Музей Падольскай сярэдняй школы «Дарога лёну»

13:49 / 08.11.2019
410
Падольская СШ адліч­вае сваю гісторыю з  1977 года. Яе асаблі­васць у тым, што палова настаўнікаў тут са сваіх – так сказаць, мясцовай гадоўлі – тут яны вучыліся, сюды ж вярнуліся працаваць.

Па дарозе лёну

Сярод такіх – дырэктар Іван Сухарэўскі, які скончыў школу ў 1979 годзе, а падчас навучання паспеў папрацаваць і на яе будаўніцтве,  і на добраўпарадкаванні тэрыторыі.

IMG_6596.jpg

ПАЧАТАК

Менавіта тады, у далёкім 1977 годзе, і была закла­дзена аснова для стварэння адной з сённяшніх  славутасцей установы – музея «Дарога лёну», які размяшчаецца ў двух пакоях. 

У першым  адлюстраваны   працэс з’яўлення тканых вырабаў – ад  вырошчвання расліны і  яе апрацоўкі да ткання.

Гісторыя гэтай часткі музея  цікавая і значная – нездарма ж у  80-я гады школьная музейная экспазіцыя пабывала ў Маскве на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (знакамітай ВДНГ). Ды што там пабывала! Атрымала залаты медаль! 

– Цяпер складана падтрым­ліваць ткацкія станкі ў  рабочым стане, – расказвае дырэктар школы. – Адыходзяць у нябыт людзі, якія займаліся ткацтвам. Ды і час цяпер іншы.

IMG_6602.jpg



Іван Францавіч падыходзіць да кроснаў і  ўспамінае, як у яго дзя­цінстве  зімой, калі работы ў жанчын было менш,  амаль у кожным доме ў самым вялікім пакоі ставілі кросны – іх прыносілі з гарышча – і пачыналася праца. А разам з ёй ліліся  размовы і песні.  

IMG_6580.jpg



З тых  часоў у музеі захавалася мноства саматканых рэчаў – іх перадавалі з пакалення ў пакаленне, а потым аддалі ў школу. І тут у саматканых абрусоў, ручнікоў і дываноў пачалося новае жыццё. 

IMG_6600.jpg



– Музей не пустуе: тут праходзяць экскурсіі – для нашых навучэнцаў, прыязджаюць дзеці  з іншых школ, – расказвае Іван Сухарэўскі. – Была нават прапанова зрабіць музей народным, толькі пакуль што яна так і засталася прапановай.

Гістарычнымі сцежкамі 

– Калі ў школе з’явілася вольнае памяшканне, мы вырашылі пашырыць музей, – расказвае дырэктар Падольскага НПК. 

– У ім змясцілі матэрыялы і экспанаты, якія расказваюць пра гісторыю мясцовасці, школы і лёс нашых знакамітых землякоў. Ёсць тут экспазіцыі, прысвечаныя  Казіміру Сваяку і Станіславу Валодзьку.  Палову памяшкання займае гісторыка-этнаграфічная частка.

IMG_6585.jpg



І калі «Дарога лёну» ўтрым­лівае каштоўныя экспанаты – некаторым ручнікам і дыванам не адзін дзясятак гадоў і наўрад ці дзе яшчэ знойдзеш такія экзэмпляры, то  ў другой яго частцы сабраны самыя звычайныя рэчы, якімі карысталіся нашы дзядулі і бабулі. Сёння, праўда, большасць з іх ужо выйшла з ужытку. Тут жа, у музеі, рэчы сталі гісторыяй, якую з задавальненнем вывучаюць школьнікі.

IMG_6579.jpg



– Напрыклад, гэтыя драўляныя калёсы – абсалютна новыя,  яны нават не акаваныя, – дэманструе Іван Францавіч каштоўны экспанат. –  Але ж ручная работа! Для дзяцей гэта сапраўдны цуд! Дзе яны яшчэ  такое ўбачаць!

