Семінар па пытаннях міжнацыянальных адносін і рэлігій прайшоў у Астраўцы

18:09 / 23.05.2011

Здаўна на Астравеччыне мірна суіснуюць, разам жывуць, працуюць і выхоўваюць дзяцей беларусы, рускія, палякі, літоўцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. І таму  чарговую калегію апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей было вырашана правесці ў нас.
Нядаўна ў Астравец завіталі Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Паўлавіч Гуляка і супрацоўнікі яго апарата, начальнікі аддзелаў па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкамаў, прадстаўнікі Гродзенскага  аблвыканкама, намеснікі старшынь гарадскіх і раённых выканкамаў па ідэалагічнай рабоце і начальнікі аддзелаў  ідэалагічнай работы вобласці.


Як заўважыў пры адкрыцці мерапрыемства Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей  Л.П. Гуляка, на Гродзеншчыне падобныя семінары праводзяцца не першы раз і  сённяшні павінен стаць карысным і запамінальным для ўсіх.
Так і атрымалася.  За дзень, што госці правялі ў нашым раёне, яны змаглі сустрэцца з цікавымі людзьмі, наведаць прыгожыя мясціны Астравеччыны, пазнаёміцца з вопытам  работы па пытаннях міжнацыянальных адносін і рэлігій і падзяліцца сваімі планамі і напрацоўкамі.
План работы семінара быў распрацаваны такім чынам, што першая яго частка прайшла ў вялікай зале райвыканкама. Пасля адкрыцця мерапрыемства гасцей прывітаў старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька, які  коратка ахарактарызаваў раён, спыніўся на нашых поспехах і дасягненнях і падзяліўся планамі на будучыню. Дарэчы, Адам Дзмітрыевіч суправаджаў гасцей увесь дзень, таму змог адказаць на ўсе пытанні, якія часам узнікалі падчас падарожжа.
Акрамя таго гасцям быў прапанаваны прагляд фільма-прэзентацыі “Астравецкі раён”.
Пленарная  частка семінара ў асноўным складалася з дакладаў, якія вызначаліся сваёй пазнавальнасцю. Начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Гродзенскага аблвыканкама Ігар Андрэевіч Папоў расказаў пра работу органаў выканаўчай улады вобласці па забеспячэнню правоў прадстаўнікоў нацыянальных супольнасцей на нацыянальна-культурнае развіццё.
Судакладчыкам Ігара Андрэевіча выступіў намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Уладзімір Барысавіч Ламека. Ён расказаў пра сітуацыю з нацыянальнымі аб’яднаннямі, якая складваецца ў нашай краіне, пра добрыя ўзаемаадносіны і лад. І больш падрабязна  спыніўся на выніках рэспубліканскага конкурсу сярод сродкаў масавай інфармацыі на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжкультурнага дыялогу і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой.
– Сярод 38 заявак, якія былі пададзены на конкурс, 17 накіравана з Гродзенскай вобласці. І гэты факт можа быць прыкладам для іншых абласцей, – заўважыў Уладзімір Барысавіч.
Дарэчы, наша раённая газета  таксама не раз станавілася пераможцам і прызёрам у гэтым конкурсе. І сёлета “Астравецкая праўда” таксама была ўзнагароджана пахвальнай граматай, а наш журналіст Ганна Чакур – Дыпломам ІІІ ступені.
Начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі міністэрства адукацыі Юрый Ігаравіч Гладкоў у сваім выступленні спыніўся на пытаннях адукацыі і паведаміў пра сітуацыю з вывучэннем нацыянальных моў меншасцей у школах. Намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла расказаў пра літоўскую і польскую суполкі, іх справы і падтрымку, якую ім аказвае райвыканкам.  Аляксандр Анатольевіч Саванец, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама, гаварыў  пра цыганскія сем’і, што пражываюць у раёне, іх традыцыі і культуру. А  намеснік старшыні Іўеўскага райвыканкама Аляксандр Веніямінавіч Чарняк – пра “маленькі Іерусалім”: менавіта так называюць Іўеўскі раён,  пра музей нацыянальных культур, які быў адкрыты ў Іўі некалькі гадоў таму.   Слова для выступлення было прадастаўлена  начальніку аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Мінскага гарвыканкама Але Мікалаеўне Рабіцавай, якая расказала  пра стан міжнацыянальных адносін у сталіцы.
Пасля прыняцця рашэння калегіі    пачалася самая ўрачыстая частка – узнагароджванне за актыўную, плённую і шматгадовую работу.  Сярод узнагароджаных Ганаровай граматай Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей – старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Старшыня раённага  аддзела грамадскага аб’яднання  “Саюз палякаў на Беларусі” Тарэса Мацвееўна Мароз атрымала ў падарунак для польскага хору  чатыры новыя касцюмы. А начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Гродзенскага аблвыканкама  Ігар Андрэевіч  Папоў уручыў ёй падзячнае пісьмо абласнога Савета дэпутатаў. Ганаровую  грамату Гродзенскага аблвыканкама атрымаў В.З. Свіла. І ў сваю чаргу таксама ўручыў падзячнае пісьмо Астравецкага раённага Савета дэпутатаў Таццяне Мікалаеўне Букель, галоўнаму спецыялісту ідэалагічнага аддзела райвыканкама.


