Пра Каляды разважаюць вернікі

06:02 / 25.12.2019
Праз некалькі гадзін у цёмным вечаровым небе загарыцца першая зорка – народзіцца маленькі Езус. Ён прыйдзе ў гэты свет, каб кожнага з нас адарыць надзеяй, верай і любоўю. А мы ў гэтым радасным чаканні адрасуем яму калядныя маналогі.

1.jpg



ПАРАФІЯНКІ

Ганна ЗІМНІЦКАЯ, парафія Святога Юрыя, Варняны:

Зімніцкая.jpg



– Езунька, даражэнькі! Мы Цябе так чакаем! У маёй сям’і і ў нашай парафіі рыхтаваліся да Твайго нараджэння: упрыгожвалі касцёл і ачышчалі сэрцы праз калядную споведзь і ўдзел у рэкалекцыях.

Прабач тых, хто забыў пра Цябе, страціў ці яшчэ шукаюць сваю дарогу да Бога.

Дапамажы тым, хто гэтыя светлыя святочныя дні бу­дзе сустракаць у адзіноце: дзеткам з прытулкаў, дзіцячых дамоў, адзінокім састарэлым. Свята Божага Нараджэння – сямейнае, таму ў гэты святы вечар людзі не павінны быць у адзіноце.

Умацуй кожнага чалавека верай, пасялі ў душах надзею на лепшае і навучы любові.

Складана паверыць, што наш касцёл, гісторыя якога налічвае больш за чатыры стагоддзі, не так даўно, толькі напачатку 90­х гадоў, ізноў стаў нашым. З тваёй, Божа, дапамогай святыня вярнулася парафіянам. Але людзі ніколі не забывалі цябе: і раней ледзь не ў кожнай хаце ў вігілійны вечар маліліся.

А цяпер мы маем цудоўную магчымасць маліцца, не хаваючыся, і перажываць у касцёле радасць вігілійнай ночы, калі на свет нарадзіўся збавіцель людскога роду.

Езунька, вельмі хачу, каб не толькі ў нашых сем’ях, але і ва ўсім свеце людзі сталі больш дружнымі: каб сыты спачуваў галоднаму, багаты дапамагаў беднаму, каб, нарэшце, скончыліся войны, каб дзеткі не станавіліся сіротамі.

І не забудзь пра майго адзінага ўнучка Валянціна – доб­рае ж сэрца ў хлопчыка. Няхай яму вучоба лёгка даецца, побач будуць верныя сябры і ён абярэ правільны шлях у жыцці.

Дзякуй табе, Маленькі, за ўсіх, хто абраў жыццёвай дарогай служэнне Богу і людзям, асабліва за нашага святара, ксяндза Паўла. Дай яму моцнага здароўя, каб мог ажыццявіць усё задуманае, і людской дапамогі. Чамусьці людзі часта забываюць, што пра касцёл павінен клапаціцца не столькі святар, колькі парафіяне, – а разам мы можам многае.

Дзякуючы ксяндзу Паўлу моладзь і дзеткі, якія рыхтуюцца да першай камуніі, на заняткі па рэлігіі прыходзяць у цёплыя памяшканні, ладзяць сустрэчы – наш святар аднавіў сальку і адкрыў катэхітычны клас.

Ніколі ён не забывае пра старых і нямоглых. За некалькі тыдняў да Божага Нараджэння аб’язджае ўсе вёскі нашай парафіі, каб хворыя і тыя, хто не можа даехаць у касцёл, паспавядаліся, прынялі камунію перад гэтым вялікім святам.

Езунька, прабач нас усіх,што больш за дзве тысячы гадоў назад табе не знайшлося месца ні ў адным доме! Цяплом цябе сагравалі жывёлы, а пялюшкамі было мулкае сена. Нягледзячы на гэта, ты ўсё роўна дорыш кожнаму сваю жыццядайную ўсмешку, лежачы ў яслях, і безумоўную любоў.

МІНІСТРАНТАЎ Яўген СІВУХА і Максім КАМІНСКІпарафія Святых Космы і Даміяна, Астравец:

Сівуха іКамінскі.jpg



Яўген:

– Божае Нараджэнне – маё любімае свята! У касцёл мяне прывяла бабуля Уладзя – дзякуй вялікі ёй за гэта. Паслугую ксяндзу я нядаўна, але гэта мне вельмі падабаецца. У нас столькі міністрантаў!

Увесь Адвэнт я хадзіў на Рараты – не прапусціў ніводнага дня. Ці цяжка было прачынацца? Не! Кожную раніцу я бег у касцёл, бы на крылах ляцеў. Нават крыху шкада, што Рараты скончыліся.

