В нацистской Германии книги жгли. У нас – выбрасывают

08:25 / 17.12.2019
У Берліне на плошчы Бебельплац ёсць адзін з самых незвычайных у свеце мемарыялаў – помнік спаленым кнігам. Ён уяўляе сабой невялікі шкляны квадрат у брусчатцы, праз які, як праз акно, у глыбіні віднеюцца пустыя кніжныя паліцы.

1.jpg

Вялікі нямецкі паэт Генрых Гейнэ сказаў тады трагічна-прарочую фразу «Там, дзе паляць кнігі, затым пачнуць паліць і людзей». Усе мы ведаем, што неўзабаве так і адбылося: дымам і попелам у фашысцкіх канцэнтрацыйных лагерах сталі тысячы людзей.

...Цяпер кнігі не паляць. Іх проста выкідваюць – у макулатуру ці на сметнік.

Магчыма, гэта можна было б зразумець, калі б такі лёс напаткаў творы графаманаў, якія, зарыфмаваўшы аднойчы «кроў-любоў», лічаць сябе вялікімі паэтамі, праўдамі і няпраўдамі імкнуцца ўвекавечыць сябе і свае «бессмяротныя творы» ў друкаваных літарах. Зрабіць гэта зараз усім не складана: плаці грошы выдавецтву, атрымлівай зборнік – і станавіся «пісьменнікам».

Але ж у сметніцу ляцяць не толькі гэтыя «матылькі-аднадзёнкі», выдадзеныя дзеля задавальнення амбіцый саміх аўтараў і іх радні, але і творы класікаў, у тым ліку і тыя, што гарэлі ў свой час у Германіі.

І, калі перафразіраваць вышэйузгаданую цытату Гейнэ, то можна сказаць: там, дзе выкідваюць кнігі, затым пачнуць выкідваць людзей.

Ужо выкідваюць!

Выкідваюць дзяцей. У лепшым выпадку адмаўляюцца іх нараджаць – бо гэта ж столькі клопатаў і выдаткаў, а хочацца, пакуль маладыя, пажыць для сябе. А ў горшым выпадку выкідваюць дзяцей фізічна, перакладваючы на плечы дзяржавы ці іншых людзей клопат пра іх утрыманне. Ці нават пакідаючы непажаданую абузу каля той жа сметніцы – у СМІ нямала такіх паведамленняў.

Выкідваюць старых, аддаючы нямоглых бацькоў у спецыяльныя пансіянаты ці проста забываючыся пра іх існаванне да таго часу, пакуль тэлеграма не пакліча ў родны дом праводзіць тых, хто даў жыццё, у апошні шлях і, самае галоўнае, падзяліць спадчыну.

Выкідваюць тых, каму ўчора прызнаваліся ў вечным каханні, без шкадавання мяняючы іх на маладзейшых, прыгажэйшых, багацейшых.

І спальванне кніг мне здаецца нават менш небяспечным, чым іх выкідванне. Бо нацысты, што распальвалі вогнішчы з твораў Эрых Марыі Рэмарк, Генрыха Манна, Карла Маркса і дзясяткаў іншых аўтараў,  цудоўна разумелі, што яны робяць і якія кнігі кідаюць у полымя, якую патэнцыяльную небяспеку ідэі гуманістаў, эканамістаў, пацыфістаў могуць нанесці нацысцкім ідэям.

Тыя ж, хто сёння выкідвае кнігі, нават не ведаюць, хто іх напісаў, пра што яны – ім усё роўна. Яны кніг не чытаюць. Куды лягчэй паглядзець чарговую шматсерыйную мыльна-агрэсіўную жуйку ці завіснуць у камп’ютарнай «тыцкалцы». Лягчэй – бо не трэба думаць. Прасцей – бо не варта напружвацца. Зручней – можна ляжаць на канапе і нават не перагортваць старонкі.

Але не намі сказана: «Не бойся сяброў – у горшым выпадку яны могуць табе здрадзіць. Не бойся ворагаў – у горшым выпадку яны могуць цябе забіць. Бойся раўнадушных: яны не здраджваюць і не забіваюць, але з іх маўклівай згоды адбываюцца на зямлі здрады і забойствы».

Дзякаваць Богу, такія не ўсе. І кнігі чытаюць і цяпер. І пішуць. І кнігаманы засталіся не толькі сярод людзей старэйшага пакалення. Тое, што моладзь чытае часцей за ўсё не папяровыя кніжкі, а электронныя ці ўвогуле слухае іх аўдыёварыянты, і што гэта часцей за ўсё не тыя творы, за якімі ночы навылёт не спалі іх бацькі, не робяць меншай каштоўнасць кнігі як такой, а працэс яе чытання – менш карысным і захапляльным.

І таму верыцца, што не ўсё яшчэ страчана. І што меў рацыю той невядомы чалавек, які сказаў: тыя, хто чытае кнігі, заўсёды будуць кіраваць тымі, хто глядзіць тэлевізар.

…А калі не, то зноў могуць запалаць вогнішчы – спачатку з кніг, а потым і з людзей.

Текст: Нина Рыбик