У сярэдняй школе №1 г.Астраўца прайшоў прадметны тыдзень

16:43 / 03.12.2019

Рашаць, сачыняць, спяваць, майстраваць, маляваць, фантазіраваць, прапаноўваць ідэі, іграць у інсцэніроўках – малышы пачатковых класаў выбіралі заняткі па душы, самыя кемлівыя і актыўныя атрымлівалі падарункі.

У дзень творчасці для юных мастакоў працавала майстэрня «Чароўны пэндзлік», дзе вучням прапанавалі павучыцца розным тэхнікам выяўленчага мастацтва, а таксама паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў.

2.jpg

Знаўцы рускай мовы і літаратуры сталі актыўнымі ўдзельнікамі адпаведнага тэматычнага дня. Пазнавальна-забаўляльныя мерапрыемствы былі разнастайнымі: хочаш да тэатральнай пастаноўкі далучайся, хочаш рабі ілюстрацыі да казак, спрабуй кемлівасць у разгадванні рэбусаў, шарад, крыжаванак, гуляй у моўную віктарыну.

Маленькія аматары дакладных навук былі на вышыні ў дзень матэматыкі. «Ажывіўшы» лічбы ў малюнках, дзеці ўпрыгожылі імі фае школы; праз конкурсы і незвычайныя заданні ўпэўнівалі, што матэматыка не сумная навука, а вельмі цікавая і нават вясёлая.

Пра загадкі і цікавосткі жывёльнага і расліннага свету вучні даведваліся падчас дня прыроды.

Прадметны тыдзень не даў поўнага ўяўлення пра ўсе бакі навукі і творчасці, але стаў добрым штуршком для самастойнага спасціжэння загадак і адкрыццяў.

Вольга НІКАЛАЙКАВА,
СШ №1 г. Астраўца

Текст: Главный администратор