Сорок лет за рулем Виктор Козич

11:03 / 27.10.2019

Неяк летам, гуляючы з унучкамі па Астраўцы, Марыя Козіч прыпынілася каля раённай Дошкі гонару.

– Вы тут нікога не пазнаеце? – загадкава спытала бабуля.

Васьмігадовая, шасцігадовая і чатырохгадовая дзяўчынкі разгублена слізгалі вочкамі па партрэтах незнаёмых людзей… Пакуль адна з іх не ўсклікнула:

– Ой, дык гэта ж наш дзед!

– Дзеда! Дзядуля! – кінуліся да знаёмага фотаздымка малодшыя. І давай фатаграфаваць адна адну каля дзедавага партрэта.

…Віктар Іванавіч да гэтага часу знаходзіцца ў лёгкім шоку і недаўменні: чаму менавіта яго партрэт дырэкцыя РУП «Беларуская АЭС» рэкамендавала для занясення на раённую Дошку гонару? На станцыі працуе дзве тысячы работнікаў, і ўсе – спецыялісты, прафесіяналы сваёй справы. А ён усяго толькі вадзіцель аўтобуса, адзін з паўсотні, што працуюць на Беларускай АЭС. Так, адказны, дысцыплінаваны. Так, у яго лексіконе няма слоў «Не буду», «Не мая справа», «У мяне рабочы дзень закончыўся» – але ж такіх шмат. І нават стаж у яго не самы вялікі…

– Можа, па сукупнасці заслуг? – падказваю найбольш верагоднае тлумачэнне.

– Ну хіба што так, – разводзіць рукамі Віктар Козіч.

IMG_0156.jpg

…Ён і сам не можа растлумачыць, чаму яго з дзяцінства так вабілі машыны і дарогі. У іх вялікай сям’і, дзе выхоўвалася шасцёра дзяцей, ніхто не «хварэў» тэхнікай. Акрамя Віктара. Яму падабаўся водар бензіну, ён гатовы быў зранку да вечара круціцца каля аўтамабіляў. І самым любімым прадметам у старэйшых класах для яго была аўтасправа! Вадзіцельскія правы Віктар атрымаў разам з атэстатам сталасці – і, не ганяючыся за сіняй птушкай, адразу ж падаўся ў мясцовы калгас «Чырвоны кастрычнік».

Толькі папрацаваць доўга не давялося – неўзабаве прыйшла позва ў ваенкамат. Служыў ён напачатку ў Расіі, каля Іванава. Але аднойчы, калі да заканчэння службы заставалася ўсяго паўгода, іх паднялі па трывозе... Ішоў 1979 год. Савецкі Саюз прыняў рашэнне аб «дапамозе народу брацкага Афганістана». У адной з першых хваляў савецкіх хлапчукоў, якіх кінулі ў горы і пяскі азіяцкай краіны пад кулі маджахедаў, быў і Віктар Козіч.

– Пра Афганістан нічога не пытайце, – адразу папярэдзіў Віктар Іванавіч. – Нікому не расказваў – і вам не стану. Выбачайце…

Пра тое, дзе служыць, Віктар дахаты не пісаў – не хацеў трывожыць родных. У Смаргонскі раён ужо прыйшла першая цынкавая труна… Напісаў толькі дзяўчыне, якая праводзіла яго ў армію і абяцала чакаць. Адказу не атрымаў. «А можа, так і лепей?» – супакойваў сябе Віктар. Тым больш што перад вачыма ўсё часцей паўставалі сінія, як валошкі ў жыце, вочы аднакласніцы Марыйкі, якую ён неяк у старэйшых класах нават у кіно запрашаў. «З табой і без цябе» – так сімвалічна называўся той фільм. «Толькі б яна была незанятая», – паўтараў ён, як заклінанне…

Так сталася, што праводзіла Віктара ў армію адна дзяўчына – а дачакалася іншая. Вярнуўшыся, ён адразу ж пашыбаваў у Дравянікі, як жартуе цяпер, каб не перахапілі яго Марыйку іншыя.

Праз год Віктар і Марыя пажаніліся. Ён да таго часу ужо працаваў у калгасе вадзіцелем. Маладой сям’і выдзелілі домік у Ліпнішках. А калі пабудавалі двухкватэрныя катэджы ў Малях, тагачасны старшыня калгаса Часлаў Рынкевіч прапанаваў ім перабірацца на цэнтральную сядзібу.

Да таго часу малады вадзіцель ужо зарэкамендаваў сябе добрасумленным і адказным працаўніком, сапраўдным прафесіяналам. Штодня на сваім «ГАЗончыку» ён ездзіў у Мінск – вазіў дэталі, якія выпускалі на мясцовым падсобным цэху, на завод «Інтэграл”. Дэталі тыя ўтрымлівалі каштоўныя металы і патрабавалі асаблівай аховы – вадзіцелю, а па сумяшчальніцтву яшчэ і грузчыку, нават зброю выдавалі. Прымяняць яе, па шчасцю, ніколі не давялося.

– Да таго часу я ўступіў у партыю, і мяне, маладога, сам не разумею, чаму, абралі членам бюро райкама, – успамінае Віктар Іванавіч. – Першы сакратар райкама Лідзія Аркадзьеўна Белабокая неаднойчы гаварыла: «Козіч, паступай у партыйную школу, я з цябе чалавека зраблю». Толькі вось не атрымалася зрабіць з мяне «чалавека».

Зрэшты, чалавек атрымаўся вельмі нават прыстойны. І сёлетняе занясенне партрэта Віктара Козіча на раённую Дошку гонару – не першая і не адзіная адзнака яго працы. У 1988 годзе яго ўзнагародзілі ордэнам Працоўнай Славы І ступені. Захоўваецца ў сямейным архіве і бронзавы медаль ВДНГ СССР, і знакі «За работу без аварый» трэцяй і другой ступеняў – першую атрымаць не паспеў, бо пасля развалу Саюза лепшых вадзіцеляў перасталі адзначаць гэтымі ўзнагародамі. Хоць, як прызнаецца Віктар Іванавіч, за 40 гадоў вадзіцельскага стажу ў яго і сапраўды не было ніводнай аварыі, нават самай найменшай.

Але не ўзнагароды і не кар’ера былі для яго галоўным, а дарога, якой ён захоўвае вернасць на працягу ўсяго жыцця.

А яшчэ – дабрабыт сваёй сям’і. Яму хацелася, каб яго родныя – Марыйка, якую ён лічыць лепшай жанчынай у свеце, галоўнай сваёй удачай у жыцці, іх дзеці – сын і дачка – ні ў чым не адчувалі патрэбы. Дзеля гэтага не шкада было ні часу, ні сіл, ні здароўя.

І таму ў 90-я, калі ў сельскай гаспадарцы ўсё пачало развальвацца, ён пайшоў «дальнабоіць»: там быў рэальны даход, ды яшчэ і звязаны з тым, што ён умеў і любіў больш за ўсё, – вадзіцельствам.

…На фурах ён адпрацаваў амаль 20 гадоў. І нават прыблізна не можа падлічыць, якую адлегласць за гэты час праехаў. Але адно несумненна: планету па экватару абагнуў не раз. І ўсяго хапала ў тых паездках па Еўропе і краінах былога Савецкага Саюза: замярзаў у рэйсах і паліў шыны, каб сагрэцца; спрабаваў дамовіцца з рэкетам, аддаючы апошняе; ішоў на парушэнні рэжыму працы, каб давезці груз, які мог сапсавацца, у тэрмін. Дахаты прыязджаў на пару дзён – і зноў у рэйс.

– Бывала, свята, госці сабраліся, усе за стол садзяцца – а я яму сумку збіраю і дарогу выпраўляю, – успамінае жонка.

А здаралася, што родныя прывозілі яму бялізну і “тармазок” на трасу, ён пераапранаўся – і ехаў далей.

Пакуль аднойчы яго Марыйка, якой многія аднавяскоўцы зайздросцілі – маўляў, добра ёй жывецца, капейкі у магазіне лічыць не даводзіцца, – не сказала:

– Хопіць! Мне муж патрэбен, а не грошы.

І назаўтра ён звольніўся з цяжкай, але, без перабольшання, любімай работы.

– Доўга яшчэ сумаваў: як убачыць фуру на дарозе, у твары мяняецца, – успамінае Марыя Віктараўна.

…Зараз, па ўласным прызнанні, мужчына ўжо супакоіўся. У яго, у параўнанні з папярэднімі, нескладаная работа: адвезці супрацоўнікаў Беларускай АЭС на працу і даставіць іх назад. Віктар Іванавіч задаволены: стабільныя выхадныя, ёсць магчымасць больш часу праводзіць з роднымі, нешта зрабіць па гаспадарцы. У дачкі і сына ўжо свае сем’і, якім бацька дапамог стаць на ногі, абзавесціся сваім жытлом і транпартам. І тры ўнучкі.

– Не, я пакуль не дзед, а толькі муж бабулі: унука ж у мяне пакуль няма! – жартуе Віктар Іванавіч. – Адна надзея на сына: ён, як мужчына, павінен мяне зразумець.


Што ж, жыццё Віктара Козіча ў самым росквіце – і, думаецца, будуць у ім яшчэ розныя машыны, многія кіламетры, унукі і ўнучкі, новыя адзнакі яго працоўных і жыццёвых дасягненняў!

Шчаслівай жыццёвай дарогі, Віктар Іванавіч!

Текст: Нина Рыбик