, дзверы брудныя… Ужо з гэтага моманту пакупнік павінен  насцярожыцца. Практычна заўсёды ў такім выпадку можна ўбачыць аналагічны неахайны стан і ў гандлёвай зале: халадзільныя вітрыны, прылаўкі, гандлёвыя горкі, вагі брудныя, з рэшткамі засохлай прадукцыі, зацёкамі. На рабочых месцах прадаўцоў знаходзяцца пабочныя прадметы, цэннікі “ляжаць” проста на прадуктах, якія мы ўжываем без дадатковай тэрмічнай апрацоўкі (вяндліне, піражках, чабурэках і іншае). У дадатак да гэтай “прыгажосці” – сам прадавец стаіць не ў чыстым санітарным адзенні, а ў  фартушку не першай свежасці.
Парада №4:
- будзьце ўважлівыя да таго, дзе, як і хто вас абслугоўвае;
-не набывайце прадукты харчавання ля дарогі і каля рынкаў;
- памятайце: бруд і прадукты харчавання несумяшчальныя.


Аб выкананні таварнага суседства пры захоўванні і рэалізацыі прадуктаў харчавання ведае кожная гаспадыня:  нельга класці побач падсмажаную катлету і сырую рыбу, хлеб і свежую гародніну і іншае. А ў некаторых магазінах гэта можна ўбачыць вельмі часта.
Парада №5:
- не купляйце такую прадукцыю – яна небяспечная.


У магазінах самаабслугоўвання неабходна звяртаць увагу на чысціню кошыкаў для пакупак. Каб зэканоміць свой час, работнікі магазінаў не заўсёды мыюць іх, у лепшым выпадку проста праціраюць анучкай. А якасны і бяспечны прадукт можа лёгка забрудзіцца ў дрэнна вымытым кошыку.
Парада №6:
- брудны кошык не бярыце;
- зрабіце запіс у кнізе заўваг і прапаноў.


В. БАЛАШ, урач-гігіеніст райЦГЭ.