Альхоўка: паміж газам і святлом
На пашыраны сельскі сход з удзелам старшынь раённага Савета дэпутатаўі Міхалішкоўскага сельсавета, прадстаўнікоў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, энерганагляду, раёна газазабеспячэння, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сабраліся жыхары Альхоўкі і настаўнікі мясцовай школы.
– Мы часта сустракаемся з альхоўцамі, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук. – Сёння пагаворым пра набалелае як для вашай вёскі, так і для ўсяго раёна. І адно з актуальных пытанняў гэтай зімы – пячное ацяпленне і пажары, якія, нягледзячы на цёплае надвор’е, усё ж здараюцца.
Агонь, феерверк і… рыба
– Сёння не ў кожнай вёсцы налічваецца столькі жыхароў, колькі загінула на пажары ў нашай вобласці ў гэтым годзе, – адзначыў намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Радомскі. – Адказнымі структурамі робіцца ўсё магчымае, каб папярэдзіць бяду, аднак наша бяспека залежыць толькі ад нас саміх.
І не трэба ламаць галаву над новымі спосабамі прафілактыкі – трэба выконваць правілы, якія, што праверана не раз і не намі, засцерагаюць ад бяды. Устанавіце аўтаномны пажарны апавяшчальнік, не перагружайце электраправодку, не забывайце выключаць бытавыя прыборы, сачыце за чысцінёй вентыляцыі і коміна, пратопку печкі заканчвайце за дзве гадзіны да сну, не давайце запалкі дзецям і не пакідайце іх дома без нагляду.
У час навагодніх святаў памятайце пра небяспеку феерверкаў і петардаў – нават запальваючы іх па інструкцыі, будзьце ўважлівымі і асцярожнымі. Як вядома, нават стрэльба, якая вісіць на сцяне, у любы момант можа выстраліць…
– У Альхоўцы ёсць месцы, дзе любяць праводзіць час рыбакі, – звярнуў увагу супрацоўнік РАНС. – Звяртаюся да такіх апантаных: не выходзьце на тонкі лёд, таму што нават самы багаты ўлоў не каштуе вашага жыцця.
ЛІЧБА
5 968 пажараў адбылося ў Рэспубліцы Беларусь з пачатку года, 476 чалавек загінула, з іх – двое дзяцей.
749 разоў выязджалі на пажар выратавальнікі ў Гродзенскай вобласці. 45 жыхароў Гродзеншчыны загінулі ў агні.
34 няшчасныя выпадкі падчас выкарыстоўвання піратэхнікі зафіксавана ў рэспубліцы ў 2019 годзе.
Бойлеры і… гірлянды
– Не шкадуйце грошай на электраправодку, асабліва ў дамах з драўлянымі сценамі, і дапамажыце замяніць яе састарэлым родзічам, – папрасіў прысутных інспектар энерганагляду Уладзімір Кавалёнак.
У час актыўнага выкарыстання бытавых прыбораў і розных гаджэтаў, якія патрабуюць частай падзарадкі, не думае пра электрабяспеку, мабыць, толькі самазабойца. Мікрахвалёўкі, кававаркі, духавыя шафы, электрачайнікі і бойлеры – нагрузка «на разеткі» бывае каласальнай, хоць яна і нябачная.
Не зразумела, пра што думаюць і тыя кулібіны, якія рамантуюць выключальнік або падаўжальнік, не адключыўшы іх ад напружання. Такі экстрэмальны рамонт можа стаць апошнім у жыцці.
РЭКАМЕНДАЦЫЯ СПЕЦЫЯЛІСТА
– Выкарыстоўвайце толькі сертыфіцыраванныя навагоднія «агеньчыкі»;
– Для вулічнага ўпрыгожання купляйце гірлянды з павышанай ізаляцыяй.
Дапамога не толькі ў святы
Пра тое, чым і каму можа дапамагчы Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, расказала намеснік дырэктара Марыя Максімава. За дапамогай у тэрытарыяльны цэнтр, акрамя маладых інвалідаў і пенсіянераў, могуць звярнуцца маладыя маці, якія маюць права на пакрыццё затрат на дзіцячае харчаванне, людзі, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, а таксама тыя, хто атрымлівае даход ніжэй пражытачнага мінімуму. Цэнтр аказвае і гуманітарную дапамогу шматдзетным сем’ям. Запатрабавана, асабліва ў сельскай мясцовасці, і паслуга сацыяльнага работніка на даму.
ЛІЧБА
– 200 рублёў у месяц – кошт пражывання ў доме сумеснага пражывання ў Падольцах.
– на 20 месцаў разлічаны дом сумеснага пражывання пажылых. На сёння свадобных месцаў няма.
Газ ці святло?
Начальнік раёна газазабеспячэння Юрый Шоць нагадаў альхоўцам, што забаронена самастойна перападключаць газавыкарыстоўваючае абсталяванне – за гэта пагражае штраф ад 4 да 20 базавых велічынь; самавольна адключаць балоны, захоўваць іх непадключанымі, а таксама запраўляць на газазапраўках. Сезоннае тэхнічнае абслугоўванне газавыкарыстоўваючага абсталявання абавязкова праводзіцца раз у год.
Колькі балонаў можа быць у адным домаўладанні? Ці могуць жыхары Альхоўкі, якія карыстаюцца звадкаваным газам у балонах і адмовіліся ад прыроднага, калі ішла газіфікацыя вёскі, правесці яго цяпер? Колькі за гэта трэба заплаціць? А можа, у сувяззю з хуткім увядзеннем у эксплуатацыю атамнай электрастанцыі выгадней будзе ўстанавіць ацяпленне на электрычнасці. Пра гэта распытвалі ўдзельнікі сходу Юрыя Аляксандравіча.
У ТЭМУ
1. Кажуць, што газавую пліту можна выкарыстоўваць не больш за дзесяць гадоў.
– Як правіла, тэрмін выкарыстання пліты – не больш за 20 гадоў. У плітах «Гефест» прапісана 12 гадоў. Дазвол на выкарыстанне пліты звыш гэтага перыяду дае дыягностыка, якая можа прадоўжыць тэрмін дазволу яшчэ на пяць гадоў, у наступны раз – на тры, потым на два – і так да 20 гадоў. Праверку пліты робяць спецыялісты газазабеспячэння.
2. Часта здараецца, што ў балоне заканчваецца газ, а дастаўка наступнага будзе аж праз тыдзень. Што параіце рабіць?
– Магчымы выхад – устанавіць яшчэ адзін балон. Такую паслугу аказвае Астравецкі раён газазабеспячэння. Яшчэ адзін спосаб – купіць газавую пліту з адной электрычнай гарэлкай.
Напрыканцы сходу старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук, як толькі альхоўцы расказалі аб адсутнасці напору вады ў кватэрах шматпавярховак, звязалася з начальнікам Астравецкай ЖКГ, каб як мага хутчэй вырашыць гэтае пытанне.
Цытата дня:
– Калі ў вас узніклі пытанні, не бойцеся звяртацца да спецыялістаў. У кожнай арганізацыі раёна вам дапамогуць разабрацца. Тэлефануйце, прыходзьце – і вам абавязкова адкажуць. (Ірына Тальчук)