Жыву разам з мамай, але на куццю мы абавязкова едзем да бабулі з дзядулем – за агульным сталом збіраецца ўся сям’я: прыязджаюць цётачкі, стрыечныя брат і сястра. Дзядуля Мароз раніцай пакідае падарункі пад ёлкай. Ён прыносіў мне машынку на пульце і іншыя цацкі. Сёлета мару атрымаць ад яго баскетбольны мяч ці паўэрбанк.

А яшчэ хачу трапіць на Пас­тэрку, наколькі я ведаю, у нашым касцёле яна пачынаецца апоўначы – але ж дзецям у гэты час трэба спаць.

Я мару стаць ксяндзом і быць падобным да нашага пробашча Юзафа – ён разум­ны, мудры і вельмі добра адносіцца да ўсіх дзяцей. …З днём нараджэння, Маленькі!

Максім:

– Я таксама хадзіў на Рараты, але прапусціў адзін дзень – разам з бацькамі ездзіў адведваць брата, які служыць у арміі. У наступным годзе пастараюся не прапусціць ні дзянёчка!

У касцёл упершыню мяне прывяла мама пяць гадоў таму. Цяпер я дапамагаю ксяндзу падчас імшы: званю ў званочак, падаю ваду ці ручнік.

Чаго б я папрасіў у Дзіцяткі Езуса? Каб людзі не хварэлі і былі радаснымі. А яшчэ па­дзякую за сваю сям’ю: як добра, што мы ёсць адзін у аднаго!

СЯСТРЫ ЗАКОННАЙ

Сястра Магдаліна КУЛАЙ, кармелітанка Дзіцяткі Езуса, парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, мястэчка Гудагай:

сястра Магдаліна.jpg



– Дзіцятка Езус, я такая шчаслівая, што прыйдзеш у гэты свет! На працягу Адвэнта разам з дзеткамі з Гудагайскай і Смаргонскай парафій мы рыхтаваліся да Твайго нара­джэння.

Кожны тыдзень на рэлігійныя заняткі да мяне прыходзіць больш за дзвесце пяцьдзясят хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны такія розныя! Хтосьці хуткі і няўрымслівы, іншы, наадварот, сарамлівы і засяроджаны. Але з Тваёй дапамогай я імкнуся падабраць ключык да кожнага дзіцячага сэрца – спадзяюся, што гэта ў мяне атрымліваецца.

Хоць у гэтыя перадсвяточныя дні столькі спраў і часам здаецца, што нічога не паспяваю, – але я за ўсё бязмежна ўдзячна Табе, літасцівы Божа! Час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, асабліва калі цябе акружаюць дзясяткі дзіцячых цікаўных вочак, – самая цудоўная пара.

Разам з дзеткамі і моладдзю мы ўпрыгожвалі сальку, размаўлялі пра нараджэнне Езуса, ладзілі салодкія сталы і нават калядныя сустрэчы. Для мяне было адкрыццём, што некаторыя не ведаюць, што такое Вігілія. Таму ад душы дзялюся з усімі тым, што ведаю і ўмею.

Дзіцятка Езус у яслях – гэта не проста фігурка, а асоба, якая сталася чалавекам і аддала сваё жыццё за людзей. З Маленькім на руках я фатаграфавала дзетак каля святочна ўпрыгожай ёлкі, а потым гэтыя здымкі перасылала бацькам. Калі адным вечарам атрымала тэлефоннае паведамленне ад адной з мамаў «Дзякуй, што вы ў нас ёсць!», яшчэ больш упэўнілася, што мае намаганні недарэмныя.

Мне было васямнаццаць гадоў, калі я ўступіла ў ордэн кармелітанак Дзіцяткі Езуса. Да гэтага родны брат таксама стаў манахам­кармялітам. У бацькоў нас двое, таму можна зразумець іх перажыванні ад усведамлення таго, что яны ніколі не будуць гушкаць унукаў. Але мама і тата прынялі наш выбар. Я ўдзячна Богу за бацькоў і брата Юрыя, які заўсёды духоўна падтрымлівае мяне.

У гудагайскай парафіі ёсць цудоўная традыцыя, якую распачалі сёстры, мае папярэдніцы, – дні духоўнай цішыні і малітвы. Сёлета яны праходзілі пад дэвізам: «Што можаш зрабіць сёння, не адкладвай на заўтра». Разам з дзяўчатамі з розных куточкаў Астравеччыны і іншых раёнаў і духоўным кіраўніком айцом Паўлам Германам мы разважалі над духоўнай лянотай і што трэба рабіць, каб яе пазбавіцца.