У кінаканцэртнай зале “Астравец” гасцей хлебам-соллю і песнямі віталі Тарэса Мароз і хор “Польскае рэха Астраўца”. А ў фае разгарнулася выстава карцін Бірутэ Куцкайтэ і вырабаў народных умельцаў Астравеччыны, арганізаваная аддзелам культуры. Усім прыйшліся даспадобы вырабы з саломкі, зробленыя рукамі астравецкай майстрыхі Валянціны Вільеўны Віннічак, вышыўка і роспіс па шкле маладога майстра Веранікі Занько і іншыя.
А ў самой зале гасцей чакаў цудоўны канцэрт. Тут кіраўнік факультатыва “Вывучаем польскую мову” Марыя Карлаўна Васілёнак, якая за час работы ў Гудагайскай школе навучыла польскай мове не адну сотню хлопчыкаў і дзяўчынак, расказала пра сваю дзейнасць. А затым юныя артысты прадэманстравалі  некалькі канцэртных нумароў – і як паказала выступленне-прэзентацыя, атрымліваецца гэта ў настаўніцы і яе выхаванцаў выдатна.



Тарэса Мароз расказала пра дзейнасць свайго аддзела з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі, яна зрабіла прысутных сведкамі  ўсіх спраў, якім займаецца раённы аддзел “Саюза палякаў на Беларусі”. А потым “Польскае рэха Астраўца” прадэманстравала свой высокі выканаўчы ўзровень. Напрыканцы выступлення Тарэса Мароз уручыла гасцям памятныя падарункі.
Выхаванцы Астравецкага цэнтра пазашкольнай работы – удзельніцы гуртка “Сольныя спевы” цудоўна выканалі песеньку на польскай мове, а дзяўчаты з танцавальнага калектыву “Нон-стоп” прадэманстравалі “Залаты вернісаж”. Удзячныя апладысменты былі адрасаваны і танцорам Руслану Юргелянцу і Максіму Валканоўскаму.
У інфармацыйным цэнтры Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі ўсе змаглі даведацца пра прынцыпы работы будучай беларускай АЭС, ступені яе абароны і тэрмін эксплуатацыі. Была ва ўдзельнікаў семінара магчымасць зрабіць  гістарычны фотаздымак на стартавай пляцоўцы будучай АЭС.
Наступным пунктам прыпынку стаў аграгарадок Гервяты. Пабываць у Гервятах і не наведаць храм Святой Тройцы проста немагчыма. Тым больш, што тэма семінара якраз адпавядала гэтаму. Спрадвеку ў Гервятах жылі людзі розных нацыянальнасцей – беларусы, літоўцы, палякі, рускія, украінцы… І зусім не дзіўна, што ёсць змешаныя шлюбы і абавязкова святкуюцца агульныя святы. І таму моляцца, бяруць шлюб, хрысцяць дзяцей тут на трох мовах – беларускай, польскай, літоўскай.
Тут гасцей ужо чакалі ксёндз Леанід Нясцюк і старшыня міжнароднага клуба “Гервечай” Альфонсас Аўгуліс. Пасля экскурсіі па прыкасцельнай тэрыторыі ўсе змаглі акунуцца ў прахалоду, якая панавала ўнутры касцёла. Госці  былі ўражаны не толькі дзіўнымі раслінамі, прыгажосцю і дагледжанасцю тэрыторыі і велічнага храма, але і  новымі варотамі, што нядаўна былі ўстаноўлены ў касцёле, тым больш, што зроблены яны ў нас, у Беларусі. А ў касцёле Леанід Нясцюк распавёў пра прыход, сваім думкамі падзяліўся таксама старшыня міжнароднага клуба “Гервечай” Альфонсас Аўгуліс. 
– Тое, што ў нас ёсць такі цудоўны храм – заслуга ўсіх людзей. Толькі агульнымі намаганнямі можна стварыць цудоўнае. Вера – гэта  тое, што, нягледзячы на нацыянальнасць і веравызнанне, аб’ядноўвае ўсіх нас і дае нам любоў, – падкрэсліў Леанід Нясцюк.
Напрыканцы сустрэчы Леанід Паўлавіч Гуляка за шматгадовую плённую працу ўзнагародзіў Ганаровай граматай і падарункам ксяндза Леаніда Несцюка.



А потым госці накіраваліся ў Рымдзюны. Тут пад адным дахам размешчаны дзве школы – з літоўскай і беларускай мовамі навучання, і цэнтр культуры,  адукацыі і інфармацыі.  І тут гасцей таксама сустракалі хлебам-соллю і віталі на дзвюх мовах – беларускай і літоўскай.  Пасля экскурсіі па школах усе перамясціліся ў цэнтр – наведалі бібліятэку і чытальную залу, музей, дзе ўдзельніцы фальклорнага ансамбля “Жылвіціс” не толькі цудоўна  спявалі, але і запрасілі ўсіх на сумесны танец. 
А падвядзенне вынікаў пасяджэння прайшло ў зале Рымдзюнскага цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі. Пра тое, што ўдзельнікі калегіі засталіся задаволенымі ўбачаным і пачутым, сведчылі і словы Леаніда Паўлавіча Гулякі, і гарачыя апладысменты, якімі напоўнілася зала ў знак удзячнасці.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.