Хто ў доме гаспадар

11:14 / 24.10.2019

Разные житейские истории – веселые и грустные, поучительные и «ни о чем» – вы можете присылать нам на обычную (Островец, ул. Энгельса, 2А) или электронную ostrov_red@tut.by почту, воспользовавшись баннером «Предложить новость» на главной странице сайта ostrovets.by в правом нижнем углу или оставив сообщение в группах «Островецкой правды» в социальных сетях.

Ваши истории будут опубликованы на сайте газеты и в социальных сетях, а лучше – напечатаны на страницах «Островецкой правды».

1.jpg


Міхал мужык быў так сабе: маленькі, плюгавенькі, у чарку любіў зазірнуць і да работы не вельмі гарнуўся. Уся гаспадарка трымалася на яго жонцы Гэлі – бабе здаровай, дужай, у якой у руках любая справа гарэла.

Але была ў Міхала адна неаспрэчная ў вясковым жыцці перавага – конь! Вясной, калі трэба было араць гароды і вывозіць гной; летам, калі людзі шукалі, на чым бы прывезці з поля сена і салому; увосень, як разворвалі бульбу, Міхал быў «першы хлопец на вёсцы»: на падворку ў яго з самага рання ледзь не чарга стаяла з суседак-аднавясковак. Працэсам, вядома, кіравала Міхаліха: каму ў першую чаргу дапамагчы, з каго якую плату ўзяць. Але і Міхалу чарка, а то і бутэлька з закуссю перападала – ён жа каня запрагае, за плугам ходзіць, а калі і ворак дапаможа закінуць у драбіны. І ў такія дні Міхал адчуваў сябе героем! У яго – конь, ён – гаспадар, у яго просяць дапамогі.

…Неяк у суседа з нагоды сямейнага свята бяседа сабралася: родзічы, сябры, аднавяскоўцы. Былі запрошаны і Міхал з Міхаліхай. Усё ішло, як мае быць: выпілі, закусілі, паспявалі, пагаманілі. Бабы, якія вечна некуды спяшаюцца, пайшлі па гаспадарцы абыходзіцца, а мужыкі засталіся пры чарцы у карты пагуляць ды пра тое-сёе пагаманіць,.

– Слухай, табе мусіць час дахаты ісці, – неасцярожна параіў адзін з іх Міхалу. – А то як вернецца твая Гэля, дык усім хопіць…

– А што мне Гэля? – зухавата ўзяўся ў бокі Міхал. – Хто ў доме гаспадар? У каго конь у руках? Хто грошы для сям’і зарабляе? І ўвогуле, што тая Гэля без мяне, без майго каня-карміцеля, можа?

І так разышоўся мужык, пераконваючы сяброў, што ён у хаце галоўны, што і не заўважыў, як тыя неяк падазрона прыціхлі. Калі ж згледзеў, азірнуўся – прыкусіў язык. Ды позна было: у дзвярах, ваяўніча склаўшы рукі на грудзях, стаяла жонка.

– Дык, кажаш, гаспадар? – павольна падышла яна да стала. – І жонка табе не ўказ, бо ў цябе конь ёсць? – голас яе гучаў усё больш грозна.

Міхал уціснуў галаву ў плечы і, мармычучы сабе пад нос прабачэнні, чакаў непазбежнага…

– Ну дык вось табе конь! – заляпіла з правай аплявуху каханенькаму-родненькаму жонка. – А вось табе і кабыла! – дадала яна з левай.

А потым падхапіла пад паху мужыка, які ўмомант заліўся крывавай юшкай, і пацягнула яго дахаты, як ворак з бульбай.

У тых, хто застаўся за сталом, тэмы для размоў раптам скончыліся, і яны цішком-бачком, спехам падзякаваўшы гаспадароў, пашыбавалі дахаты.

Тамара РАБІНКІНА



Текст: Главный администратор