Пошукі лепшага жыцця прывялі Леаніда Бараноўскага на Астравеччыну
11:21 / 17.11.2019
– З жонкай мы працавалі ў адным з калгасаў Ашмянскага раёна. Пакрысе зарплаты сталі рэзаць, потым затрымліваць – словам, жыцця не было. А дзе працаваць, як не ў сельскай гаспадарцы? – разважае мужчына. – На сямейным савеце вырашылі пераязджаць на Астравеччыну, тым больш, дзеці ўжо выраслі. Перабраліся ў Міхалішкі. Жонка пайшла працаваць даяркай на ферму – праўда, цяпер яна санітарка ў бальніцы, а я пайшоў на трактар. Нам далі калгасны дом, газ падведзены, усе выгоды ёсць. Чым дрэнна?
Леанід Бараноўскі працуе на пагрузчыку «Амкадор-352». Кожнае лета ён трамбуе зялёную масу ў сянажна-сіласных траншэях, а зімой грузіць арганіку.
– Ці сталі за гэты час Міхалішкі роднымі? – перапытвае мужчына. – Ведаеце, калі пераязджалі, перажывалі: ці прыжывёмся, ці спадабаецца нам тут? А ўсё склалася найлепшым чынам. Сын служыць у арміі. Тры дачушкі ўжо замужам. Маю двух унукаў – Максіма і Арцёмку. Калі дзеці прыязджаюць да нас у госці, не могуць налюбавацца прыгажосцю мясцовых краявідаў: і Вілія побач, і лес пад бокам.