Для нас, сясцёр­кармелітанак Дзіцяткі Езуса, свята Божага Нараджэння – адно з самых галоўных. Маленькі Сын Божы – наш галоўны апякун, з якога трэба браць прыклад. Я стараюся гэта рабіць і моцна люблю дзетак, з якімі працую.

У апошні час усё часцей заўважаю, што не толькі дзецям, але і дарослым часта не хапае ўвагі і клопату. Людзі, не бойцеся звяртацца да святароў і сясцёр за дапамогай, нашы душы заўсёды адкрыты, як і сэрца маленькага Езуса, які сёння народзіцца для кожнага з нас.

СВЯТАРА

Ксёндз Андрэй ГОРБАЧ, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа, Астравец:

Горбач.jpg

– Нараджэнне Божага Сына адкрывае нам неба і паказвае гэты цудоўны свет! Гэта становіцца магчымым таксама і праз нашу ўзаемную падтрымку, ахвярнасць, адданасць і чуласць у справах нашай супольнай парафіяльнай сям’і.

Я ўдзячны Езусу за дар жыцця і святарства, за тое, што мы – людзі добрай волі, – гэтае вялікае свята будзем сустракаць разам.

Здараецца, што чалавек трапляе ў складаную жыццёвую сітуацыю, збочвае з правільнай дарогі ці ўвогуле выракаецца веры. Выйсце заўсёды ёсць – даверцеся Богу, ён абавязкова падкажа вам правільны, патрэбны менавіта ў гэты час і ў гэтай сітуацыі шлях.

Калі вы сустракаеце Божае Нараджэнне ў адзіноце, бальніцы ці вязніцы – гэта не нагода для адчаю. Узгадайце словы Хрыста, якія ён казаў сваім вучням: «Я заўсёды з вамі!» Памятайце: вы не адны… Нараджэнне Езуса – сямейнае свята, у якое ў бацькоўскай хаце за адным сталом збіраецца ўся сям’я. Не саромцеся і не адкладвайце на пасля, каб сказаць сваім блізкім, што вы іх любіце, што яны вам патрэбны – любові ніколі не бывае зашмат. Галоўная каштоўнасць жыцця не ў грашах, машынах, нерухомасці, а ў тым, што вы разам, што вы ёсць адзін у аднаго, што вы – адна сям’я. Цаніце гэта.

Адчуць усю паўнату радасці Божага Нараджэння, напэўна, можна толькі з чыстым падрыхтаваным да сустрэчы з Езусам сэрцам. Не збірайце крыўды – вучыцеся прабачаць. Навошта вам з сабой насіць непад’ёмны мех крыўд­камення? Вось убачыце, як толькі даруеце крыўдзіцелю і адпусціце сваю цяжкую ношу – на душы адразу стане лёгка і светла.

Старайцеся думаць не толькі пра сябе, але і пра людзей, якія з вамі побач. Перш, чым зрабіць балюча чалавеку, успомніце, што ў такой сітуацыі адчувалі вы. Параніць можна словам за некалькі секунд, а шнары ў чалавека будуць гаіцца гадамі.

Людзі недасканалыя, кожны са сваім характарам і звычкамі. Калі бачыце, што чалавеку дрэнна, лепш дапамажыце, а не лезце ў душу з распытамі, што здарылася, як і чаму. Для таго, каб быць лепшым – трэба шмат працаваць над сабой.

Бога людзі ўспамінаюць у складаныя ці крызісныя моманты жыцця, часта нечага просяць, а не дзякуюць, хоць больш за дзве тысячы гадоў таму ў адным доме не знайшлося куточка для Маці Божай і Юзафа. Памятайце: мяняцца і нешта змяняць ніколі не позна. У думках запытайце ў Дзіцяткі Езуса: «Чым я магу табе дапамагчы, Маленькі?» Аддаючы – мы атрымліваем.

Усім вернікам шчыра дзякую за адкрытасць сэрцаў, за дапамогу, за той шлях, якія мы прайшлі разам і які яшчэ чакае нас наперадзе.

Жадаю, каб у вігілійны вечар радасць Божага Нараджэння пасялілася ў кожным доме і ў кожнай сям’і. Няхай Дзіцятка Езус адорвае кожнага з вас благаславеннем, добрым здароўем і патрэбнымі ласкамі ў надыходзячым Новым годзе.
Текст:
Фото: Алёна Ганулич