Пять тысяч рублей выиграла в «Суперлото» жительница Страчанки

08:28 / 20.11.2019

«Не было бы шчасця, ды няшчасце дапамагло» – гэта прымаўка цудоўна дапасуецца да шчаслівага выпадку, які паслаў лёс Марыне Трыбоцкай з аграгарадка Страчанка. У жніўні яе мама зламала руку, пералом складаны, трэба было ехаць у Гродна. Збіраючы маму, Марына забегла ў «Белаграпрамбанк», каб памяняць грошы. Аператар прапанавала купіць білет «Суперлато». Кліентка доўга і ўпарта аднеквалася: грошы патрэбны, не выйгравала ніколі і ўвогуле – не з яе шчасцем… Але аператар была яшчэ больш настойлівай – і ўгаварыла дзяўчыну. А наўздагон яшчэ і крыкнула прарочыя словы: «На гэты раз абавязкова пашанцуе!».

0.jpg

Марына за штодзённымі клопатамі нават забылася праверыць білет у дзень розыгрышу латарэі і толькі назаўтра, калі пачула, што ў фінал выйшлі 4 білеты і адзін з іх з Гродзенскай вобласці, сэрца ёкнула: яна кінулася адматваць назад тэлепраграму, каб паглядзець перадачу. Калі назвалі яе серыю білета, адчула сябе як на іншай планеце, разгубілася так, што не магла ўключыць камп’ютар! На дапамогу прыбеглі дачушкі, уключылі – і пераканаліся, што сапраўды латарэйнае шчасце завітала ў іх сям’ю. Суседзі, саслужыўцы, ды і ўсе знаёмыя парадаваліся за Марыну: «Пашкадаваў Бог дзяўчыну – нялёгка ёй адной дзетак падымаць».

МАрына-латарэя.jpg

З групай падтрымкі:  Віктар Паўлоўскі і  Аксана Паўлоўская

Шостага лістапада шчаслівая ўладальніца шчаслівага білета атрымала ў Мінску выйгрыш – пяць тысяч рублёў. На пытанне, як збіраецца патраціць нечаканыя грошы, Марына з усмешкай адказала:

1.jpg

Марына Трыбоцкая з вядучай тэлеканала «Беларусь-2»

– Было б што траціць… На ўсе патрэбы яшчэ і не хопіць. Адно вырашыла дакладна: у першую чаргу трэба падзякаваць Богу за гэты падарунак – зраблю пасільную інвестыцыю шматпакутнаму Клюшчанскаму касцёлу, парафіянкай якога з’яўляюся. Хацела б падзякаваць і жанчыне-аператару, якая ўгаварыла купіць білецік, – але, на жаль, не ведаю яе прозвішча. А яшчэ хачу сказаць усім людзям: верце ў сваю ўдачу. І няхай шчасціць усім!



Текст: Главный администратор