IMG_6597.jpg



– Ці керагаз! Школьнікі сёння нават  не ведаюць,  што такое газа і дзе яна выкарыстоўваецца, – расказвае дырэктар школы, паказваючы яшчэ адзін прадмет. 

Пачэснае месца на сценах музейнага пакоя занялі вышытыя вясковымі жанчынамі карціны – калісьці яны ўпрыгожвалі сцены дамоў, а цяпер  «расказваюць» дзецям гісторыю мінулага стагоддзя.

– У нашым музеі шмат рэчаў.  І кожная з іх мае сваю каштоў­насць. Паглядзіце на гэтыя боты – самаробныя, новенькія, не абуваныя. Мабыць, чакалі для гэтага важнай падставы, так і не дачакаліся, – усміхаецца дырэктар. – Іх шыў мой бацька ў 50-я гады мінулага стагоддзя. Яны нават падбіты драўлянымі цвічкамі. Зразумела,  цяпер месца ім толькі ў нашым  музеі.

Пра кожную рэч Іван Франца­віч можа расказаць цэлую гісторыю: хто прынёс, каму служыла і што сённяшнія школьнікі ведаюць пра яе.

Сярод сабраных у музеі экспанатаў  ёсць і тыя, якія не адзін год верна служылі настаўнікам і вучням. Напрыклад, тэлевізар «Арбіта»,  па якім глядзелі выпускі навін і навукова-практычныя тэлеперадачы, калі мультымедыя і камп’ю­тараў не было, і сёння працуе. Ёсць тут і магнітафон, які  помніць гісторыі кахання юнакоў і дзяўчат на  школьных дыскатэках.

IMG_6598.jpg



Сярод школьных рэчаў – і калекцыя фотаапаратаў. У са­вецкія часы ў школе працаваў фотагурток, была створана  фоталабараторыя з усім неабходным абсталяваннем. Потым штосьці спісалі і выкінулі, а нешта  засталося – і знайшло месца на паліцах школьнага музея.

– Дзеці з задавальненнем сюды прыходзяць і акунаюцца ў даўніну, – расказвае дырэктар школы. – А мы стараемся падтрымліваць у належным стане тое, што сёння маем, і працягваем пошук экспанатаў. 

З музейнага архіва

Газеты

З апошніх экс­па­натаў, якія  з’яві­ліся ў школьным музеі,  – падшыўка газет на польскай мове.  Яе ў Падольцы пры­везлі з Гуда­гая. Поль­ска­­моў­ныя газеты  выпісвала ці купляла бабуля нявесткі Івана Францавіча. 

– Газеты датаваныя  1921 і 1922  гадамі. Паглядзіце,  якая якасць здымкаў – сучаснай газеце, мне здаецца, да гэтага далёка. А калі пачытаць, колькі тут цікавай інфармацыі можна адшукаць!

Фотаздымкі

Асобная гісторыя звяза­на з фотаздымкам, зробленым на  першай  лінейцы. На ёй тэрыторыя школы не добраўпарадкавана, стаіць  зва­рачны апарат, а дзеці ўжо сабраліся на лінейку. 

– А на фотаздымку з перша­клас­нікамі ўвогуле  на заднім плане  стаяць будаўнікі, – дэман­струе Іван Францавіч «далёкіх свед­каў гісторыі». – У 1977 годзе прайшла першая лінейка, але яшчэ гады два мы добраўпарадкавалі школу і яе тэрыторыю.

Падручнікі

Час бяжыць хутка. І тая пер’евая ручка, якой некалі акуратна выводзіў літары ў сшытках дырэктар школы, сёння ўжо гісторыя.  

Важнае месца ў музейным архіве зай­маюць і старыя школьныя падручнікі.

– Гэта цяпер кнігі дзецям выдаюць у школе, а раней іх трэба было набываць самастойна – і перадаваліся яны,  так сказаць,  з пакалення ў пакаленне, – расказвае Іван Францавіч. – Школьнікі гартаюць гэтыя падручнікі і дзіву даюцца. Толькі на такіх прыкладах можна вывучыць гісторыю сваёй малой радзімы.

Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений