Перамога хору "Польскае рэха Астраўца"

15:18 / 02.06.2011
Яшчэ адну перамогу паклалі ў сваю капілку творчых дасягненняў удзельнікі хору “Польскае рэха Астраўца” (кіраўнік – Алена Такарчук).

Адно з самых прыгожых музычных святаў Гродзеншчыны – фестываль паланэзу – адбыўся нядаўна ў Слоніме. Трэці раз у ім прыняў удзел калектыў самадзейных спевакоў Астравецкага аддзялення Саюза палякаў на Беларусі. Паланэз “Старажытныя часы” ў выкананні хору “Польскае рэха Астраўца” публіка сустрэла вельмі цёпла і аддзячыла харыстам дружнымі апладысментамі. Годна ацаніла выступленне астраўчан і міжнароднае журы, прысудзіўшы нашым артыстам трэцяе месца. У выніку на ўмоўнай ганаровай дошцы калектыву да атрыманых раней узнагарод дадаліся новыя: дыплом фестывалю ІІІ ступені і памятны падарунак – насценны гадзіннік.
Хаця, як лічаць самі ўдзельнікі хору, даражэй за ўсялякія ўзнагароды зносіны з аднадумцамі, гэткімі ж, як яны самі, аматарамі польскай песні з Беларусі, Польшчы і Літвы.


Ганна ЧАКУР.