Точки соприкосновения церкви и государства

12:03 / 14.12.2019
Жанчына прыйшла ў бальніцу з цвёрдым намерам перарваць незапланаваную цяжарнасць. Ёй нічога не перашкаджала нарадзіць другое дзіця, і яна нават збіралася гэта зрабіць – але пазней. Жанчына толькі выйшла з дэкрэтнага, ёй прапанавалі новую цікавую работу, з павышэннем і добрай зарплатай. Урэшце, яна проста стамілася быць хатняй  гаспадыняй – гэта самая няўдзячная справа! Усе аргументы доктара разбіваліся аб яе непрабівальнае «Мне не патрэбны вашы лекцыі, адзінае, што я прашу – накіраванне на аборт!» Урач амаль здалася і паабяцала задаволіць просьбу пацыенткі – але толькі пасля таго, як тая пагутарыць са святаром…

…Сёння гэтая жанчына часта прыходзіць у царкву. Заўсёды, калі падносіць да прычасця маленькую дачушку, ледзь чутна, аднымі вуснамі, шэпча «Дзякуй…» – і бацюшка, які ў свой час дзве гадзіны пераконваў жанчыну не браць на душу смяротны грэх, разумее каму і за што дзякуе гэтая жанчына. Сёння ёй страшна ўявіць, што яна магла, ды што там – хацела! – пазбавіць жыцця гэты камячок радасці, светлы праменьчык шчасця.


– Падобны выпадак неадзін­кавы, – говорыць благачынны Астравецкага благачыння айцец Георгій Савіцкі. – У пытаннях захавання жанчынамі цяжарнасці мы працуем у цесным узаемадзеянні з цэнтральнай бальніцай і, у прыватнасці, з урачом­гінеколагам Наталляй Івашкай. Разам нам удалося не адну жанчыну засцерагчы ад неабдуманага рашэння. І многім маладым людзям растлумачыць, што галоўнае – не работа, грошы, кар’ера, а жыццё, маральныя і сямейныя каштоўнасці. Наша сумесная выстаўка па гэтай тэматыцы не першы год падарожнічае па школахвоінскіх часцях, каб паказаць маладым людзям, якія толькі ўваходзяць у дарослае жыццё, у чым галоўнае багацце чалавека.

1.jpg



Гэты сумесны праект астравецкай праваслаўнай царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла і раённай бальніцы – толькі адзін накірунак цеснага супрацоўніцтва духоўных і свецкіх устаноў.

– Так, юрыдычна царква аддзелена ад дзяржавы, – гаворыць айцец Георгій. – Але як можна аддзяліць душу чалавека ад яго мозгу ці рук? Як раздзяліць асобу, да прыкладу, настаўніка, урача, дзяржаўнага чыноўніка, будаўніка АЭС – і пры гэтым веруючага хрысціяніна? Калі ён з Богам у душы выконвае службовыя абавязкі, то і праца ў яго спорыцца, і вынік яе адпаведны, тады добра і царкве, і дзяржаве, а галоўнае – самому чалавеку. Ніякага супярэчання паміж свецкімі і царкоўнымі законамі няма. Мы выконваем адну агульную задачу: выхоўваем нашых людзей дастойнымі  хрысціянамі і грамадзянамі сваёй краіны.

Ва ўсіх важных свецкіх святах удзельнічае і царква. Скажам, раённыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі і Дню вызвалення, пачынаюцца з ліціі па загінулых ад рук ворага, якая служыцца ва ўсіх храмах.

Нядаўна прайшоў дабрачынны канцэрт, прысвечаны Дню інвалідаў, – і ў ім, як і заўсёды, актыўны ўдзел прыняў айцец Георгій Савіцкі, прычым прыйшоў святар не толькі са сваімі мудрымі настаўленнямі, але і з матэрыяльнай дапамогай.

На Каляды на ёлку ў царкву запрашаюць выхаванцаў Варнянскага сацыяльнага прытулку – а потым да іх у госці едуць наведвальнікі нядзельнай школы. Да выхаванцаў карэкцыйнага цэнтра падчас калядных святаў завітвае сапраўдная батлейка – трэба бачыць, як захоплена малышы глядзяць лялечныя прадстаўленні!

Стала ўжо традыцыяй, што пасля Вялікадня айцец Георгій сумесна з рэдакцыяй «Астравецкай праўды» наведвае пацыентаў аддзялення сястрынскага догляду Міхалішкаўскай бальніцы, прывозячы ім велікодныя яйкі, кулічы, падарункі і пачастункі – і мудрае слова святара.

Часты госць айцец Георгій і ў воінскіх часцях.

11.jpg



– Маладыя хлопцы, пакуль служаць, знаходзяцца ў «цісках» строгай дысцыпліны – і часам пасля дэмабілізацыі пачынаюць «адрывацца», не ведаючы меры. І ўсё можа закончыцца вельмі дрэнна, бо лёс свой можна паламаць лёгка, а вось вярнуцца на ісцінны шлях часам бывае вельмі складана, – гаворыць айцец Георгій. – Таму ў гутарках з ваеннаслужачымі стараюся расказваць ім пра сапраўдныя каштоўнасці, прывесці пера­канаўчыя прыклады, каб юнакі зразумелі, што дэмабілізацыяй з арміі жыццё не заканчваецца і не пачынаецца – кожны яго дзень трэба пражыць дастойна, з Богам.

Супрацоўніцтва дзяржавы і царквы адбываецца ў многіх накірунках: ахове здароўя, выхаванні падрастаючага пака­лення. І яно накіравана на выкананне самай галоўнай мэты – ахову духоўнай бяспекі дзяржавы, а гэта немагчыма без выхавання ў кожным чалавеку патрыятызму і гуманізму, захавання маральных каштоўнасцей у грамадстве.
Текст: Нина Рыбик